Дачка. А навошта табе барада? Фі!
Сын. Навошта? Я сёння пачаў бы перадвыбарную кампанію. Я абвясціў бы барацьбу за пасаду прэзідэнта. Э–эх, каб дарвацца мне да ўлады! Я паказаў бы ім, у каго логіка мацнейшая — у дзяцей ці ў дарослых.
Дачка. Фантазёр ты пусты.
Сын. Не толькі фантазёр. Я сур’ёзна рыхтуюся да такой пасады. Бачыш, колькі я чытаю. А каля тэлевізара колькі гібею? Не футбол па двары ганяю. Я маршальскі жэзл хачу ўзяць, імператарскі скіпетр. I вазьму! Логіка жалезная. Дарослыя пастарэюць і пойдуць на пенсію ці пераселяцца ў другое царства. Каму ўлада дастанецца? Дзецям. Толькі дзецям. Гэта значыць — нам! Ну табе, скажам шчыра, яна — як зайцу акваланг. Значыць — мне. Мне!
Дачка. Ух, як грызе цябе слава! Як ты рвешся да славы!
Сын. Грызе! Не адмаўляюся. Але мэта — вялікая, гуманная. Грызе! I яшчэ як! I калі я дарвуся да ўлады, я акружу сябе паэтамі. I яны будуць пець мне славу, асанну. Людовік XIV, каб уславіць сваё цараванне, пачаў абдорваць золатам і дарагімі падарункамі мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў. I яны не аставаліся ў даўгу — славілі караля, яго высокі розум і апісвалі, як цудоўна жывецца народу. Вось так і я зраблю. Веліч палітыкам ствараюць паэты. А калі ўбяруся ў сілу, тады дазволю і сатыру. Сатыра моцных умацоўвае. А слабыя баяцца сатыры, забараняюць яе. Ты правільна прыкмеціла — грызе. А што ты разумееш… (Раптам зразумеў, што не перад тым спавядаецца.) I яшчэ грызе мяне… Цікава, якую ж цацку для дарослых купіў тата на імяніны свайму друту. Давай паглядзім? А?
Дачка. Нядобра гэтак. Без спросу.
Сын. Мы потым загорнем, як было.
Дачка. Я не дазваляю, і ўсё!
Сын. Ты не маеш права ні забараняць мне, ні дазваляць.
Дачка. Малыш! Я тут старэйшая!
Сын. Ну, чаго ты надзьмулася! Старэнькая! Бабуська! (Разгортвае скрутак.)
Дачка (адвярнулася). Гэта непрыстойна.
Сын (сур’ёзна). Я павінен знаць. Я павінен многа знаць, усё знаць. Усе пакуты чалавецтва — ад недахопу інфармацыі. Я не хачу пакутаваць ад недахопу інфармацыі. (Разгарнуў пакунак, здзівіўся.) Ха! Ну і штукенцыя! (Чытае па–англійску.) «Гумавая, надзімная, у натуральны рост…» (Смяецца.) Зараз мы цябе напоўнім. Паветрам.
Сын бярэ помпу і напаўняе цацку для дарослых.
Сястрычка! Глядзі!
Дачка. Мне нецікава. Не буду глядзець.
Малы напампоўвае. Ён ужо спацеў. А перад намі — адна з «жамчужын» цывілізацыі: надзімная гумавая жанчына без ніякай маскіроўкі — галыш. Малы вымае шланг насоса. «Жанчына» зашыпела. Малы затыкае адтуліну, праз якую напампоўваў паветра.
Сын. Не шыпі! Ты яшчэ мне не жонка! (Ставіць ляльку на ногі.) Во ты якая! Сястра! Агляніся ў гневе! (Разглядае ляльку.) Як жа вас завуць, мілэдзі? Эсфір? Сястрычка! Між іншым, усіх жанчын надуваюць. I хто іх толькі не надувае. Дома — дзеці і муж. На службе — падначаленыя. Настаўніц — вучні. Прадаўшчыц — пакупнікі. А ты хто? Што ўсміхаешся? Табе весела? Дурната!
Дачка (крадком павярнулася, глянула. Здзівілася). Як табе не сорамна?
Сын. Мне? А чаму мне, а не дарослым? Яе не я зрабіў.
Дачка (скрозь зубы). Ну, што гэта такое? Як гэта можна? Што гэта, што гэта, што гэта???
Сын (сур’ёзна, не па гадах сур’ёзна). Гэта? Цацка на забаву дарослым.
Дачка. Як ім не брыдка? Як ім не сорам?!
Сын. Чаго ж ім саромецца, калі ў самой Бібліі запісана ім апраўданне.
Дачка. У Бібліі сказана: «Не открывай наготы!»
Сын. А ў другім месцы сказана: «И нашёл я, что горче смерти — женщина, потому что она — сеть, и сердце её — силки, и руки её — оковы; добрый перед богом спасается от неё, а грешннк будет уловлен ею».
Дачка. Брацік! Ты мяне крыўдзіш!
Сын. Я? Я цябе ніколі не пакрыўджу. А вось другія… Падрыхтуйся, сястрычка! Запасайся цярплівасцю. Наперадзе ў цябе многа выпрабаванняў. Жыццё будзе табе прыносіць і гэта (дае ляльцы аплявуху), і гэта (шкуматае, піхае, заціскае пад пахай, цягае, пінае, згінае), і гэта, і гэта… I ты будзеш мірыцца, цярпець. Цябе ветліва будуць запрашаць на танцы, каб і тут прынізіць цябе… тваю асобу. Во так! Модна! Сучасна!