Выбрать главу

ВІНДСЕРФІНГ

Мужу Ягору

Мне не ўтрымацца на дошчачцы кволай. Лепш падымуся на ўзгорак — здаля Буду глядзець, як, вандроўнік вясёлы, Лёгка ляціш па планеце Зямля. Як парушынка ў возера воку Парус твой белы — цень аж на дне. Вецер нясе твой віндсерфінг далёка, Быццам забраць цябе хоча ў мяне.
О, не знікай, сінявокі Ягорыч! Лёсу раптоўны і радасны дар. З вуснаў сціраеш жыццёвую горыч, Фізік і лірык, мудрэц і гусар. О, не знікай ! Закруціся ў сувоі Часу — і ў гэтай хвіліне жыві! Мы растварыліся ў леце абое Бегам гарачай, як сонца, крыві!
Ў лёгкасці боскай не ўтрымацца. „Стань на віндсерфінг!" — гаворыш.
„Пасля!" Далеч. Спякота. Конікаў брацтва. I прыцяжэння не мае Зямля...

СЯБРОЎКА

Калі падчас, здаецца, гіну я Ад цёмнай слепаты людской — На хутар да цябе, Віргінія, Я еду — там жыве спакой.
З табою разам мудрасць брамінаў Нашэптвае, што ўсё цячэ. Ахутвае, як хусткай мамінай, Надзея, што прыйду яшчэ
У свет — не купіну іржавую, Што ў багне шэрае ліпіць, Дзе над няўдалаю дзяржаваю Душа ужо не забаліць —
Над бедамі яе і крокамі Яе дурных правадыроў, Над апляванымі прарокамі I пашчамі глухіх двароў.
Вось прыязджаю... Ціхай Свіліцай Ідзём, пужаючы гадзюк, I поўдзень дыхае ў патыліцу, I сцелецца пад ногі луг.
Як хустка, неба цёмна-сіняе Лягло краёчкам на ваду... Суцеш няпраўдаю, Віргінія— Адсюль ніколі не сыйду...

Леаніду Шчамялёву

У Шчамялёва — не слова. У яго адмыслова Фарбы гавораць пявучаю мовай. Дрэвы гавораць, Спяваюць крыніцы, Хлопцы гамоняць і маладзіцы. А гадаваў яго край той суровы, Дзе ад вайны засталіся ўдовы. Талент спялілі крутыя гады — Можа, ад гэтага ён малады. У крутаверці снежнае нашай Веру: пра нас ён нашчадкам раскажа. Што ні карціна —лёсу старонка, Светлая гронка, цёплая гронка...

Рымашэўскаму Сяргею

Да ягонай карціны "Начное купанне"

У іхніх генах - Вечнасць і вяртанне Да жарала, дзе Дух святы ў купанні Мігценне дарыць ночы і святла, Каб сёння нарадзіцца я змагла. I кропляй ювенальнае вады Далей адсюль! У іншы свет - Туды.

Да карціны Фёдара Ястраба

"Судзяніцы"

Дзве Паркі - быццам Альфа і прасцяг Туды, дзе залатая нітка лёсу У шэрыя ўплятаецца нябёсы, Каб стаць вытокам іншага жыцця.
Дзве Судзяніцы - іхні суд цяжкі. Не замінайце так згарэць, як схочу Замружце вочы, і дазвольце у ночы Злятаць у Вечнасць з Боскае рукі.

ХРОНАПУНКТУРА [4]

Сафіі Іофе

Гэты міг— як на сцэну ідзеш пад сафіты, Ці ў Нязнанае возьмеш білет. Трапяткою іголкаю доктар Сафія Да цябе далучае Сусвет.
Ты і Космас — сам-насам, I беднае цела Адпачне ад шалёных стыхій. Углядайся ў жыццёвыя хітраспляценні, У памылкі свае і грахі.
Дзе скрыжалі Гармоніі вечнай парушыў, Дзе — кармічны аплёў цябе Рок... Мудры доктар Сафія, адкрыйце для душаў Неба пульс ў краіне Су-Джок!
20 лістапада 1995 г.

Памяці Паўла Мамедава-Мілашэўскага

Быў — глыток салодкае мікстуры, Маладосці незабыўны лад. Семечка, занесенае бурай, На антонаўцы прышчэплены гранат...
Як цвіце ён, быццам апантаны! Не відаць ні неба, ні вады! Ў веснавых садах Азербайджана Бачыла я гэткія сады.
Жар крыві з усходняга народу, Сэрца ж - ад матулі ціхай дар. Прыязджаю ў Гродна год за годам, Каб аднесці кветкі на цвінтар.
вернуться

4

Хронапунктура - асаблівы прыём ў суджок акупунктуры, заснаваны на касмічным цыкле стыхій.