Выбрать главу
А пасля я рос. Прыйшла навала, I маланцы адгукнуўся гром. I з зямлі прапрадзедаў пагнала, Бо мой бацька быў гаспадаром.
Ён і за мяжой служыў зярняці, Будаваў царкву, дзяцей любіў, I аклад іконам Божай Маці З дрэва нетутэйшага рабіў.
А дзядзькі палеглі ў Курапатах... Нас жа ўратаваў заморскі вір... Зачарпну — і цяжкі, як граната, На магілах прадзедавых жвір.
Мне з сабой узяць казалі людзі Жменьку ад магілы, што люблю, Ды баюся — бацькавыя грудзі Я зямлёю тою прапалю."
Скончыцца праз трое сутак віза, Зноў дзяцінства высахне рака, Расплываецца смугою шызай Разарваны лёс палешука.

ХУСЦІНКА

В. Кіпелю

Мне Вітаўт падарыў хусцінку — сінь з ліловым, Бо сонца коле голкамі ў галовы Сярод нью-ёркскіх хмарачосаў- глыбаў. ...Хусцінка ў пальцах слізгаціць, як рыба.
Трапеча, быццам хоча пад нябёсы Падняцца — над галоўным хмарачосам I плысці над Амерыкай, якая Нібы пад залатым дажджом Даная Магутная, ляжыць... Спляліся кроны Нібы карункі — ёй убор зялёны.
Тут, дзе яна калоссем высцілае Свае палі ад краю і да краю, Дзе праступаюць скрозь, як палімпсесты Індзейцаў словы — мова ж знікла дзесьці — Другая мова, як зярняты ў храме, Схавалася — і аджыла між намі.
Амерыка! За іх, каго прымала... Славянскае крыві ў табе нямала. I на тваіх аздобах, як краёчак Другой зямлі — наш сіні васілёчак. Яму хапае месца тут, а там Ў чужыну гналі, руйнавалі храм...
Маўчу! I сын, і лёс на той зямлі... ...Хусцінка, ты мне сэрца не палі. Я ўжо не бесклапотная паэтка — Касмічных з'яў удзельніца і сведка, Калі збываецца: „I аз уздам За ўсё — за мову, за зямлю і храм."
Крычаць не буду:"Я не вінавата!" Вяртаюся —служыць для роднай хаты. А тут — вясёлай, лёгкай, як пушынка Усё ж была. Нясі мяне, хусцінка!
А вы... Хай і далей паможа Бог На родны не забыцца свой парог!
Нью-Ёрк

НА БЕЛАРУСКІХ МОГІЛКАХ У АМЕРЫЦЫ

Магілы...Іх калісыді аплявалі, Абвінавацілі ва ўсіх грахах. За што? Адкажа кветка палявая, Адкажа вецер: „Беларусь кахаў."
Тут Юрка Віцьбіч, тут Рыгор Крушына... Іх словы й сёння выкрасае Час. Чаму прыстанкам стала ім чужына? Адкажа надпіс: „Я памёр за вас."
На іх кар'ерны ўжо не зробяць шанец, Чужацкі іх не згоніць прэч хаўрус. Спытае люд: „Хто тут?" „Амерыканец?" Але зямля адкажа: „Беларус!"

ПРАЛЛЯ

Надзі Кудасавай

Белай кудзеллю дзень ляжыць на цёплай траве. Тут, дзе мала людзей, мудрая пралля жыве. Скокне вавёрка раз — змоўкне, слухае ціш. Быццам спыніўся Час — моўчкі і ты сядзіш.
Амерыканскі стандарт роднага не заглушыў. Дадзены Надзі дар — адпавядаць душы. Нітку яна прадзе, быццам нітуе нас Стойкасцю у бядзе, сілаю, каб не згас.
Куфар прыадчыні — колькі ў ім святла! Фарбы, нібы агні. Вышыла, як жыла. Як выпрабоўваў лёс! Каб не ўтрымала ніць. Соллю саліла слёз — здолела не ўпусціць.
Круціцца калаўрот... Вечны імкнецца час... Мудрае Праллі род Хай уратуе нас...

Марысі Юрцэвіч-Навумчык у Саўт-Рывэры

Ледзь вымавяць: „Доўбры дэн"— I зноўку ў „тэлік" вачыма Даніла — у школе ён Дэн, I Джон — ён Янук у Айчыне
Хай госці з зямлі Беларусь Расказваюць нешта ў застоллі... «Паслухаць іх бацька, прымусь», „Іх, маці, разбэсцілі ў школе."
Уздрыгвае ў маці рука, I ў бацькі слязіна ірвецца... Ды што гэтым хлопцам рака, Што Ясельдай недзе завецца?