Выбрать главу
12.08.2004 г.

ЁН

Ён варты вечнага праклёну, Бо сіл чужацкіх здзейсніў сверб: Замбіравана - утрапёна Ён замяніў наш даўні герб.
Ён варты вечнае пагарды, Бо, нашых ворагаў аплот, Ён пад расейскую кукарду Паставіць хоча ўвесь народ.
Ён варты... Не, зусім не варты Ён нават вечнай цемнаты, Бо Вечнасць выкідае ўпарта, Каму былое - гук пусты,
Хто лезе ў ярмо і сёння, Як атлусцелыя валы. А на Жыцця магутнай кроне Не застаецца сук гнілы.
А застаецца Творца. Вешча Нітуе ён стагоддзяў ніць. I ажыве наш горды Вершнік, I меч ступелы зазвініць!
1996 г.

* * *

Звільгатнелы туман забівае дарогу, Я намацваю ўпарта, з адчаем яе. I, пражыўшы жыццё, апялюю да Бога, Што спакою і шчасця душы не дае?
Я кахала. З пасадаў сыходзіла тлумных, У слязах забывала на ўласны зарок. I часамі была вучаніцай бяздумнай, Што рыхтуе зададзены некім урок.
Мне б па'йсці па зямлі безыменнай жабрачкай, Басанож па замерзлай і чорнай жарстве, Ці стаяць ля дарогі адвечнаю Плачкай, Ці акафіст спяваць у вясковай царкве.
Ды, нібы ланцугом, прыкавалі нябёсы Да радка, да старонак, забытых у тле, Каб вяртаць на зямлю абгарэлыя лёсы, Дыяманты шукаць у пякельным катле.
Прэч, нячысцікі, прэч! Каб Пярун вас адужаў, I разнёс на шматкі, і прабіў туманы! Сэрцаў шмат, што Радзіме заўсёды паслужаць, Ёсць і дочкі у Маці маёй, і сыны!

ЗАМАК У МІРЫ

Распрамляе сагнутыя плечы, Набіраючы сілы ў зары. Вежы струнка паўсталі, як свечы, Атуляючы замак ў Міры.
Іх запальвае сонейка ўранку - Не задзьмулі б ліхія вятры! Сем стагодцзяў віецца Міранка, Аздабляючы замак ў Міры.
Завяшчалі нам спадчыну продкі: Госць замежны, прыдзі і замры! Затрапеча душа, быццам плотка, Адкрываючы замак ў Міры.
Час страшэнныя раны залечыць. Ён зямлі маёй прыме дары, Як надзею народа, у Вечнасць Адпраўляючы замак ў Міры!