Выбрать главу

«З прыродай зліўшыся душой», чалавек не перастае чуць і бачыць, не перастае аналізаваць свае адчуванні, але гэта не перашкаджае яму мець задавальненне і радасць ад «зліцця»: наадварот, менавіта элемент асэнсаванасці і аналізу надае ягонаму судачыненню з прыродай высокі эстэтычны і духоўны сэнс. Якая вялікая, невымерная розніца паміж тым, як зліваецца з прыродай лясун, не могучы ні асэнсаваць, ні адчуць гэтага зліцця, а значыць, не могучы мець ад яго ніякай радасці, і паміж тым, як далучаецца да прыроды чалавек, адчуваючы сябе яе душой і думкай!

Мы бачым цяпер, што нічога загадкавага, экзатычнага, тым больш дэкадэнцкага, няма ў міфалагічных вершах Багдановіча, якія зусім не былі для яго самамэтай. Не проста паэзіяй паганскага светаадчування захапіўся ён, а выказаў на яго аснове і з яго дапамогай надта сучасныя для яго, надзённыя і глыбокія думкі. Не паганства было ягоным ідэалам, а гарманічна развітая чалавечая асоба, надзеленая здольнасцю чуйна ўспрымаць прыгожае ў прыродзе і ў свеце.

Мадонны

У анкеце, пасланай Адаму Ягоравічу Камісіяй Інбелкульта па спадчыне Багдановіча, быў і такі пункт: «Адносіны да дзяўчат». Бацька напісаў: «Я ніколі яго не бачыў у жаночай кампаніі, за выключэннем яго стрыечных сясцёр. Думаю, што ён ніколі яе і не шукаў. Ён занадта быў сур’ёзны і чысты для фрывольных сувязей і надта чэсны, каб уводзіць каго-небудзь у зман наконт сур’ёзнасці сваіх намераў, а пра жаніцьбу ён, мусіць, не думаў з выпадку сваёй хваробы».

Што ж, фрывольныя сувязі — гэта сапраўды было не для Багдановіча. I ў жаночых кампаніях ён таксама, мусіць, не надта часта бываў. I надзеі на ўласнае сямейнае шчасце з прычыны ўсё той жа хваробы ён таксама, мусіць, не меў ці, дакладней, мець не хацеў. I ўсё ж як натуру ўражлівую, надзеленую выключнай эмацыянальнай памяццю і несумненна артыстычную яго не мог не вабіць да сябе і пастаянна не хваляваць вобраз жанчыны. Ды, зрэшты, і пра «кружэнні» ягонага сэрца мы сёння можам меркаваць і грунтоўней і глыбей, чым гэта здавалася Адаму Ягоравічу. Бацька, напрыклад, згадвае, што падчас першай паездкі ў Крым, жывучы на малочнай ферме «Шалаш», Максім пазнаёміўся з маладой дзяўчынай Кіціцынай, містычныя настроі якой, мусіць, зрабілі на паэта даволі моцнае ўражанне. Іхняя перапіска (прынамсі, яна існавала тады, калі Адам Ягоравіч пісаў свае ўспаміны пра сына, — цяпер яна загінула), на думку бацькі, не дае ўсё ж падстаў гаварыць пра нейкае сур’ёзнае і моцнае захапленне. Праўда, Адам Ягоравіч агаворваецца, што перапіску ён чытаў няўважліва, і не настойвае, такім чынам, на сваёй думцы. Як там было на самай справе, устанавіць мы цяпер, бадай-што, не здолеем. Шукаць сляды гэтага юнацкага захаплення паэта, мусіць, трэба ў ягонай творчасці. Бацька выказвае меркаванне, што Кіціцынай прысвечаны верш «Я, бальны, бяскрыдлаты паэт…». З ім можна згадзіцца: гаворыць за тое як дата напісання верша — 1909 год — якраз год паездкі ў Крым, так і спамінак пра прывет, які «чуда зрабіў», і вось «бальны, бяскрыдлаты паэт на гадзіну забыў сваё гора». Верш, трэба думаць, напісаны пасля вяртання ў Ніжні Ноўгарад, ён напісаны на фотакартцы, толькі чамусьці тую фотакартку паэт адрасатцы не адаслаў. Не будзем гадаць, з якой прычыны. Можна сказаць адно: калі і было ў Багдановіча якое пачуццё да Кіціцынай, дык было яно гнятлівым, трудным і сапраўднай радасці кахання яму не прынесла. Агульны тон верша, яго змест сведчаць пра гэта. Ды і не толькі гэты верш. Безнадзейнасць, змрочная і трохі нават экзальтаваная акцэнтоўка на блізкасці скону («Мо жыцця майго верш ужо спет…») у другім вершы — «Цемень», прысвячэнне якога — «Ахвярую М. А. Кіц-най» — выразна паказвае на адрасата, пераходзяць ледзь не ў роспач:

Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок. Над зямлёю — імгла, у душы маёй змрок.

Дзе выратаванне, дзе?

Але вось цераз цемень маланка блішчыць, Асвячае мне вобраз Хрыста… яго крыж… Ажываеш, здаецца, душою гарыш.

Як асуджана-мерна, гнятлівай ступою калывае радок, і здаецца ўжо, што надзея на Хрыста-выратавальніка забіта ў самым зародку: гэта як бы парыў без хацення, надзея без надзеі на радасць. I, сапраўды, далей паэт гаворыць:

Але толькі чаму ж так малы гэты час?! Зноў навокала цемень. Свет зірнуў і пагас. Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста. Над зямлёю імгла, у душы пустата.