Выбрать главу

Багдановіч-тэарэтык і Багдановіч-паэт ідуць усюды поруч. Яму, патрабавальнаму майстру, здаецца, што ступень майстэрства таго ці іншага твора можа быць вызначана з дапамогай адпаведным чынам распрацаванай матэматычнай шкалы. Мы не ведаем дакладна, які канкрэтны прынцып хацеў пакласці Багдановіч у аснову сваёй шкалы: думка паэта перадаецца ягонымі сучаснікамі даволі спрошчана — можа хаця б таму, што ў той «ідэалістычны» перыяд нашай літаратуры, на тым узроўні літаратурнай тэорыі гэты матэматычны прынцып Багдановіча ў дачыненні да мастацтва выглядаў проста дзівацтвам. Успомнім, што прыкладна ў гэты час у Расіі Брусаў з палемічным запалам прапагандаваў ідэі так званай «навуковай паэзіі», заснавальнікам якой лічыўся Рэнэ Гіль, прапагандаваў не сказаць каб паспяхова, бо гэтая школа нават на радзіме яе творцы, у Францыі, таксама не шмат мела прыхільнікаў. Нагадваючы пра «навуковую паэзію», мы ніякім чынам не хочам паставіць пошукі Багдановіча ў залежнасць ад яе. Рэчы гэта зусім розныя. Там былі пошукі паэтаў у галіне матэрыялу самой паэзіі, у Багдановіча — пошукі паэта ў галіне навукі аб вершы. Кажучы мовай сучаснага літаратуразнаўства і лінгвістыкі, Багдановіч падступаўся да структуральнага аналізу мастацкай сістэмы верша, таго аналізу, які немагчымы без прымянення матэматычных метадаў апісання і аналізу. Тое, што магло здавацца дзівацтвам некалі, стала сёння нормай у пэўнай галіне літаратуразнаўчай тэорыі.

Справядліва думаць, што цэнтр усялякіх эстэтычных пошукаў ляжыць у вырашэнні кардынальнага пытання эстэтыкі — адносін мастацтва да жыцця. Толькі недаравальна абмяжоўваць думку Багдановіча адным прызнаннем эстэтычнай прыдатнасці гэтага жыцця (маўляў, прыгожае — у жыцці, прыгожае — жыццё). Для Багдановіча гэта было само па сабе зразумелае. Таму, дарэчы, ён не асабліва і акцэнтаваў сваю думку на такім, даволі агульным вырашэнні пытання, на вырашэнні, якое б задаволіла «чыстага» філосафа, але толькі не філосафа-мастака, якім быў Багдановіч. Прыгожае ў яго жыццёвай функцыі — вось што пастаянна турбуе Багдановіча. Чым павінна быць мастацтва — сродкам ці мэтай? Калі сродкам, то ці павінен паэт цалкам залежыць ад спажыўца? Калі мэтай, то хто павінен быць суддзёй паэту? Багдановіч рашуча стаіць за самавызначэнне мастацтва — не ў сэнсе ягонай адарванасці ад жыцця і самамэтнасці, а ў сэнсе прызнання своеасаблівасці ягонай ролі ў жыцці чалавека. Каб быць карысным, мастацтва павінна адпавядаць пэўным эстэтычным нормам, але вось бяда: гэтыя нормы не заўсёды, як мы ведаем, супадаюць з нормамі жывога, непасрэднага жыцця. Вось чаму паэт не застрахаваны ад несправядлівага суда, вось чаму ён можа сумнявацца ў сваім прызначэнні як мастака наогул. Ці патрэбна каму яго мастацтва? Дастаеўскі неяк пісаў: «Нават у Пушкіна была гэтая рыса: вялікі паэт не аднойчы саромеўся таго, што ён толькі паэт. Магчыма, гэтая рыса сустракаецца і ў другіх народнасцях, але, аднак, наўрад. Наўрад, прынамсі, у такой ступені, як у нас. Там ад даўняй звычкі да справы ўсіх і кожнага паспелі рассартавацца заняткі і значэнні людзей, і амаль кожны там ведае, разумее і паважае сябе — і ў сваім занятку, і ў сваім значэнні. У нас жа… трошкі іначай. Затоеная глыбокая ўнутраная непавага да сябе не мінае нават такіх людзей, як Пушкін і Граноўскі». Прыгадваеце, гэта нешта падобнае на думку Чарнышэўскага аб «падзеле працы» ў грамадстве, аб тым, што ў маладым грамадстве літаратура не можа быць толькі літаратурай, Пушкіну сорамна, што ён «толькі паэт», хоць, вядома, толькі паэтам ён не быў. Хоць і заяўляў, што паэт народжаны «не для житейского волненья, не для корысти, не для битв». Але ж гэта было зразумелай рэакцыяй на тыя пачварныя формы залежнасці паэта ад грамадства, якія часта выпрацоўвае жыццё. I Багдановічу было сорамна, што ён паэт. У «Апокрыфе» музыка кажа Хрысту: «…сорамна мне, бо сягоння дзень працы і ўсе клапоцяцца каля яе; адзін я нікчэмны чалавек». I Багдановіч, як і Пушкін, у іншыя хвіліны горача і страсна абараняе сваё права на званне мастака. Хрыстос адказвае музыку: «Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты — лішні на зямлі. Запраўды кажу я табе: вось надойдзе да яго (селяніна. —

М. С.) гадзіна горычы — і чым ён разважыць смутак свой, апроч песні тваёй? Таксама і ў дзень радасці ён прызавець цябе». I яшчэ вось такія словы ёсць у «Апокрыфе»: «Я ж гавару вам: добра быць коласам; але шчасліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»