Выбрать главу
„Я знарок вам не сказаў пра пашу, Дзе атручанае ўсё навек. Як і я, загінуць дзеці вашы." I смяецца злосна Чалавек.
I буслісе пасівелай сніцца Вешчы сон — ахоўні позні знак: Мёртваю вадой бруіць крыніца, I стаіць ля хаты — Ваўкалак...

ЗАДАРОЖЖА

Калі і на бохан не шкрэблася збожжа, I бабуля з артрытам стагнала ў кутку, Пехатой тупацела я ў Задарожжа [1], Галасавала там на бальшаку.
У радні гарадской пазычыўшы грошай, Я вярталася ў вёску, і было йшчэ няўзнак, Што калгас, дзе жывём мы ўсе – задарожжа, I яго абмінае імклівы бальшак.
...Пасівелыя пасмы, як зімовая пожня. Ды і па сённяшнім, па круцельскім лядку, Люд наш выкоўзваецца з задарожжа Каб апынуцца на бальшаку...

НЯМЕЦКАЯ МОВА

Яна прыплывала да нас Купецкімі стругамі ганзейцаў. Яе шпурлялі на драўляны прычал Разам з маслам святога Квірынуса [2], Шоўкам і парчой.
Яна падала рэхам у Дзвіну I чаплялася белаю хмаркай За крыж Святой Сафіі.
Яна тупацела па нас Бязлітаснай падэшваю крыжака. Нязношвальным салдацкім ботам, Які і па сёння не згніў у зямлі.
Яна пратыкала нас гучным "Хэндэ хох!", Нібыта рагамі быка, I вывальвалася з нашых хат, Камянеючы ў надмагіллях.
А сёння яна Схіляецца ў белым халаце Над лысым ад хіміятэрапіі Дзіцёнкам, I вычэрпвае, як журавель, З нашае студні Чарнобыльскую каламуць, I прышывае нас Сярэбранымі іголкамі "Люфтганзы" Да каляровай сукні Еўропы.
I мы сутаргава ўспамінаем яе, Як звон келіха - На раздарожжы.

МЕЛОДЫЯ ТРАЎ

ПЯЦІДЗЕСЯЦІГОДДЗЕ

Птушкам сыпану зярнят паболей, Хай ізноў на мой балкон ляцяць. Мроіцца - каго не ўбачу болей, Галубамі на мяне глядзяць.
Я губляла іх часінай горкай, Я за імі ўслед туды сыйду... Лашчыць вецер шэранькія пёркі I шпурляе ў неба чараду.
Я за ёй сачу, пакуль не схлыне Ў глыбіні, дзе не дастане зрок. Выблісне і золатам, і сінню У галубкі райскае пяро...

МАГДАЛІНА

Мне столькі Богам дадзена цяпла! Здаецца— Свет бы абагрэць магла. Наіўная! Душу аддаць хацела. А ім было патрэбна толькі цела.
Што ж, шкадавала: Цела аддавала...

КАХАННЕ

Так каханне мне сэрца ірвала! Так туманіў твой смех галаву! Бы ключы ў акіяне —схавала, I спакойна на свеце жыву.
Толькі недзе, нібы па-за часам, Выступае з-за шэрай імжы: Мы стаім, закаханыя, разам, I няма паміж намі мяжы.
А за намі, над намі ў світанні, Як з Сусвету прыйшоўшы, гало Залатым нас ахутаўшы ззяннем, Над разлукай і злом узняло. Пройдзеш міма...
Парвецца дыханне... Нескарона ўзгадаю: „Было!" ...Залатое высокае ззянне I бязмернага шчасця святло...

ЯНО ПАСЛЯ СМЯЯЛАСЯ З МЯНЕ...

Усё бліжэй да Госпада вяртанне, Усё далей юначыя грахі. Як бегала калісь за мной Каханне! Нібы за Пенелопай жаніхі.
Я ж летапісы "грызла" да змяркання, Чакала - прынц ля ганка мільгане. Уволю пасміхалася з Кахання... Яно пасля смяялася з мяне...

* * *

Чым болей хочаш быць шчаслівым, Тым менш жыццё табе дае. Чакай, скарыся, будзь цярплівым, I нечакана настае
У шэрані ці завірусе, У мітульзе пустых гадоў, Хвіліна, што цябе прымусіць Дагледжаны пакінуць дом,
Услед пайсці за бліскавіцай, На ўсё забыцца, акрамя Вады з бабулінай крыніцы, Свайго уласнага імя...
вернуться

1

Задарожжа - вёска ў Бешанковіцкім раёне.

вернуться

2

"Маслам святога Квірынуса " ў XII стагоддзі называлі нафту.