Выбрать главу

Раздзел 5. Куфэрак

Так прайшоў увесь дзень. Разалі страшна хацелася піць, але яна казала сабе:

— Не, я павінна яшчэ болей пакутаваць у пакаранне за тое, што прымусіла пакутаваць бацьку і прынца. І пакуль мне не споўніцца пятнаццаць гадоў, я нікуды адсюль не пайду.

Пачынала цямнець, калі на дарозе з'явілася старая кабета. Яна падышла да дзяўчынкі і папрасіла:

— Маё мілае дзіцятка, ці не зробіце вы мне такую паслугу і ці не даглядзіце за маім куфэркам? А то ён такі цяжкі, а мне яшчэ трэба зайсці да адной сваячаніцы тут непадалёку.

Разалі была дзяўчынка спагадлівая, і таму адказала:

— Калі ласка, бабулька, пакідайце куфэрак, я за ім дагляджу.

Старая кабета падала ёй куфэрак і сказала:

— Дзякуй, маё мілае дзіцятка. Я пайду ненадоўга. Але вы не адчыняйце куфэрка і не глядзіце, што ў ім, бо там такое... такое, чаго вы не бачылі і ніколі не ўбачыце... Трымайце яго вельмі асцярожна і не стукніце, калі захочаце паставіць на зямлю, бо ён вельмі нетрывалы і можа разламацца... І тады вы ўбачыце, што ў ім ляжыць... А гэтага ніхто не павінен бачыць!

Сказаўшы гэта, старая кабета пайшла. А Разалі акуратна паставіла куфэрак побач з сабой на зямлю і пачала думаць пра ўсё, што з ёй здарылася. Ужо зусім сцямнела, а бабулька ўсё не вярталася. Разалі скінула вокам на куфэрак і са здзіўленнем убачыла, што зямля вакол яго свеціцца.

«Што гэта за святло ідзе з гэтага куфэрка?» — падумала яна.

Яна ўзяла куфэрак у рукі, пакруціла яго, агледзеўшы з усіх бакоў, але так і не зразумела, ад чаго ідзе такі незвычайны бляск. Тады яна паклала яго зноў на зямлю і сказала:

— Якая розніца, што ў ім ляжыць? Ён жа не мой, а той бабулькі, якая мне яго даручыла. Не буду болей пра яго думаць, а то мне захочацца яго адчыніць.

І яна сапраўды перастала на яго глядзець і нават пастаралася болей пра яго не думаць. Заплюшчыўшы вочы, яна вырашыла чакаць новага дня.

— Калі настане дзень і мне споўніцца пятнаццаць гадоў, я зноў убачу Чароўнага прынца і бацьку, і мне болей не трэба будзе баяцца нягоднае варажбіткі.

У тую ж хвіліну Разалі пачула танюткі Мышыны галасок, які насмешліва віскнуў:

— Разалі! Разалі, я тут! Я болей табе не вораг. Каб давесці гэта, я нават магу, калі хочаш, паказаць табе, што ў гэтым куфэрку!

Разалі нічога не адказала.

— Разалі, ты што — не чуеш, што я сказала? — зноў завішчала Мыш. — Я твой сябар! Калі ласка, павер!

Але дзяўчына маўчала.

Тады Мыш, якой трэба было спяшацца, кінулася на куфэрак і пачала грызці ў яго вечка.

— Ах ты нягодніца! — крыкнула Разалі, выдзіраючы куфэрак у Мышы і прыціскаючы яго да грудзей. — Калі ты хоць раз яшчэ да яго дакранешся, я зараз жа скручу табе галаву!

Мыш злосна зірнула на Разалі, але ўгнявіць яе пабаялася. Пакуль яна прыдумляла, як бы распаліць Разаліну цікаўнасць, гадзіннік прабіў паўночы. У тое ж імгненне Мыш страшна завішчала і крыкнула:

— Усё, Разалі, твой дзень нараджэння настаў! Цяпер табе споўнілася пятнаццаць, і ты можаш болей мяне не баяцца. З гэтай хвіліны вы ўжо не залежыце ад маіх чараў, ні ты, ні твой агідны бацька, ні брыдкі прынц. А я назаўжды застануся гадкаю шэраю мышшу, пакуль не здолею завабіць у свае пасткі якую-небудзь іншую такую ж прыгожую дзяўчыну, як ты. Бывай, Разалі! Можаш цяпер адчыніць свой куфэрак.

Сказаўшы гэта, шэрая Мыш знікла. Але Разалі не дала веры варажбіткіным словам і не зрабіла, як тая раіла. Яна вырашыла не адчыняць куфэрка, пакуль не настане дзень. І толькі яна прыняла гэтае рашэнне, як Пугач, што пралятаў над Разалі, выпусціў з лапаў камень і трапіў ім якраз у самы куфэрак. Куфэрак разляцеўся на тысячы кавалкаў! Разалі крыкнула ад жаху і раптам убачыла перад сабой каралеву феяў, якая сказала:

— Не бойцеся, Разалі. Вы нарэшце перамаглі свайго жорсткага ворага, і цяпер я вярну вас да вашага бацькі. Але раней паешце ды папіце.

І чараўніца падала ёй плод, аднаго кавалачка якога Разалі хапіла, каб наталіць і смагу, і голад. У тое ж імгненне перад чараўніцай узнікла калясніца, запрэжаная парай прыгожых, белых у шэрыя яблыкі, коней, яна села ў яе і запрасіла з сабой дзяўчыну.

Апамятаўшыся ад здзіўлення, Разалі шчыра падзякавала чараўніцы за яе апеку і спытала, ці хутка можна будзе ўбачыцца з бацькам і Чароўным прынцам.

— Бацька ўжо чакае вас у палацы ў прынца, — адказала каралева феяў.

— Як? А я думала, што прынцаў палац разбураны, а сам прынц паранены і стаў жабраком.

— Усё гэта было не па-сапраўднаму і было зроблена толькі дзеля таго, каб вы мацней спалохаліся сваёй цікаўнасці і не саступілі ёй трэці раз. А прынцаў палац вы ўбачыце такім, які ён і быў, пакуль вы не падралі покрыва, пад якім хавалася каштоўнае дрэва, прызначанае вам у падарунак.