На штыхах агароджы чыгуннай
Куст расхрыстаны, як анархіст,
I дрыжыць, як палоннік прад гунам,
Кожны, ветрам асвістаны, ліст.
Ты прайшоў — і далёкі, і родны.
Вочы ўбок удваіх адвялі...
Незваротна. Усё незваротна —
I навечна ў паэме Зямлі...
1990 г.
* * *
Прыязджаў — па даўнія дзянёчкі.
Абдымаў калені у тузе.
Я адказвала, што вугалёчкі
Перапалены.
Даўно.
Усе.
Не давалася размове шчырай,
Пасміхалася з яго бяды.
О, няма больш жорсткай, чым жанчына,
Тая, што разлюбіць назаўжды!
У якой штодзень халодны золак,
А ўначы на грудзі ляжа столь,
У якой пад сэрцам, як асколак,
Даўняй здрады, даўняй страты боль...
* * *
Чарната. Асенняя знямога.
Рэдкі дождж шапоча па лісці.
I ў начы губляецца дарога,
Па якой дадому мне ісці.
Чым мацней сціскаў мае далоні,
Чым было прызнанне гарачэй —
Будзе болын пакутлівым бяссонне,
Сэрцу адзінокаму гарчэй...
З НАПЯТАЙ БОСКАЙ ЦЕЦІВЬІ...
З напятай боскай цецівы
Злятала звонкаю стралою.
I свет як цешыўся табою —
Такі чароўны і жывы.
Цяпер брыдзеш, і грузне крок,
Нібы на бруднай Камароўцы
Зняважылі каўказцы слоўцам
Твой лёгкаважкі кашалёк.
Ды Коўш Мядзведзіцы ўначы
Пытальнікам на неба ляжа,
I ўласная душа падкажа,
Як светлы промень зберагчы.
I зноў пачуеш — крык савы,
Таемны шэпат, плач нядужны,
Ізвон.
I ўзлёт галавакружны
З напятай боскай цецівы!
САКАВІЦКІЯ РЭЗКІЯ ЦЕНІ
Сакавіцкія рэзкія цені,
Неба сінь, і хрумсцяць ледзяшы...
Усё болей жывеш, як на сцэне,
Застаецца ўсё менш для душы.
Хоць якую даніну аддам ёй:
Ціха бабчыну песню спяю,
З'езджу ў горад, любімы і даўні,
I між замкаў адна пастаю.
Там, дзе могілкаў стынуць узгоркі,
Крэматорый.
Таблічка ў сцяне.
...Ён пражыў адзінока і горка,
А народжаны быў для мяне...
КАЛОДЗЕЖ
Праз пясок прасочыцца крыніца,
I калодзеж поўны,
Як заўжды.
Любяць тут праходжыя напіцца,
I ў біклагу ўзяць з сабой вады.
Ад вадаправоднага жалеззя
Кажуць, горла наждаком дзярэ...
Я смяюся: „Піце, колькі ўлезе.
Ён для ўсіх, калодзеж на дварэ".
Ён і ў лютаўскі мароз не стыне,
Колькі б тут завеі нё гулі.
Цёмныя і пругкія глыбіні —
Быццам да сярэдзіны Зямлі.
Як над вокам, над вадой схіліся —
Галаву закружыць незнарок.
Ты тут кропля, што ўпадзе калісьці
У вечны свой жыцця кругазварот.
Ты —дзіця прасторы неабдымнай,
Што пачатак з Космасу бярэ...
„Гаспадынька!"
Я — не гаспадыня:
Ён для ўсіх, калодзеж на дварэ...
* * *
У лёсу не сваё — не выдзірай.
Заўжды ў чужога лепшая залева.
Зірнеш і пазайздросціш: „Вось дзе рай!"
Ды свой там Змей,
Сваё Пазнання дрэва...
У ЛЕСЕ
„Лесе! Шукаю грыбы ад відна.
Вунь — прачасала і глыб, і ўзмежкі."
Лес раздражнёна адказвае: „На!"
I пасылае мне ў кош сыраежкі.
I не ядловец, а сам Лесавік
Зыркае злосна: "Забылася, бачу,
Хто валадар тут? Здавён я прывык,
Што без мяне вы не маеце ўдачы!"
...Дзякую лес за любыя грыбкі,
Зношу смірэнна лясныя насмешкі.
...I хлапчанятамі баравікі
Зноў выбягаць пачынаюць на сцежку...
* * *
Як ускрык, як боль тваё імя...
Сціснуся. Перавяду дыханне.
Ёсць на свеце справы, акрамя
Адбалелага даўно кахання!