У адно імгненне тэлефаніст адчуў, што прышла і яго чарга. «Волга» ў камутатары злучана з «Клёнам»: калі адновіцца лінія, яны адразу звяжуцца, а калі не... калі не, дык і ён тут усёроўна ўжо не будзе патрэбны. Натхнёны магутнай сілай яшчэ не выкананага загаду, ён абапёрся рукамі на бруствер і скочыў угору.
I тады ў бліндажы настойліва і голасна зазваніў апарат.
Не адразу нават уцяміўшы, што здарылася, павісшы жыватом на краі траншэі, Пятрашкін некалькі хвілін нерухома слухаў залівісты выклік і потым спотырча кінуўся да камутатара.
— «Рэзеда», «Рэзеда», як чутна?.. Дзе вы там прапалі?.. Гаворыць «Клён»...
Тэлефаніст нема замычэў ад радасці, амаль фізічна адчуў, як звалілася з яго душы вялізнае гора. Ён зараз жа выклікаў «Волгу» і торапка, нібы баючыся згубіць сваё неспадзяванае шчасце, закрычаў у трубку:
— «Волга»! «Волга»!., перадайце дваццаць першаму, іх загад выканан... Сувязь ёсць! Ёсць сувязь! Гаварыце з «Клёнам»... Што? Начальник сувязі?.. Няма ўжо начальніка сувязі. Няма... Гаварыце з «Клёнам»...
Часопіс "Маладосць", № 12, 1958.