Колькі ўжо на вулачках зацішных,
Дзе прылізаны любы куток,
Выклікалі ў памяці вусцішна
Вы дзяцінства дарагі куток.
Засыпае лісце залатое
Вуліцу Карэліч, дзе калісь
Бацька дрэвы пасадзіў — на тое,
Каб яны да неба падраслі.
Каб бліжэй да сонца — і да долі,
Ад якой далёка беларус...
Сніцца Вам, я ведаю, да болю
Гэтых ніў засмужаных абрус.
Роўнай не было жыццё шашою.
Падсумоўка зробіцца пасля:
Чым чысцейшы чалавек душою,
Тым бліжэй бацькоўская зямля...
Карэлічы. 1995 г.
3. НАСТАЎНІК
Доктар Кіт запальвае свечку у Майнцкім саборы.
Заблудзілася рэха ў вышынях каменных прысад.
Змрочна біскупы з нішаў глядзяць. Можа, клікаў каторы
"На Усход, на язычнікаў!" колькі стагоддзяў назад?
За высокім ілбом – таямнічыя формулы веку,
Што на месяц узняў чалавечыя дзёрзкасць і тло.
Ззяе зорка над ім (ці анёл, што трымае апеку).
Ды не згледзець яе: нетутэйшае гэта святло.
Над жыццём і нябытам яна, і над лёсам вандроўным.
Над усім, што прайшло – дый сягоння жыве,
Над карэліцкім хлопчыкам, што выганяе карову,
I бяжыць басанож па асенняй пякучай траве.
Ён запальвае свечку, цемра ў куткі адступае
Як асілак, у доўгім жыцці ён адужваў яе
Дзе як мог... А найбольш на радзіме, якая.
Ачмурэлая прышлымі, толькі чужых прызнае.
Толькі не – ён вяртаецца ў сінія далі.
I выстуквае сэрца: яшчэ... чым магу... памагчы...
Як усе, што ў чужыне душой не прапалі.
(А сябры на радзіме прапалі ж у вечнай начы).
Дык запальвайце свечку, настаўнік, асветнік, вучоны!
Колькі год паміж намі калолася дротам сцяна.
Зараз разам ідзём па дарозе і гразкай, і чорнай
Ратаваць Беларусь... А яна ў нас, як доля, адна...
Франкфурт-на Майне
Удзельнікам Першага сусветнага з'езду беларусаў
Парасончык вывернуты ветрам,
Бурбалкі, як жабкі, скачуць скрозь...
Тысячы ляцелі кіламетраў —
На Радзіме мерзнеце, нябось?
I на гэты раз цяпла замала.
Куст трымціць, ірвецца хмары край.
Што ж тут вашы сэрцы ўтрымала
На гады, як легендарны Рай?
Да яго — да водбліску, іскрынкі —
Вы імкнулі думкай ці ў лісце.
...Да стаптанай продкамі сцяжынкі,
Што ніколі больш не зарасце.
Адгукнецца звон святой Сафіі,
Усміхнецца фрэска на сцяне,
I душа усю сябе адкрые,
I Ўсявышні ў ёй струну кране.
О, каб не забыцца, не скарыцца!
Адшукаць, хаця б цаной жыцця
Памяці чароўную крыніцу
Пад ламаччам страт і забыцця!
Можа, вашая любоў адчыніць
Жарало святога ручая?
Бо няма прарокаў у Айчыне,
У Айчыне нашай — утрая.
...А шыпшына кроплі абтрасае,
Сонца цераз хмары, як скрозь дрот.
I пчала — адкуль яна? — збірае
На ружовай кветцы горкі мёд...
Лявону Мурогу
У Лявона Мурога ля рэчачкі светлай мурог.
Дамавітыя пчолы бяруць з белых кветак даніну.
Ён паказвае дом — віў гняздо, колькі мог,
Пасадзіў нават клёны — у спадчыну сыну.
На катэдж залацістыя промні ляглі.
Тут да ладу усё. Асалоды — да схочу.
Ён пытае: "А як там, на нашай зямлі?"
I бяседу вядзе, і частуе да ночы.
Нам спяшацца назад,
Дзе жыццё— як шчаня,
Што адчайна на рэйках вішчыць з-пад трамвая...
Ён жа ўсё паўтарае:"Радзіма, радня..."
I вільготныя вочы ад жонкі хавае...
Васілю Мельяновічу
Дождж грыбны абмыў званы на плоце,
I цяпер па ганку шалясціць...
Яблыкі бялеюць у лістоце,
Белы бусел з вышыні глядзіць...
Рэчцы дадзены ўваскрэснуць шанец.
I па ёй, змялелай, ідучы,
Паляшук былы, амерыканец,
Джынсы аж па лыткі замачыў.
Ён ідзе з расхрыстанай кашуляй,
А душой нібы ў дзяцінстве знік...
„Тут казала некалі матуля,
Што ў віры зацягне Вадзянік.