Выбрать главу
Ды, нібы жаўна, душу дзяўбе: Ў свеце, дзе і так бракуе шчасця, Мы ўмудрыліся ўдваіх сябе Гэтак легкадумна абакрасці!
Млечны Шлях схіліўся над ілбом. Пройдзе. Што было і што здалося. Падсякае залатым сярпом Жнівень дні мае, Нібы калоссе...

ХУТАР

Уздымаецца неба імкліва. Дождж прайшоў - быў настырны, як зяць. Ацяжэлыя ціхія слівы Адрачона па садзе стаяць.
Да ад'езду машына гатова. Падсыхае да Менску шаша. У цішы нараджаецца слова Аб усім, што тут мела душа.
А было — састарэлая хата Ды навокал — палі і палі. I — усход. На паўнеба, як свята. Блізка так, як нідзе на Зямлі....
18.9.1991 г.

* * *

Ад ліпеньскай спёкі сагрэлася хата, I сталі палынна-трывожнымі ночы, I жывіцца сэрца надзеяй крылатай, Што ў шыбіну стукне вандроўнік аднойчы.
Вандроўнік з забытай даўнішняй паэмы, Што ў папках запыленых згінула быццам. I я, страпянуўшыся, гляну: „ А дзе мы? I як нам святлом жыватворным абмыцца?"
Інакшаю стану ў святле месяцовым: Як мячык закінуўшы клунак за плечы, Пайду па дарозе шукаць тое Слова, Якое і кліча, і плача, і лечыць...

СМЕРЦЬ

Сын ціха плакаў. Галасілі сёстры. Муж думаў, як каханцы пазваніць. Смерць працірала свой сцізорык востры, Што залатую абразае ніць. Прырода раўнадушша не хавае: „Сумленна абавязак свой раблю. Штодзень старыя формы разбіваю, Для будучага новае ляплю..."

ЦЫКЛ «ЭМІГРАНТЫ» 1993-1997

МІР

Янку Запрудніку, майму земляку

Запыленым люстэркам слова „Мір". Кустоўе чэзлае паміж двух храмаў. З начыннем, вартым шкадавання. крамы Як процівагі, па баках... I жвір.
Не бачыла яшчэ раскопкаў, дзе б Два метры ўглыб — і не знайсці манеты, Далонню бедняка калісь сагрэтай, Як спадзяванне на жытло і хлеб,
Дзе пацеркай — дзявочаю красой Не адгукнулася б на кліч стагоддзе... Ды тут, пад гэтым жвірам — карагодзяць Такія цені тут! I вечны сон Ім не закон! Цыганаў каралі I тыя, што і каралёў цкавалі, I тыя, што на вуліцы Завальнай За валам, дзе кавалі кавалі Гісторыю, Не тую, дзе — Імя. А простую — кальчугу з безліч колцаў. Сялянскія, рамесніцкія хлопцы... А час ўсіх заворваў, як лямях. Вось мы ў стагоддзі гэтым прараслі, I ў гэтым — хочацца ці не — народзе. Наш дух зямны Ўсявышні ці Заброддзем [3], Ці замкавым абрысам акрыліў.
На вуліцы Завальнай — цішыня. Маўчыць касцёл святога Мікалая. Тут шлях наш пачынаўся. I палае Любоў дз Бацькаўшчыны ў нас адна.
Паэты мы, і Слову аддамо Агонь, пранесены праз паняверку. Краёчак сцерці б з пыльнага люстэрка, I ўспыхне Вечнасці святло само!

Тры вершы Барысу Кіту

1. ВЯРТАННЕ
„Паклон Радзіме— і ўзляцелі птахі, Нібы журбою неба аплялі. Як вартаўнік, на гэтай Гауптвахэ Вы засталіся... Воблакі плылі... Гудзеў арган. Блішчэў жывот анёла, Што граў на парцалянавай трубе, Кірмаш калядны еў і піў наўкола... Я ж несла нешта светлае ў сабе, Што нераскласці сэрцу на адценні... Душа з душой, свабодна гавары! Хай вечаровыя кладуцца цені — Жыццё ідзе, нясе свае дары. Выгнаннікі вяртаюцца акрасай Суровай і няласкавай зямлі. ...А банкаў гмахі, быццам стрэлкі Часу, Цягнуліся ўвысь, нібы гулі...
Франкфуртп-на Майне, снежань 1993 г.
2. НА ЗЯМЛІ ТЭЎТОНАЎ
На зямлі тэўтонаў — абярогам Мова — незабытая ралля. Чым бліжэй да вечнага парога, Тым мілей бацькоўская зямля.
вернуться

3

Заброддзе – прадмесце Міра, дзе жыла сям'я Я. Запрудніка.