Сын. Калі хочаш, каб твой унук праславіўся сам і цябе праславіў…
Дзед. Якім гэта спосабам?
Сын. Стану вялікім палітыкам.
Дзед. У маленькай краіне вялікім палітыкам?
Сын. Цяпер маленькія краіны могуць такое натварыць, што і вялікія не рассёрбаюць. Доказаў шукаць не трэба.
Дзед. Та–ак… Шкада, што я стары… Мы б з табой… Во як яно: азірнуцца не паспеў, як нехта за бараду і цягне туды, у пясочак. А ў цябе ўсё наперадзе! I пакуль што аніякіх клопатаў. Зайздрошчу!.. Ах, ах, ах!..
Сын. Як гэта аніякіх клопатаў? Гэта ў цябе ўжо ніякіх клопатаў — ты на пенсіі. А ў мяне… Дзядуля! Ваша пакаленне, дзякуй вам, адваявала нам незалежнасць ад англічан. Палітычную. А эканамічнае ярмо мы з сястрычкай яшчэ доўга будзем адчуваць. I яшчэ праблема. Вы прыдумалі атамную і вадародную бомбы. I пакідаеце іх нам. А што нам з імі рабіць? Гідка з’есці і шкода кінуць. Гэта — не клопат? Вы пойдзеце. А ў мяне ўся планета на маіх плячах. Уся будучыня!
Дзед. Э–э, куды цябе панесла!.. Замахнуўся…
Дзед разлівае ў чаркі каньяк.
А табе, унучак?
Сын. Я кінуў піць.
Дзед (жартуе, здзіўляецца). Зусім? Чаму–у?
Сын (сур’ёзна). Я рашыў падацца ў вялікую палітыку. А там цяпер рэдка сустракаюцца цвярозыя палітыкі. Хачу быць рэдкасным палітыкам.
Дзед. Ух ты!
Сын. Дзікія, свабодныя плямёны Далёкай Поўначы, на Палінезійскіх астравах, амерыканскія індзейцы, негры Афрыкі падпалі пад іга каланізатараў таму, што не раскусілі своечасова шкоды алкаголю. Я хачу быць свабодным. Не спакушай, дзед!
Дачка (хваліцца). Ён у нас усё ведае! Ён такі!
Дзед. Дык за што мы вып’ем?
Дачка (радасна). За дзядулю!
Сын. За наш род! За народ! Капні і мне.
Дзед. То–та ж. (капнуў са свае чаркі) Ну, а я за вас.
Усе стукаюць донцамі чарак аб стол і п’юць.
Дачка. Як хораша! Як усё хораша.
Тэлефонны званок. Але да тэлефона ніхто не падыходзіць. Званок настойліва паўтараецца.
Сын (праглынуўшы). Мама, гэта, відаць, цябе твой нявопытны студэнт…
Мама (яе нібы ўджаліла, але яна стрымалася). Падыдзі, табе бліжэй. Калі мяне, скажы — няма дома.
Сын. Старо! Гэта было ў некалькіх фільмах. (Ідзе да тэлефона, здымае трубку.) Вас слухаюць. Так. Правільна. Не, памыліліся. Не дачка, а сын… Што–што? А ветлівей вы не можаце? Паслухайце… Вы — хам! Вам трэба браць урокі ветлівасці. Можаце ў мяне, бясплатна. А мне ўсё роўна — хто вы. Усё роўна! А вы ведаеце, з кім вы гаворыце? Кім я буду праз сем–восем гадоў. Добра. Перадам. (Кладзе трубку.) Перадаю. Тата! Я толькі што гаварыў з тваім шэфам. Ён — хам!
Тата. З шэфам?
Дзед. З шэфам?!
Тата. Што ты нарабіў! Што нарабіў?!
Сын. А чаго ты так спалохаўся? Ён мне нахаміў — я яму. Квіты. Баланс.
Тата. Ты знаеш, што ён можа са мной зрабіць?
Сын. Што? Хто ён табе? Гаспадзін? Хто ты яму? Раб?
Тата. Так! Раб! Гаспадзін! У яго ўся ўлада! Нада мной.
Сын. А над ім ёсць улада?
Тата. Там, за акіянам!
Сын. Дык чаго ты так спалохаўся? Ты, тата, пагарджаеш вопытам мінулага, не вывучаеш яго. (Паказвае на кніжныя паліцы.) А тут ёсць парады на ўсе выпадкі. Во… (Дастае з паліцы кнігу.) I пра твайго гаспадзіна. (Чытае.) «Усякі, хто лічыць сябе гаспадзінам другіх, сам раб. Калі ён і не заўсёды ў сапраўднасці такі, то ў яго ўсё–такі рабская душа, і перад першым стрэчным, больш моцным, больш дужым, ён будзе гнюсна поўзаць». Старых філосафаў чытаць карысна. На! А то я магу зараз пазваніць за акіян і так распісаць твайго шэфа, што…
Тата. Хто ты такі? Хто цябе слухаць стане?
Сын. Я — хто? Я — кандыдат у прэзідэнты! Я — заўтрашні дзень нашай рэспублікі! Я табе зараз прадэманструю, хто я.
Сын падыходзіць да тэлефона, здымае трубку.
Алё! Злучыце мяне…
Тата падбягае да сына, вырывае ў яго тэлефонную трубку.
Тата. Ты звар’яцеў! Ты ж — ніхто! Ты — нуль! Ты разумееш, хто ты?
Сын. Я — сын твой! Сын, які хоча вызваліць бацьку ад рабства!
Тата. Не лезь куды не трэба! Я цябе не прасіў! Богам прашу — дай ты мне спакой!