КРАСАВІК
Мілы! Як крычыць па лесе сыч!
Слухай жа: паганскае карэнне
Рве зямлі нямыя сутарэнні
I жывому кідае свой кліч!
Хочаш, не - заўжды красавікі
Выбухаюць сонцам і вадою,
Туманамі - цёплым сырадоем,
Выбухаюць дотыкам рукі!
Зманам бессмяротнае душы
Красавік, смяротны, як і цела.
Колькі ўпала - ўпасці ж не хацела,
Колькі спраў, што ўжо не завяршыць!
Кроплямі яны ў сонцазварот,
Потым прыдуць да дзяцей турботай.
I прымусяць працаваць да поту,
Узнаўляючы Зямлю і Род!
А пакуль - па лесе плача сыч,
Стоена трымаюць ноч яліны...
Цішыня.
Жанчыны смех шчаслівы,
I Жыцця магутны, вечны кліч...
ЗАВІРУХА
Па-вар'яцку гула завіруха
Над самотнаю стужкай шашы.
Вы таропка шапталі на вуха
Скаргі на адзіноту душы.
Дотык вуснаў быў злы і гарачы,
Ды маю не кружыў галаву:
Адыйшла ад ілюзій юначых,
Без кахацня адна пражыву.
Бо знаёмая ўжо да драбніцаў
Мне пачуццяў танюткая ніць,
Бо з атручанай гэтай крыніцы
Не збіраюся болей я піць.
Я глядзела і цвёрда, і горда,
Толькі штось, невядомае мне,
Камяком падступала да горла
I туманна мільгала ў акне.
I ўсё больш безнадзейна і глуха
Шэпат гаснуў ў шоргаце шын.
I шалёна гула завіруха,
I аўтобус ляцеў па шашы...
АЗЁРНЫХ КАЧАК ЧАРАДА...
Азёрных качак чарада.
Зялёная, як чары, ціна.
Спакойна дыхае вада,
Аб кладку трэцца чараціна.
Саспелі рана гарбузы,
I семкі лускае дзяўчынка.
Рыбак цікуе скрозь хмызы...
Апошні тыдзень адпачынку.
Лісток зацягвае слімак
У востры дом свой адмысловы.
...Імкне Паэзія дарма
Прыроду выказаць праз словы...
ДЗЯДЫ
Згодна з народным павер 'ем, душа
прылятае на Дзяды птушкай
То не муж — імклівая шаша
Птушку аб машыну разаб'е.
Узгадаем: „Нейчая душа
Хоча, каб успомнілі яе."
I заглухне сам сабой матор.
Іншая жанчына... Іншы час...
Ён не скажа: "Лепш бы я памёр",
Не націсне роспачна на газ.
Свечку я сама ўкладу ў руку,
Завяду да цэрквы, да крыжа
Памянуць...
Спакойна там вякуй,
Так адданая яму душа!
Ці ж не мне каханню знаць цану!
Вецер вільгаць высушыць са шчок.
Ты душу прабіў, нібы сцяну —
Цёплы яшчэ, шэры камячок...
РАЗВІТАЛЬНАЕ
Гарлачыкаў асенніх гладышы
Расой гаркавай поўніць змрок світальны.
Нашто ізноў у поціск развітальны
Укладваю: „Ты ўсё-ткі напішы",
Калі наперад ведаю, што час
Сатрэ і словы, і цяпло ўсмешкі,
I незваротна знікнуць тыя сцежкі,
Што весела і лёгка неслі нас?
Калі наперад ведаю, што цэп
Катуе каласы са звонкай пожні?
...Апошні дотык вуснаў на шчацэ
I — жоўты пыл гарлачыкаў апошніх...
* * *
О, не зайздросьце! Гэта ўсё не вечна:
У жылах хмельны і гарачы ток,
Салодкі міг любові чалавечай
I горкі Боскай мудрасці глыток...
За лёгкасць не кляніце, бо дарэмна:
Мы з чашы п'ём, але не бачна дна.
Прайсці жыццё жабрачкай ці царэўнай —
Не нашая заслуга ці віна.
О, не турбуйцеся! Усё прыходзіць:
Хлеб на стале, над галавою дах.
Бязмернай радасці: „Жыву!" не шкодзіць
Салёны прысмак гора на губах...
СУСТРЭЧА
Праглыну непазбежнасць, як хіну:
Досыць гэтых сустрэчаў - знямог!
Я прыгожая сёння, і кіну,
Захацеўшы, любога да ног.