Добра, дапусцім, што так, але ж і справа з Багдановічам куды складаней, чым гэта паказаў А. Лойка. Багдановіч, сапраўды, не супраць «новых» грамадзянскіх матываў, але вось што важна і што, па сутнасці, падкрэслівае крытык: адных грамадзянскіх матываў яму, крытыку, мала. Калі ён піша пра «смеласць», якой павяваюць лепшыя вершы зборніка, дык мае на ўвазе не толькі грамадзянскую смеласць, а і смеласць мастацкую, арыгінальную распрацоўку новых тэм і матываў. «Ужо і краса прыроды і краса кахання знайшлі сабе месца ў ягоных творах» — вось за што, як вядома, хваліць Багдановіч Купалу ў другім сваім аглядзе, згадваючы наступны паэтаў зборнік «Шляхам жыцця». Багдановіч, як бачым, паслядоўны. Не заўважыць гэтага, не заўважыць акцэнту яго думкі нельга. А да чаго ж яна, гэтая думка, зводзіцца ў А. Лойкі? Калі ўважліва прачытаць яго, прасякнуцца ягонай логікай, дык выйдзе, нібыта Багдановіч патрабаваў нейкага простага паднаўлення старых «грамадзянскіх матываў». Састарэлі адны — падавай новыя, «нечуваныя яшчэ», «яшчэ больш грамадскі дзейсныя, наступальныя». А тыя, «сыграўшыя сваю грамадскую ролю», — у архіў. Можа, не так хацеў сказаць А. Лойка, але аб’ектыўна ў яго выйшла так. I Багдановіч у яго стаў падобны на вульгарна-сацыялагічнага крытыка.
Думка Багдановіча — важная думка, яна не страціла каштоўнасці і на сённяшні дзень.
I сёння мы яшчэ недастаткова клапоцімся пра тую сапраўдную дзейснасць мастацтва, якая ва ўсебаковым, арганічным выяўленні яго магчымасцей, у яго жыццёвай паўнаце, ва ўсведамленні таго, што для мастацтва няма забаронных тэм, што выхоўвае яно не простай ілюстрацыяй тых ці іншых думак і ідэй, а сваім чалавеказнаўчым пафасам і, урэшце, сваімі пошукамі прыгажосці, сцвярджаючы ці адмаўляючы пры гэтым — усё роўна.
Літаратура, несумненна, і выхоўвае і вучыць, але, здаецца нам, толькі тады, калі застаецца літаратурай у арганічным сэнсе гэтага слова. Прызначэнне літаратуры перш за ўсё — даследаваць жыццё, даследаваць адпаведна сваім, закладзеным у ёй законам.
Багдановіч на самым пачатку сваёй творчасці разумеў гэта. Ён хацеў, каб гэта зразумелі і іншыя. Надта блізка да сэрца браў ён усе праблемы маладой нашай літаратуры, надта хацеў ён, каб з найбольшай карысцю для нацыі, для «ўсясветнай культуры» ішла яна сваім паскораным, бяспрыкладным крокам.
Вось чаму Багдановіч пастаянна вучыцца сам і вучыць іншых. Творыць і аналізуе. Аналізуе і творыць. I пастаянна трымае руку на пульсе літаратурнага працэсу.
У заваяваным царстве
Вершы, якія ўпершыню па-сапраўднаму звярнулі ўвагу на Багдановіча як паэта, былі вершы з міфалагічнага цыкла «У зачарованым царстве». Рэакцыя на гэтыя творы была даволі супярэчлівая — ад прынцыповага іх непрыняцця (тады ж было выказана ўпершыню ў дачыненні да Багдановіча абвінавачванне «дэкадэнт») да безагаворачнага, аплагетычнага нават прызнання, — вядома, у самой сваёй накіраванасці палемічнага, супроцьпастаўленага другім, таксама крайнім, ацэнкам. Як ні дзіўна, і сёння, калі мы хочам адвесці ад Багдановіча абвінавачванне ў дэкадэнцтве, ламаем свае крытычныя коп’і менавіта над гэтымі вершамі, як бы паўтараючы «памылку» тых першых крытыкаў Багдановіча, якім засцілі вочы менавіта гэтыя вершы паэта і якім не хапіла адвагі быць паслядоўнымі да канца. Бо той, хто хацеў бы ўпарта бачыць Багдановіча сімвалістам, дэкадэнтам, мог бы знайсці для сваіх, вядома, тэндэнцыйных, высноў дастаткова матэрыялу (і нават больш прыдатнага) і ў больш позніх, так званых «класічных» вершах. Але такая ўжо сіла інерцыі!