Па-рознаму, значыцца, можна «не перашкаджаць»!
Ну а тыя, хто ўсё ж перашкаджаў? Не па прыроднай схільнасці зласлівага розуму ці душы, а, так сказаць на прынцыповай, ідэйнай аснове. Трэба думаць, і такія былі, і не ў адзінкавай колькасці. «Забіць трывогу аб той мове, якой азваўся беларус» — ахвотнікаў заўсёды многа было. Глядзелі і выносілі прысуд з высокіх, «дзяржаўных» пазіцый. Навошта гэтыя мясцовыя тэндэнцыі, навошта заводзіць сваркі ў доме? У доме павінен быць адзін гаспадар, адзін бацька.
I дзеці павінны слухацца бацьку. Ну а славянская, святая славянская ідэя? Што ж, і яе вы хочаце падраць на пярэстыя шматкі, імі вы хочаце перавязваць свае «мясцовыя» раны? Не, у ідэі павінен быць адзін штандар.
Так, ці прыблізна так маглі думаць у асяроддзі, дзе жыў Багдановіч.
Адзін з «ідэйных» — брат Анюты Гапановіч, стрыечнай Максімавай сястры, той Анюты, у якую быў закаханы паэт, Пётр Гапановіч. Сваяк і як быццам друг. I прынцыповы, так сказаць, праціўнік. Яны спрачаліся. Па нацыянальным пытанні. Гапановіч — «разважлівы, халаднаваты», «непараўнальна валодаў сілагізмам». «I Максім — гарачы, страсны, амаль апантаны». Яны спрачаліся. «Волна и камень», «лёд и пламень» усё ж надта розняцца між сабой. Гапановіч лічыць нацыянальную, «мясцовую» ідэю фікцыяй, выдумкай гарачых галоў, якія прымаюць мару за рэальнасць. Дзе факты? Немалая колькасць бясплатных карэспандэнтаў «Нашай нівы»? Гульня! На адным энтузіязме далёка не паедзеш, Трэба хаця б такі-сякі, не кажучы пра іншае, фінансавы грунт. Бясплатныя карэспандэнты! Дык гэта ж ад беднасці. Філантропія, адна філантропія. Правінцыяльная філантропія.
Спрачаліся — можа, так, а можа, і не так. Несумненна адно: Максім для Гапановіча — ідэаліст. Ідэя ягоная нічога не вартая. Не прадмет спрэчкі захапляе Гапановіча, а магчымасць адточваць свае сілагізмы. Няхай цешыцца, няхай, урэшце, верыць. Справа яго. На іншае ён не здатны. Не задурыў бы толькі Анюце галаву. Яна, здаецца, разважлівая дзяўчына, але ж… Такога кавалера, як Максім, ён, «разважлівы, халаднаваты», сястры, вядома, не жадаў. Ён па-сапраўднаму ўстрывожаны, гэты «логік», калі дазнаецца пра намер Максіма прыехаць з Яраслаўля ў Ніжні. Перад Багдановічам тым часам востра паўстала праблема ўладкавання жыцця пасля сканчэння ліцэя. Куды падацца? Што рабіць? Ехаць у Мінск? Але ідзе наступленне немцаў, і яшчэ невядома, чым яно скончыцца. Ёсць пагроза акупацыі. А потым — Анюта. Трэба было б неяк праясніць адносіны.
Гэтых адносін Пётр Гапановіч баіцца больш за ўсё. Не, ён раскрые вочы на тое, хто гэты Багдановіч. I ён піша. Ён выдае Багдановічу характарыстыку, лепш ад якой наўрад ці мог бы, на наш сённяшні погляд, хто-небудзь даць. Ён упэўнены, што сястра, да якой ён піша (не Анюта, а другая сястра — Вера Іванаўна), зразумее ўсё як трэба і зробіць усё належнае, каб перашкодзіць адносінам паміж Багдановічам і Анютай. Гапановіч піша: «Заўзятыя адносіны да „самасційнай“ Беларусі да рэшты паглыналі ўсе яго турботы і ўсю ўвагу. Ён замыкаўся сваім пакоі, паглыбляўся ў гэтыя пытанні і такой шчыльнай двайной абалонцы, ізаляваны ад жыцця, правёў усе апошнія гады.
Так абмалёўваецца яго цяперашняе становішча, і адсюль ідзе яго рашэнне кінуць дом свайго бацькі і Аляксандры Афанасьеўны і на баку пачаць новае жыццё».
Гэта напісана ў 1915 годзе. Багдановіч ужо аўтар «Вянка». Вянок славы, будучай вялікай славы ляжыць ужо на яго галаве, але «логік» Гапановіч не бачыць гэтага. Вецер часу шуміць у лаўровым лісці гэтага вянка, але «сілагістык» Гапановіч не чуе гэтага, ён мармыча нешта пра «двайную абалонку», пра ізаляцыю ад жыцця. О чалавечы практыцызм, о цвярозы рэалізм мяшчанства, колькі разоў ты браўся выносіць прысуд генію і колькі разоў выносіў прысуд сабе самому!
Жыццё… Ізаляцыя ад жыцця. Мешчанін разумее толькі «жыццё», але ніколі не спасцігае ягонай меры — часу. «Ізаляваны ад жыцця» Багдановіч насіў у сабе жыццё ў яго найвышэйшым і найшырэйшым вымярэнні. У маленькім пакойчыку таго, каго празвалі Максімам Кніжкіным, жыў сам час. Там, у цесным пакойчыку, месцілася ўся Беларусь. Далёкая і блізкая Беларусь, «краіна-браначка». Бацька кажа: выбарам жыццёвага шляху, выбарам мэты сын абавязаны «непераадольнай цязе, роднай стыхіі, інтуіцыі, што далася ад продкаў». Магчыма, і так. Але ці можна растлумачыць усё толькі гэтым? Сам жа Адам Ягоравіч стаяў яшчэ бліжэй да продкаў, чым сын. I бліжэй да скарбаў «бабкі Рузалі». «Астатняе зрабіла цвёрдая воля і ўпартасць у працы». Ну добра. Дададзім яшчэ і талент, пра які чамусьці забыўся Адам Ягоравіч. Мы растлумачым сабе Багдановіча — надзвычай патрабавальнага паэта-майстра, але як растлумачыць нараджэнне ў Багдановіча менавіта беларускага паэта? Адам Ягоравіч меў і талент, і інтуіцыю, што далася ад продкаў, і зайздросную настойлівасць у працы, і цвёрдую волю, аднак не стаў фігурай такога маштабу, як сын, хоць і намнога перажыў яго. Не, мусіць, і «кліч продкаў», і талент, і воля маюць значэнне тады, калі іх прыводзіць у рух якая-небудзь вялікая, па-грамадску значная ідэя. Для Багдановіча такой ідэяй была ідэя нацыянальнага і сацыяльнага разняволення роднага народа. А падказаў яе Багдановічу час.