Выбрать главу

Дачка. Але і нашаму дасталося. Яму адарвалі вуха.

Тата. Як вуха? Адарвалі вуха?

Дачка. Ну, так. Зусім. У руках нясе. Мухамед нагой наступіў. I адарваў. (Паказвае.) Хр–р–р–рась!..

Мама. Божа мой, божа мой! Яго ж трэба да доктара, да хірурга. (Паспешліва апранаецца.) А тут не дактары, а гангстэры!.. За якую–небудзь драпінку ён здзярэ з цябе месячны заробак. А тут цэлае вуха…

Дачка. Мама! Яго не да хірурга трэба, а да краўца! У яго адарвалі вуха ад шапкі.

Мама аслупянела. Тата рагоча.

Мама. Як ад шапкі?

Дачка. А ты думала — такое вуха, сваё? Не–е, не такі ён дурань, каб падстаўляць пад чужую нагу сваё вуха.

Тата. Малайчына! Ну й малыш!

Мама. Дачушка! Ідзі гані дамоў гэтага паганца.

Тата. Аляксандр Македонскі расце!

Дачка выбегла на двор.

Мама. Чаму ты рады? Што ты падахвочваеш?..

Тата. Я падахвочваю веру ў свае сілы. Упэўненасць! Я хачу, каб вырас дужы, моцны чалавек, здольны выжыць у гэтых дзікіх чалавечых джунглях.

Мама. Гэта неарыгінальна! Гэта ўжо было! Звышчалавек? Юбермэнш? Гэта называюць — фашызм.

Тата. Кінь ты, калі ласка, свае бязглуздыя выпады. Сядзь, я хачу з табой пагаварыць.

Паўза.

Мама не садзіцца. Нават і не думае.

Мама. З пазіцыі сілы?

Доўгі маўклівы паядынак поглядамі.

Тата. Дзеля чаго ты распускаеш сярод знаёмых розныя плёткі пра мяне?

Мама. А канкрэтна — што?

Тата. Нібы я маральна калечу дзяцей, выхоўваю ў іх шкодныя антыгуманныя ідэі. Гэта — раз.

Мама. Гэта не раз. Гэта — два. А што раз?

Тата. Распускаеш плёткі, нібы я завёў… шуры–муры… Пачаў…

Мама. Пачаў? Даўно завёў! Даўно водзіш! I не шуры–муры, а… распуснічаеш. I гэта даўно не сакрэт, даўно ўсе ведаюць. Твае знаёмыя сустрэлі мяне і з радасцю расказалі… А я адказала, што ўсё даўно ведаю, хай не радуюцца. Я сказала, што мы паўгода з табой не жывём як муж з жонкай і думаем разводзіцца. Што тут няпраўда? Мы ж не жывём? Так? (Ледзь не плача.) Не жывём! Паўгода ўжо!

Тата. Не. Гэтак жыць далей нельга.

Мама. Што гэта за жыццё? Вядома, нельга.

Тата. I не будзем.

Мама. I не будзем.

Тата. А як жа будзем?

Мама. Гэтак і будзем. (З пагрозай.) Як–небудзь будзем.

Тата. Як? Як–небудзь?

Мама (крычыць). Я ўжо сказала: мы паўгода не жывём! Будзем суіснаваць! (Са злосцю.) Дзеля дзяцей! Дзеля іх усё!

Тата. Звычайнаму розуму не пад сілу зразумець тваю беспрынцыпнасць. (Крычыць.) Суіснаваць? Я… Я не згодзен! I зноў дробныя скандальчыкі, спрэчкі, так сказаць, лакальныя войны? Не! Не згодзен!

Мама. Што? Разрыў? О’кэй! Хоць зараз! Я даўно гэтага чакала. Я даўно заўважыла гэту тваю тэндэнцыю. Але запомні: дзеці застануцца са мной!

Тата. Ну, мы яшчэ пабачым, за кім пойдуць дзеці.

Званок. Мама ідзе і адчыняе дзверы. Упускае ў пакой дачку і сына. Хлопчык даволі нахабны. Акінуўшы вокам прысутных, адчуў, што «пахне смаленым», і палез на самы верх лесачак.

Дачка. Во ён! Не хацеў ісці дамоў.

Мама. Ну, што ты там натварыў, разбойнік?

Сын. Нічога я не натварыў.

Мама (тату). Во ён, твой любімчык. Яшчэ і хлусіць. (Сыну.) Ты чаму задзіраешся з хлопчыкамі? За што пабіў Мухамеда?

Тата. Ты не спяшайся абвінавачваць. Зараз міжнародная камісія разбярэцца — быў гэта акт агрэсіі ці самаабарона. Раскажы ўсё па парадку, што здарылася!

Сын. А што здарылася?

Мама. Ён яшчэ пытаецца, што здарылася!

Сын (ён ужо разгарнуў кнігу, чытае). «I суд быў незвычайны: некалькі сот матросаў і гандляроў разбіралі справу вялікага Сакрата. Судзілі доўга і шумна. Нарэшце аднадушна прызналі яго філасофскае вучэнне няправільным і прыгаварылі да пакарання смерцю».

Мама. Ты не хітруй!

Тата. Сын мой! «Не утомляй ожиданием очей нуждающихся». Крывавая бітва з Мухамедам была?

Сын. Была. Ён яе і пачаў.

Тата. Во і раскажы, з чаго пачалося.

Сын. Там, на двары, сабраліся ўсе нашы. Гушкалка ў нас адна. I яны ўсе захапілі месцы. А мне месца няма Яны гушкаюцца, а я так стаю. То на адной назе, то на другой. Хіба не крыўдна? Мне што, бог не даў месца пад сонцам?