Вернемся да цыкла «Мадонны». Калі ў цыкле «У зачарованым царстве» свет паганскі кантрастуе са светам сучаснай паэту рэчаіснасці, то ў «Мадоннах» такога кантрасту няма: тут усюды гарманічна, мякка ўзяты адзін свет — свет, умоўна кажучы, «хрысціянскі», бо не станем жа мы адмаўляць, што ідэя «мадонны», як увасаблення зямной, а ў гэтым сэнсе і боскай прыгажосці, ёсць ідэя адраджэнчая і «хрысціянская». Іншая справа, што мадонна ў Багдановіча, як было ўжо сказана, усюды беларуская, паколькі і «хрысціянская» ідэя даўно ўжо стала і «беларускай» — у свеце маральных вызначэнняў, а цяпер, пасля цыкла Багдановіча, набыла і мастацкае вызначэнне.
Мадонна для Багдановіча — гэта не проста ўвасабленне жаночай прыгажосці. Жаночая прыгажосць набывае для паэта сэнс і знаходзіць сабе апраўданне тады, калі яна ўвысакароджана святым прызначэннем жанчыны-маці. Менавіта вось так чытаюцца вершаваныя апавяданні «У вёсцы» і «Вераніка» з Багдановічавага цыкла, на якіх усюды светла ляжыць ціхамірны водбліск далёкага італьянскага Адраджэння, у якіх праз рысы вясковай дзяўчынкі і паненкі Веранікі праступае несмяротны вобраз Рафаэлевай мадонны, той мадонны, што натхняла Пушкіна і Дастаеўскага (ды і ці адных толькі іх!), пра якую старэйшы сучаснік Пушкіна і яго настаўнік Жукоўскі пісаў так: «Расказваюць, што Рафаэль, нацягнуўшы палатно сваё для гэтай карціны, доўга не ведаў, што на ім будзе: натхненне не прыходзіла. Аднойчы ён заснуў з думкай пра Мадонну, і, мусіць, нейкі анёл разбудзіў яго. Ён прахапіўся: яна тут, закрычаў ён, паказаўшы на палатно, і накрэсліў першы малюнак… На яе твары нічога не выказана, гэта значыць, на ім няма выразу зразумелага, які б меў пэўнае імя; але ў ім знаходзіш, у нейкім таямнічым спалучэнні, усё: спакой, чысціню, веліч і нават пачуццё, але пачуццё, якое перайшло ўжо за мяжу зямнога, значыцца, мірнае, пастаяннае — яно не ў стане ўжо замуціць яснасці душэўнай… Яна не падтрымлівае Дзіцёнка, але рукі яе пакорліва і свабодна служаць яму прастолам… I ён, як цар зямлі і неба, сядзіць на гэтым прастоле».
На «крывой і вузкай» вясковай вулачцы, сярод «вясковай нуды» паэт робіцца сведкам таго хвалюючага, высокага пачуцця, той прыгажосці душэўнай, ад якой і сам харашэе душой. I не так важна, што яго Мадонна — «так год васьмі дзяўчынка», а яе дзіцёнак — замурзаны вясковы хлопчык, можа брацік той дзяўчынкі, якой маці, ідучы ў поле, строга наказала быць нянькай. Важна не гэта, а вось што:
Ад ідылічнай і ў той жа час нейкай трывожна трапяткой карцінкі, падгледжанай паэтам, павеяла «якойсь шырокаю, радзімаю красою». Але далей паэт піша: