Не так і важна, мусіць, было вытлумачваць феномен Шамісо і самому Томасу Ману. Гэта зразумела. Шамісо належаў нацыям, якія былі прыблізна на аднолькавай ступені гістарычнага, культурнага і грамадскага развіцця. I Францыя, і Германія маглі мець патрэбу ў Шамісо ў аднолькавай ступені. I калі ён стаў нямецкім паэтам, дык тут сапраўды, мусіць, толькі воля лёсу. Томас Ман не мог, ды і не меў патрэбы надаваць гісторыі Шамісо ні сацыяльнага, ні нацыянальнага значэння. Яго цікавіў феномен сам па сабе.
Нам гісторыя Шамісо трэба для другога.
Ёсць многа прыкладаў, калі асоба, узрошчаная духам аднаго народа, яго побытам, паветрам яго зямлі, яго песнямі, прылучаецца да духоўнага жыцця іншага народа і часам займае ў ім адно з самых выдатных месц. Ёсць прыклады, якія патрабуюць не проста разгляду іх як фенаменальных, а якія могуць быць і часта даволі лёгка вытлумачваюцца прычынамі менавіта нацыянальнага і сацыяльнага парадку.
Так было з Адамам Міцкевічам, так было шмат з кім.
Фальклор, прырода, побыт і звычаі народа, сярод якога рос, выспелілі паэтычны геній Адама Міцкевіча, далі яму матэрыял для творчасці. Беларусы далі яму песні і казкі, але, на жаль, не маглі даць распрацаванай у пэўным сэнсе літаратурнай мовы. Яны далі яму радзіму, аднак не маглі даць таго, што аздабляе яе — тую нацыянальную, палітычную і эканамічную незалежнасць, што дазваляе генію адчуваць сябе часткай вялікага цэлага і надае сілы працаваць для ўзвелічэння свайго народа, адначасова ўзбагачаючыся і падымаючыся разам з ім. Вось чаму мы, падзяляючы славу Міцкевіча разам з палякамі, вышэйшае права на яе аддаём усё ж ім.
Ён трошкі «мужыцкі», Адам Міцкевіч, побач з другім, падкрэслена цалкам польскім, «шляхетным» праяўленнем нацыянальнага генія — Юліушам Славацкім, У яго заўсёды будзе многа ад той зямлі, на якой ён гадаваўся і рос, той зямлі, гісторыя якой натхніла яго на стварэнне «Гражыны» і «Конрада Валенрода», «Пана Тадэуша», у значнай ступені «Дзядаў». «Litwo, ojczizno moja!», — з замілаваннем прызнаецца ён, пачынаючы адзін з самых задушэўных сваіх твораў — «Пана Тадэуша». «Мой родны кут, як ты мне мілы» — па-нашаму, па-беларуску загучыць у Коласа, у новы час і ў новых умовах, вяшчуючы наступленне жаданай для беларускага слова пары, абзываючыся жыватворным уплывам вялікага Міцкевіча. Так Міцкевіч-Колас пачынае сваю «Новую зямлю» — рэч, як і «Пан Тадэуш», эпічную, але не ў даўніну звернута яна, а ў будучыню: яна будзе расці разам з ростам нацыянальнай свядомасці і нацыянальнай літаратуры, той літаратуры, дзе поплеч з Коласам стаяць велічныя постаці Купалы і Багдановіча.
Гісторыя як бы ўзнагароджвае нас за мінулыя страты.
Час вяртае Радзіме яе сыноў.
Ні на кім не адбілася прадвызначэнне часу, так, як на лёсе Багдановіча.
Краіна-браначка
Адам Ягоравіч пакінуў Беларусь у год смерці жонкі. Максіму Багдановічу было тады пяць год. З гэтага часу ён выхоўваецца, вучыцца, сталее па-за Беларуссю. Пяцігадовы ўзрост — магчыма, самы ўражлівы ўзрост, аднак у сэнсе ўласна беларускіх уражанняў наўрад ці даў ён што-небудзь істотнае Багдановічу. Асяроддзе інтэлігенцыі, няхай нават і дэмакратычнай, народнай, у якой ён выхоўваўся ў Мінску і Гродна, трэба думаць, не надта шанавала нацыянальны элемент у выхаванні і побыце. Інтэлігенцыя і дома і на людзях гаварыла па-руску. Сям’я Адама Ягоравіча тут таксама не выключэнне. Бо нездарма ж сам ён піша, што «на няўдзячнай ніве пісання вершаў па-беларуску» ў Мінску спрабаваў свае сілы хіба адзін толькі Янка Лучына (Неслухоўскі). Кропля ў моры! На гэта амаль ніхто не звяртаў сур’ёзнай увагі. У тым ліку і сам Адам Ягоравіч. Ён быў заняты іншым. «Беларусіка» (ягоны тэрмін) магла цікавіць хіба што з этнаграфічнага боку. Нават куды пазней, у год першай паездкі сына на радзіму (1911), куды той прыехаў ужо вядомым беларускім паэтам, Адам Ягоравіч схільны лічыць «карціну беларускага адраджэння даволі бязрадаснай», але, праўда, тут жа дадае, што «не рабіў спробы расхалоджваць яго (г. зн. сынавага. — М. С.) парыву». Што ж, і на гэтым дзякуй.
Самым моцным «беларускім» уражаннем Максіма Багдановіча была смерць маці. Калі ўсёй меры трагедыі ён не мог разумець, дык перажываць яе ён мог несумненна. Нездарма ж у яго была матчына, а гэта значыць, надта ўражлівая натура. Так сведчыць сам бацька. Гэта засталося на ўсё жыццё. Рана пазбаўлены матчынай ласкі, ён усё жыццё сумаваў па ёй. Здагадацца пра тое мы можам і па ягонай творчасці: найвышэйшы ідэал жанчыны для яго — мадонна, маці. Трапяткая і пяшчотная, ласкава-трывожлівая ў сваёй мацярынскай любві.