Гэта — безвыходнасць. Не безвыходнасць наогул, а знемажэнне душы пад цяжарам экзальтавана-змрочнай, хваравітай і да таго ж чужой думкі. Гэта як бы часовая хвароба душы. Бо вось што яшчэ спыняе нашу ўвагу. Верш, прысвечаны дзяўчыне, можа нават каханай дзяўчыне, і ў ім тым часам ніводнага слова пра каханне, пра зямную, пачуццёвую блізкасць дзвюх душ. Няхай нават не так. Няхай нават каханне перанесена ў іншую, «боскую» сферу, няхай гаворка ідзе пра любоў «во Христе», але дзе ж тут тады «сорадованне», урачыстае і святочнае зліццё дзвюх роднасных душ у «вобразе Хрыста»? Няма гэтага, не адчуваецца яно! Паэт, наадварот, як бы аддзяляе сябе ад каханай, як бы скардзіцца ёй, што «боскае» насланнё і празарэнне не даюцца яму, што «боскія» радасці недаступныя яму гэтак жа, як зямныя.
Наконт апошніх, зямных радасцяў, паэт, мусіць, салгаў сам сабе. Прызнаючыся, што рэлігійны аскетызм не пад сілу яму, ён аб’ектыўна сцвярджаў тым самым здатнасць сваёй душы да ўспрыняцця па-зямному паўнакроўных і здаровых уражанняў. Калі няма радасцяў «боскіх», гэта яшчэ не значыць, што няма радасцяў зямных. Шчыра Багдановіч не мог так сказаць. Гэта было не інакш, як тактоўнае апраўданне перад каханай, апраўданне ў духоўнай, рэлігійнай здрадзе ёй («Свет зірнуў і пагас». «Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста»), I спроба прыглушыць для яе гэту здраду як бы ўсведамленнем пакарання за тое («Над зямлёю імгла, у душы пустата»).
Артыстычнай, уражлівай душы Багдановіча з яе пастаяннымі парываннямі да гармоніі і красы («Красу, і светласць, і прастор шукаў…») былі, вядома, чужыя экзальтавана-містычныя настроі ягонай сяброўкі, хоць нельга і адмаўляць таго, што на нейкі час ён не мог не падпасці пад іх і не паверыць у іх як спараджэнне сваёй жа душы. Але скора, скора спаў туман з ягоных вачэй! Багдановіч, які не спакусіўся, як многія яго сучаснікі-дэкадэнты, змрочна-самабытнай паэзіяй паганства дзеля яе самой, Багдановіч, які адрынуў спакусліва-салодкае падполле ірацыяналізму дзеля светлай хароміны прасветленага жывой думкай і пачуццём жыцця, той Багдановіч не мог не адрынуць сябе і ад хваравіта-згублівай ахвярнасці дзеля «яснага вобраза Хрыста».
Песня каханню не ўдалася ў Багдановіча з той, каму прысвечаны быў верш «Цемень». Затое праз год-другі напіша ён верш «Першая любоў», і будзе ён прысвечаны ўжо некаму іншаму.
I ці не тыя гэта «імгла» і «мрок», што былі ў вершы «Цемень», не палохаюць цяпер паэта, ці не тая гэта «пустата» «знікае з сэрца»?
I ўсё ж чамусьці не хочацца думаць, што тая невядомая дзяўчына Кіціцына з тым пакутна-супярэчлівым вершам «Цемень» назаўсёды сышла з душы паэта і з ягоных думак. Мне чамусьці хочацца думаць так. Вось ёсць у Багдановіча цудоўны верш пра зорку Венеру, якая светла ўзышла над зямлёю, пра апошні вечар расстання, пра згадку аб тым вечары «ў далёкім краю» — і ёсць у вершы найцудоўнейшыя радкі, у якіх паэт просіць каханую глянуць іншы раз на тую зорку — «у расстанні там з ёй зліём мы пагляды свае…». Найцудоўнейшыя радкі, роўныя па сіле ўздзеяння, па сваёй высокай паэтычнай прастаце можа нават славутаму лермантаўскаму — «и звезда с звездою говорит». I вось я думаю: каму аддаць гэтыя радкі? Проста нейкай дзяўчыне, у якой нават няма ні прозвішча, ні імя, як у Кіціцынай, пра якую мы нават не ведаем, дзе яна жыла: у Яраслаўлі, у Вільні, у Мінску — ці, можа, палічыць іх проста выдумкай паэтавай галавы, як Вераніку з аднайменнага паэтавага вершаванага апавядання? Шкада, нават неяк вельмі шкада пакідаць гэты верш без адрасата. Хацелася, каб, як у выпадку з пушкінскім «Я помню чудное мгновенье…», згадвалася імя жанчыны — і не абавязкова думаць, што яна, тая жанчына, абавязкова павінна быць вартая такога верша. Папраўдзе, ці так ужо і Керн была вартая геніяльнага верша, ці так ужо і Наталля Мікалаеўна была вартая не менш выдатнай пушкінскай «Мадонны»? Ёсць паэзія, ёсць высокая мара паэта пра каханне, — ці так ужо гэта мала?!
Я аддаў бы Багдановічаў «Раманс» так мала знаёмай нам дзяўчыне Кіціцынай. Няхай! Яна спыніла на сабе ўвагу Багдановіча: яму тады было васемнаццаць год. Ён не меў, мусіць, з ёй па-сапраўднаму шчаслівага кахання, але хто сказаў, што каханне абавязкова павінна быць шчаслівым? Я ўяўляю: гаворкі з ёю захаплялі яго. Яе непадобнасць да другіх, яе містычны парыў у надземнае.