Тата. Навошта цягнуць такое ў кватэру? Без неўрапатолага цяжка зразумець. Ну і густ!
Мама. У цябе свой густ, у мяне — свой.
Тата. У нас жа дзеці! Іх выхоўваць трэба!
Мама. Выхоўваць? А ты ўчора пра дзяцей падумаў, калі прынёс гэтую… гэтую поскудзь? (Паказвае на статуэтку, што часова стаіць у адной нішы з Майсеем.)
Тата. Гэта не поскудзь, а твор мастацтва. Гэта работа аднаго з лепшых афрыканскіх рэзчыкаў па дрэву. Нават у Афрыку пранік сучасны стыль, нават там разумеюць, а цябе… Цывілізацыя прайшла міма цябе.
Мама. Цывілізацыя? (Схапіла статуэтку і тыцкае яжу пад нос.) Гэта брыда — цывілізацыя?
Тата. Асцярожна!
Мама. Што гэта такое? Назаві мне гэта!
Тата. Разуй вочы! Гэта — дзяўчына, маладосць!
Мама. Чаго яе так перакруціла? Што яна робіць? Прышчык выціскае на сваёй ягадзіцы?
Тата. Ты ж прыгледзься! Яна ж так саромеецца. Па–афрыканску так саромеюцца. Гэта ж сама нявіннасць! Наіўнасць! Наіўнасць і чысціня! Як свежая навалачка. Па–афрыканску так саромеюцца…
Мама. Значыць, ёсць чаго саромецца. Якая ж гэта нявіннасць? Гэта распуста! Гэта цынізм! Гэта страшна паказаць людзям. Такую зрабілі, каб панасміхацца з жанчыны. Што гэта такое? Ногі сажнёвыя. Галава камарыная. Толькі ягадзіцы ды грудзі, як ракеты?!
Тата. Вось гэта і ёсць мастацтва, рэалізм. У жанчыны другіх вартасцей і няма. Гэта ж і ёсць твой партрэт. I такіх, як ты.
Мама. Цынік! Пашляк! А я выхоўваю ў сваіх дзяцей павагу да рэальных рэчаў.
Тата. Да вадасцёкавай трубы, да тумбы, да тэлеграфнага слупа, каўбасы, ботаў… Яшчэ да чаго?
Мама. Так, так, так! Да ўсіх прадметаў, на якія чалавек затраціў сваю працу.
Тата. А я хачу, каб дзеці навучыліся думаць, мысліць, абагульняць, разумець сутнасць рэчаў, з’яў. У іх трэба выхоўваць інтэлект, розум, інтэлігентнасць.
Мама. Ха–ха! Інтэлігентнасць? Вось гэтым? (Хапае афрыканскую статуэтку.) Толькі паказваць такія штучкі дзецям — злачынства, і я не дазволю! Я не дапушчу! Я выкіну вон гэту поскудзь! (Намерылася выкінуць за акно.)
Тата. Не смей! (Вырывае статуэтку з рук у мамы, і ставіць яе каля Майсея.)
Мама. Ах, так? (Выбягае ў ванны пакой, прыносіць адтуль чырвоную спрынцоўку і ставіць каля статуэткі.) Тады пастаў каля яе яшчэ і гэта.
Тата. Па ідэі не так ужо і пагана. (Рагоча.)
Знадворку прыбягае Дачка.
Дачка (запыхаўшыся). Тата! Мама! Тата! Мама!
Мама. Ну, што такое? Што, што здарылася?
Дачка. А наш малыш толькі што паскандаліў. (Радасна.) Ух, як яны біліся!
Мама. Хто? З кім?
Дачка. Наш малыш і Мухамед.
Тата (спакойна). Ну, і хто каму накляпаў?
Дачка (радасна). Наш малыш расквасіў Мухамеду нос. Аж кроў пацякла.
Мама. Ну, бандыт! Я яму дам! Я яму пакажу! Во як расце твой любімчык! Не, я яго адвучу!
Тата. Яшчэ трэба разабрацца — хто вінаваты. Хто пачаў?
Дачка. Задзірацца пачаў Мухамед.
Тата. А наш малыш натоўк яму морду? Малайчына!