Дзверы былі расчынены. Дзед увайшоў і спыніўся на парозе. Ніяк не адсапецца. Цераз плячо вісяць на лямцы спераду невялічкая сумка, а ззаду — мініяцюрны чамадан. Падняўшыся на трэці паверх, ён хапае паветра, як рыбіна на пяску. Яго ніхто не заўважае.
Дачка. Няўжо яны ніколі не абдымаліся?
Дзед. Было і такое, калі вас не было.
Дачка (шчыра ўзрадавалася). Дзядуля!
Дзед. Ну, што вы аслупянелі? Аслабаніце! Я стары і слабы.
Сын. Ну, я ж казаў — слабаразвіты.
Дачка. Нядобра гэтак пра дзядулю!
Сястра штурхнула брата пад бок. Той бяжыць да дзеда і здымае з пляча чамаданчык і сумку.
Дзед. Ну, цалуйце мяне, кусайце! Кусайце!
Вітаюцца, цалуюцца, абдымаюцца: шчыра, радасна. Асабліва ласкавыя і пяшчотныя ўнук і ўнучка.
Сын. Дзякуй табе, дзядуля!
Дзед. А што здарылася?
Сын. Разбірайся сам. Паназірай. (Уголас.) Дзед, а чаму ты лысы?!
Дзед. Абрыдла валасам пад капелюшом, яны і перасяліліся з галавы ў бараду. На свабоду. Волю нават волас любіць.
Сын. Брава! Брава вольналюбівым валасам!
Мама. Тата! Можа, памыешся з дарогі, ды будзем абедаць?
Дзед. Можна і паабедаць.
Унучка прыносіць чысты ручнік. Мама ідзе на кухню.
Дачка. Дзядуля! Вось табе чысты ручнічок.
Дзед. Вах–вах–вах! Колькі самалётаў! Гэта ўсё твае? Ды яны ж, відаць, і дарагія. Праўда! Колькі каштуе гэты самалёт?
Сын. Спытай у таты. Тут палавіна татавага заробку ляснула.
Дзед (сур’ёзна). Ну і дурні! Хіба можна столькі траціць?
Сын. Не толькі мы, не адны мы столькі трацім.
Дзед. Я і кажу: неразумна так траціць грошы.
Сын. Смела, дзядуля! Занадта смела ты ў мой адрас.
Унучка павяла дзеда мыцца.
Тата. Ты хоць з дзедам будзь далікатнейшы. Не хамі.
Сын. Хочаш ці не хочаш, а трэба. А то як паедзем туды, дык дзед усё прыпомніць.
Тата. Куды паедзеш? Хто паедзе?
Сын. Відаць, і я, і мая сястрычка будзем жыць у дзеда.
Тата. Жы–ыць?
Сын. I вучыцца.
Тата. Што за навіна?
Сын. Мама так сказала.
Тата. Можа, пагасціць, можа, на канікулы?
Сын. Не. Жыць, вучыцца і дыхаць свежым паветрам. Есці свежыя яблыкі, капусту, моркву, піць сырадой! Весяліць дзядулю і бабулю.
Тата. Ну, ты кінь… Я цябе ведаю… Не мялі глупства.
Сын (кліча). Сястрычка!
Прыбягае сястрычка.
Што нам мама сказала? Куды нам трэба ехаць?
Дачка. Да дзедкі і бабкі. На ферму.
Тата. Пагасціць? На канікулы?
Дачка. Не. Жыць, вучыцца і дыхаць свежым паветрам. Есці моркву, піць малако і…
Сын (падказвае). Весяліць дзеда…
Дачка. Так, і весяліць да слёз дзеда і бабку.
Сын. А ты што, супроць такой эміграцыі? Тата!
Тата. Так–так–так… Вось яно як!!!
Сын. Тата, не бядуй. Не гарачыся. Я таксама не забываю пра свае інтарэсы. Мы з сястрычкай можам аб’явіць сядзячую забастоўку.
Уваходзіць мама. Накрывае стол. Ставіць посуд.
Мама. Дачушка! Памагай!
Сын. Мама! Ты павінна пагаварыць з дзядулем пра татавы справы.
Мама. Я нікому нічога не павінна. (З пагрозай.) Але пагаварыць магу. Магу і пагаварыць. Давядзецца!..
Сын. Дзядуля павінен нашаму тату…
Мама. Наш дзядуля нікому не павінен. Усе павінны яму…
Сын. Але тату трэба…
Мама. Ах, тату трэба? Тату твайму шмат чаго трэба…
Тата. Малы! Не прасі, не старайся. Мы самі як–небудзь…
Паўза.
Мама і дачка прыносяць з кухні абед, ставяць на стол. Тата хмуры. Сын назірае за бацькам.
Сын (уздыхнуўшы). Раз’яднаў, пасварыў. А вось як іх цяпер згуртаваць, з’яднаць? На чым? Гэта цяжэй… Але пастараюся. Згуртуюцца.
Прыходзіць дзед.
Дзед. Што гэта такое ў вас творыцца?
Мама. Дзе?
Дзед. У горадзе, на вуліцы, перад муніцыпалітэтам.