25 сакавіка 2004 г.
* * *
Над парасткам, безабаронна-юным
Зноў груганоў таропкія кругі...
I цягнуць мерцвякі з сатлелых трунаў
Як саваны, чырвоныя сцягі...
* * *
Купаюцца ў дажджы далонькі клёна.
Скупое сонца сёлета чамугь.
Няўжо прырода шле табе праклёны
За рабскае маўчанне, Беларусь?
1997 г.
НАША ДРАМА
Вецер вухам трэцца аб страху
I гудзе, як ракавіна, гмах.
Мне здаецца, што бягу, бягу
I спыніцца не магу ніяк,
Аж пакуль варожая страла
Не прапаліць сэрца назаўжды.
Беларусь! Усё, што я магла,
Я ўкладала ў гэтыя гады.
Ты ж ізноў атрутнае віно
Хочаш піць — а сэрца б'ецца ледзь...
... Бог заслону апусціў: даўно
Гэткіх драм не хоча ён глядзець...
(1995 год, пасля травеньскага рэферэндуму)
ПЕРАМЕНЫ
I аптымістам трэба аптымізму.
Жыццё як кола — кожны дзень крутня.
То плачуць абаронцы камунізму,
То б'е славянсаборская гайня
Ва ўсе званы нянавісць да той мовы,
Якой ізноў азваўся беларус...
У вёсачку!
Жывіцаю смаловай
Там смачна пахне новай лазні брус.
Там азяро трапеча хусткай сіняй,
Не хочацца ні кніжак, ні газет...
Аднак трымціць трывогаю няспыннай
„А што з зямлёю будзе?" наш сусед.
„Надзел бацькоўскі вернуць? Не, пустое!
Але купіць бы каліва далі.
Начальства? Ды яно заўжды на тое,
Каб жыць не даць нам добра на зямлі."
Аднак крычаць вясковыя кабеты:
„Скуль грошы браць, як ляснецца саўгас?
Каровы мала ўдойныя? А гэта
Няхай турбуе старшыню, не нас."
Паціху масла робіцца раскошай.
Па картках хлеб у краме .
Ты ж - чужы...
На адпачынак — два абмены грошай,
З'язджаць ці заставацца - варажы.
„Ат, лясні ўсё!"
Грызеш сухар замшэлы
I плешчашся русалкай у вадзе.
Трава і лес,
туман з лагчыны белай...
Яно навек, яно не падвядзе...
1994 г.
ВОГНІШЧА
Вогнішча пад небам распалілі,
Працягнулі рукі да агню.
Шалясценне кажановых крылаў.
Шэлест маладога ячмяню.
Селішчаў зарослае каменне.
Яблыні закінутай туга.
I мільгаюць па краёчках цені,
Быццам лёсаў нечых мітульга.
Тут гучаў калісьці голас. юны,
Віравала нечае жыццё.
А цяпер - маўчанне. Быццам гуны
Зашпурнулі вёску ў небыццё.
Памірае вёска, памірае...
Не прызнаючы зусім віны,
Аб былым камуністычным раі
Соладка спяваюць пеюны...
1995 г.
КАЛЕГУ - ІНТЭЛІГЕНТУ
Той, хто зараз на троне — ён духам жабрак.
I вяршыня яго — мерседэсы ды корты.
Ты ж дык знаеш, асветніцкай нівы батрак,
Што бывае з душою, прададзенай чорту.
Чый парушаны будзе святы запавет,
Як хоць кропляй крыві замацуеш пергамен...
Ты ж спасціг, што ў гэты прыходзячы свет,
За сябе і за продкаў трымаеш экзамен.
Не на тое прыйшлі, каб спакойна сядзець
На каленях улады ціхмянай балонкай,
I маўчаць, і наўмысна ў той бок не глядзець,
Дзе народ твой ў бяздонную цягнуць палонку!
28 снежня 1995 г.
ТРОЙЦА
Сядзяць анёлы нашае зямлі
Над горкай Чашай — заслабыя крылы.
Тут людзі зноў чужое прынялі
I адракліся ад крыжа Ярылы.
Сын не прымае бацькаву раллю,
I Дух Святы над камяністай глебай,
Дзе людзі — як убітыя ў зямлю,
Вачэй не падымаючы да неба...
1995 г.
НА ВОЗЕРЫ ДОЎГІМ