Дзед. Гэта я давёў?
Мама. I ты! I ты! Накінуліся…
Дзед (крычыць). Гэта вы яго давялі! Ты чула, што ён вам гаварыў адтуль? Цяпер вінаватага шукаеце?
Мама. I ён! I ён яго давёў!
Тата. З хворай галавы на здаровую?
Мама. Божа мой! Божа мой!
Ляпнулі дзверы. Усе прыціхлі. Чакаюць. Глядзяць на дзверы. На парозе з’яўляецца малы. За ім сястра.
Малы ідзе павольна, ступае так, нібы ў яго папечаны падэшвы ног. Галава высока ўзнята. Ён не прыходзіць, ён з’яўляецца. Відаць, так будзе з’яўляцца народу Ісус Хрыстос у другое прышэсце. Вось толькі твар малога выражае нешта дзіўнае. I не зразумець адразу — ці то ён цяпер святы, ці то ён чокнуты. Вочы пустыя, чужыя, тоўсты язык не змяшчаецца ў роце. Усе неяк благагавейна глядзяць, як малы падыходзіць да стала.
Мама. Ты… не разбіўся?!
Сын (неяк вяла). Не, не разбіўся.
Мама. У цябе нічога не баліць?
Сын. Не, мама.
Тата. Ты цэлы, сынок?
Сын. Цэлы, тата.
Дзед (дзівіцца). I сіняка няма?
Сын. Няма, дзядуля.
Дачка. I не страшна было?
Сын. Не, сястра.
Паўза.
Мама. Ну, добра, сынок, сядай, еш.
Сын. Добра, мама.
Усе зноў рассаджваюцца за сталом.
Тата. Накладвай, накладвай.
Сын. Добра, тата.
Дзед. А цяпер кусай і жуй, жуй, жуй, унучак.
Сын. Добра, дзядуля.
Дачка. Ну… ну… Глытай, глытай жа…
Сын. Добра, сястрычка.
Тата. Накладвай яшчэ, накладвай і жуй.
Сын. Добра, тата.
Мама. Жуй, жуй і глытай.
Сын. Дзякую, мама.
Дачка (са здзіўленнем). Тата! Мама! Ён нейкі!.. Нейкі не такі… Што з ім? Ён не такі!
Тата. А мы зараз яму тэлевізар уключым. Якраз прыйшоў час палітычнага каментатара. Так, сынок? Дачушка!
Тата ківае галавой на тэлевізар. Дачка ўсё зразумела і хуценька ўключае яго.
Каментатар. З Парыжа паведамляюць: сюды прыехалі прадстаўнікі дваццаці трох краін для аглашэння міжнароднай лігі барацьбы ў абарону міні–юбкі…
Мама. Не трэба…
Мама выключае тэлевізар. Усе назіраюць за рэакцыяй малога. Сын абыякавы.
Дачка. Трэба! Трэба…
Дачка ўключае тэлевізар.
Каментатар. Ватыкан. Папа рымскі Павел VI зноў пацвердзіў, што каталіцкім свяшчэннікам забаронена жаніцца. Гэта быў адказ папы на катэгарычнае патрабаванне галандскіх свяшчэннікаў на чале з епіскапам…
Мама выключае тэлевізар.
Мама. Не трывожце!..
Дачка. Мама! Што ты разумееш?!. (Уключае.)
Каментатар. У выніку нападу партызан на амерыканскую базу забіта дваццаць дзевяць амерыканцаў і семдзесят…
Мама зноў выключае тэлевізар.
Мама. Яму нецікава.
Дачка. Мама!
Сын (абыякава). А можа, футбол, тата? Праўда, мама?
Паўза. Усе не вераць сваім вушам.
Дачка (раптам адкрыла). Ды ён жа ідыётам стаў! Тата! Мама!..
Сын (успамінае). Ідыёт… Дыпламат… Пакт… Недзе чуў… Не помню… Забыў…
Дачка (са слязамі). Ну так, ну так, ён ідыё–ёт… А ён так хацеў, так хацеў стаць прэзідэнтам… ці прэм’ер–міністрам. I стаў бы. А цяпер…
Дзед. Во цяпер–то ён напэўна стане. Толькі такія і становяцца…
Дачка. Ды ён жа ідыёт! Ну праўда, праўда, ён жа ідыёт!
Тата (адварочваецца). А можа, гэта і лепш?..
Дзед. Вам?.. Вам — лепш.
Мама. Ды і яму.
Дачка (узбунтавалася). Гэта?! Гэта — лепш?!
Дзед. Спадзяюся, ты не выскачыш праз акно?
Дачка. Я? Ну, не! Я на касцёр! На эшафот! На крыж пайду, каб не стаць такой, як ён!
Сын. Ты заўсёды такая. Вы ўсе заўсёды такія.
Сын бярэ тоўстую кнігу і павольна, вельмі павольна ўзнімаецце па лесачках на самы верх.
1969