Я хацела ручнік завязаць на крыжы ацалелым,
Ды расстрэльныя чэргі, яго, як ланцуг, абвілі.
"За свабоду !"- і вырваўся голубам белым,
Каб не згніць за нішто ў зледзянелай зямлі.
Над дамамі, заціхлымі ў сонных турботах,
Над вірамі ў глыбокай таемнай вадзе,
Над палямі, салёным залітымі потам,
Кружыць птушка Свабоды – і крылаў яна не складзе...
* * *
Ціха паміналі родных на Дзяды.
А Міхась Ткачоў паміраў тады.
Лістапад, нібы з торбаю жабрак,
Падбіраў лісты жоўтыя так-сяк.
Заплыло ў бальніцы і застыла шкло.
Нас з табою з ім побач не было...
ДАРОГА НА ГАРОДНЮ
Так толькі ў дзяцінстве снег іскрыцца,
Дзе поле за сялом —як белы свет.
Дзе незамерзлая бруіць крыніца
I наўскасяк — адно заечы сл'ед...
11.2.96
КАЛЫСКА ГЕНІЯЎ
Паводле Карамзіна, род Пушкіных
(Пушкаў) паходзіць з Наваградчыны
З Навагародка гэты род -
Род Пушкаў.
Калыскі геніяў народ
Тут гушкаў.
I песняў залацісты мёд
Ім клаў да хлеба.
З Навагародка гэты род -
Не з неба.
I ўсё ж стагоддзямі Сусвет
Слаў зорнай жменяй,
Каб нараджаліся паэт —
I геній.
Паэта беражы, народ!
У час суровы.
Ён перад Богам за цябе
Замовіць слова.
Калі пад бураю твой лёс,
Як колас, ляжа,
Усё, што будзе і было,
Ён — звяжа.
... Чароўных словаў азярод
Лёг на падушку.
З Навагародка гэты род -
Род Пушкаў.
10.07.1999, у дзень усталявання помніка
Пушкіну ў Менску
НАВАГРАДАК
Дождж зашаптаў таямніча.
Я падыйшла да стала.
Хто мяне, хто мяне кліча?
Ноч.
Я ў гатэлі адна.
Вецер ліхтарык гайдае —
Звонкае колца святла.
...Мама мая маладая,
Ты тут таксама была.
Помню твой ложак смяротны.
Жах у паглядзе: „Жыць... ці?"
Наша сустрэча кароткай
Сталася ў гэтым жыцці.
Пыхнула кветкай — і годзе.
Помнік стачыла іржа.
Як негатывы стагоддзяў,
Цені на дахах ляжаць.
...Постаць Міндоўга паўстала.
Рок напярэймы яму.
Лёсу ўлюбёнкай не стала
Гэта сталіца чаму?
Сцялі дарогі чужыя,
Быццам жыцця абцугі.
Лёсам падрэзвала жылы.
Плацім за іншых даўгі.
Ім бы і зараз цвяліцца:
„Можа, зусім не была?"
Спіць у стагоддзях сталіца —
Жоўтая кропля святла...
ВІЦЕБСК
Да мяне гэты горад суровым быў:
Першы запіс у кніжцы працоўнай зрабіў,
На прымадону не рыхтаваў —
Гартаваў
Для жыцця,
дзе ад стомы гараць далоні,
Дзе думка балючая б'ецца ў скроні,
Дзе стосы кніг, а ў іх просты сакрэт,
Як спасцігнуць гэты агромністы свет.
Гэты горад прайшоў скрозь агонь і вякі.
Мо таму ён упарты і нязломны такі.
Ён зведаў на смак лебяду і кару
I ўспрымае не па адзежыне — па нутру.
Тут крывічоў — маіх продкаў — зямля.
Мы з аднаго вырасталі камля.
Ён мне Слова адкрыў сакрэты.
Дзякуй, Віцебск, табе за гэта!
1995 год
СЯДЗІБА ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА Ў КУШЛЯНАХ
Падыйду да сядзібы, стану ў зацішку.
Час высмольвае памяць, таўчэ камяні.
Перад Кнігай Жыцця, адвакат Францішак,
Творцы сціплы набытак абарані!
Мо забаў маладых узяла я лішку
I людзям запаветных не сказана слоў....
Захілі мяне, адвакаце Францішку,
Ад зайздроснікаў злосных і махляроў.
Ля твайго жытла адпачну я крышку
I пайду ў турботныя тлумныя дні.
Адвакат беларускае мовы Францішку,
Беларусь нашу светлую абарані!