На возеры Доўгім пад вечар здаўжэлыя цені
Гайдаюцца лёгка, як пругкі чарот і аер,
Як дзікія качкі,
Што доўга і цяжка ляцелі,
Каб песняй кахання
Свабодна ўскрыкваць цяпер.
На возеры Доўгім
Здзічэлым стагоддзям не цесна:
I следу няма,
Хто ўглядаўся ў падводную глыб,
Хто лашчыў у хвалях свавольных
Тут цела,
Хто прагнуў спазнаць цябе —
Толькі ж спачыў каля рыб.
Схілюся смірэнна
Над люстрам тваім таямнічым.
Я тут усяго аблачынка,
Якая праз міг растае.
I ціха — так ціха, што чутна,
Як кліча
Душу маю хтосьці —
Мо Той, хто дароўваў яе?
Хвала, хто цябе бараніў
I зрабіў запаведным
Твой сіні закон,
I жывому навокал хвала.
Вось вёсачка толькі —
Стаяла на беразе гэтым,
Ды ўслед за дваццатым стагоддзем
У Вечнасць сплыла.
Я цені заспела яшчэ і далёкія песні,
I дотык людскі
Памятае яшчэ азярод.
I гэтак тужліва,
Што вёска ужо не ўваскрэсне,
I гэтак жахліва,
Калі не ўваскрэсне народ...
ХАТА
Быццам капэлу на ранішняй месе
Стары настаўнік слухаў у лесе
Сосны, што стануць для хаты бярвеннем...
Ладзіў сугучча — на пакаленні.
Мільгала сякера бляскам сталёвым.
Бегаў унучак светлагаловы.
З сынам змывалі ў рэчцы знямогу...
Хату паставілі — на Перамогу.
Толькі жыццё зажадала іначай:
Сын у калгасе гады пралайдачыў...
Сказаў перад смерцю:"Доля такая".
... Унук у Сібіры нафту шукае.
...Кажаны абляталі хату пустую.
Шацталіся людзі:"Нябожчык вартуе."
Бачылі пасмы туману над дахам —
Казалі: „Нябожчык слухае птахаў."
Ганак драўляны прарос крапівою.
Толькі бярвенне ў хаце — жывое!
I па жывому, па цёпламу плача.
Хату купілі двое — пад дачу.
Едуць на лета з далёкага Мінску.
Кажуць, жыць перасталі па-свінску:
Зашыў ён пад скуру ампулу злую,
Яна блінцы на сняданак гатуе.
А побач — дарога. У святы ці будні
Заходзяць шафёры — тут смачная студня.
I, быццам лілея, сядзіць гараджанка,
I вецер паціху варушыць фіранкі...
ВЕРБНІЦА
За ноч зусім зялёным стаў арэшнік.
Ледзь цепліць печка. За акном смуга.
У Вербную Нядзелю толькі грэшнік
Адчайна дакранецца да плуга.
Вунь у царкве, забранай ад культуры,
Гармідар, і не ўціснуцца зярну.
Унізе ладзяць нейчыя хаўтуры.
Уверсе славяць Бога і вясну.
Яшчэ царква ад скокаў не астыла,
I новенькі блішчыць іканастас,
З-пад скуднае пабелкі „Веды — сіла"
Шчэ праступаюць, як мінулы час.
Ды, кінуўшы ўчарашнія кумірні,
Зноў ваяўніча моліцца народ,
(Пракляўшы Леніна і атам мірны)
За мечаны Чарнобылем свой род,
За спрамленыя ў балота рэчкі,
За нейчы грэх, што з намі — па вяках...
I вербныя галінкі, быццам свечкі,
Як сутаргай, засціснуты ў руках.
А навакол, як толькі згледзець з ганку,
Курыцца парай цёплая зямля,
Кадрыль гармонік п'яна рэжа з ранку,
I недзе горка плача немаўля...
1995 г.
ЧАРНОБЫЛЬ
На злом галоў ляціць цягнік закляты,
А рэйкі абарвуцца ў тупіку.
...У гнёздах паміраюць птушаняты,
I пакідае рыбіна раку.
Прырода, мы часцінка тваёй долі.
Дык выратуй сябе і свет — сама,
Бо Чалавеку ўжо няма спатолі.
I на яго надзей ужо няма...
ВАЎКАЛАК
Хата. Стогадовы дуб. Крыніца —
I буслы, зляцелыя здаля.
„Чалавек, дазволь нам пасяліцца.
Наймілей нам гэтая зямля."
Расчынялі дзюбкі бусляняты.
Адпаўзалі гады ў лаўжы,
I кружылі радасна над хатай
Як заслон, два белыя крыжы.
...Моц набрала лета сакаўное,
Сонца, як.расплаўленая ртуць.
Толькі дзеці хворыя абое,
Ад гнязда ніяк не адлятуць.