Жонка прынесла лёд. Прыйшоў доктар. «Шампанскага!» — сказаў доктар. Антон Паўлавіч сеў, узяў бакал. Доктар глядзеў на Чэхава. Яму здалося, што хворы хацеў нешта сказаць. Доктар нахіліўся да Чэхава. Моцна, нібы побач з ім быў глухі, Чэхаў сказаў: «Іх штэрбэ…» («Я паміраю»). Выпіў шампанскае. Усміхнуўся і дадаў: «Даўно я не піў шампанскага…» Асцярожна і ціха лёг на бок…
Вялізная чорная мятлушка пырхнула праз фортку ў пакой. Цень мітусіўся па сцяне, па столі, падаў на твар чалавека, што нерухома ляжаў на ложку, — ляжаў як трэба, перавернуты ўжо на спіну. Стаяла цішыня. Потым як бы выбух скалануў пакой — з бутэлькі выбіла корак…
…Багдановіч ляжаў выпрастаўшыся: адна рука падціснута была пад падушку, другая — далёка адкінута ўбок. Стаяла цішыня. Гаспадыня, яшчэ ні пра што не здагадваючыся, запынілася на парозе. Асцярожна прачыніла за сабой дзверы. Ступіла ў пакой і зразумела ўсё.
На табурэце каля ложка ляжаў кулёк з клубніцамі. Папера густа набрыняла чырванню. Нейкі скурчаны лісток валяўся на падлозе. Гаспадыня падняла яго і прачытала: «Дзень добры, стары верабей. Маладому вераб’ю блага…» Канверта нідзе не было. Не было, значыць, і адраса. Гаспадыня пачала шукаць адрас. На адным са старых канвертаў было пазначана: «Яраслаўль… А. Я. Багдановіч».
Гаспадыня не ведала, што бацька Багдановіча жыў у Сімферопалі.
Ад Сімферопаля да Ялты было семдзесят вёрст.
Стары верабей
Адам Ягоравіч пісаў успаміны пра сына праз шэсць год пасля ягонай смерці. Прасілі аб тым з Мінска. Падобна на тое, што Адам Ягоравіч быў здзіўлены. Значыцца, там, у Мінску, надаюць надзвычайнае значэнне сынавай працы, магчыма, нават лічаць яго класікам. Хто-хто, а ён, Адам Ягоравіч, у бібліятэцы якога «было ўсё, што было лепшага ў свеце, і нічога пошлага» (так ён пісаў сам і, магчыма, трохі перабіраў меру, як зазначаў з гэтага выпадку акадэмік і. Замоцін), хто-хто, а ён добра ведае, што такое класік.
Лёгкая, але ўсё-ткі адчувальная крыўда прабіваецца ва ўспамінах Адама Ягоравіча. Крыўда на сына? Не, хутчэй зайздрасць. I крыўда на свой лёс. Але ці не здаецца нам гэта, ці былі падставы да такой крыўды?
У Адама Ягоравіча даўно ўжо былі парваны амаль усялякія зносіны з Беларуссю. Ён памятаў, вядома, што на гродзенскіх могілках спачывала яго першая жонка, Максімава маці. Памерла яна ў 1896 годзе. У тым жа годзе Адам Ягоравіч разам з сям’ёй пераехаў у Ніжні Ноўгарад. «Над магілай было даручана апекаваць маім сябрам, але нікога з іх у Гродна ўжо няма». Сам Адам Ягоравіч у Гродна ніколі больш не быў.
Але ён памятаў не толькі гэта. Ён не мог не ўспомніць, што некалі сам напісаў брашуру пад навукова бясстраснай і адначасова грунтоўнай назвай «Перажыткі старажытнага светаўспрымання ў беларусаў». Гэта была добрая кніжка, самастойная і змястоўная, напісаная з пазіцый, якія тады, як і цяпер, не маглі не лічыцца прагрэсіўнымі. На кнігу звярнулі ўвагу буйныя польскія і рускія фалькларысты, прадракаючы аўтару зайздросную навуковую будучыню… А гэта ж быў, па сутнасці, толькі дэбют.
Што ж сталася потым, як сталася так, што А. Я. Багдановіча-вучонага мы адкрываем для сябе толькі цяпер, і то як бы ўскосна: зразумела кожнаму, што адной з не апошніх прычын нашай цікавасці да яго ёсць тая, што ён бацька паэта Максіма Багдановіча.
Адказаць на гэта пытанне не так проста. Не проста было разабрацца ў сваім лёсе і самому Адаму Ягоравічу, прынамсі, у той дзень, калі ён атрымаў з Мінска ліст, дзе была выкладзена просьба напісаць успаміны аб сыне.
Мы пішам не навуковую працу пра А. Я. Багдановіча. Агаворымся адразу, што і яго навуковыя памкненні, і яго жыццё цікавяць нас толькі ў сувязі з жыццём і творчасцю яго сына. Гэта — не жорсткасць. Гэта толькі спецыфіка ўзятай намі на сябе задачы. Вось чаму нас будуць цікавіць найбольш тыя моманты, якія наўрад ці знайшлі б месца ў акадэмічна вытрыманым даследаванні. Моманты гэтыя — псіхалагічныя. Інакш, больш агульна і шырока, гэта трэба было б назваць праекцыяй лёсу чалавека, асабістага і грамадскага, на тое, што завецца гісторыяй.
Была іронія гісторыі, іронія ўласнага лёсу ў тым, што, магчыма, не здолеў да канца зразумець Адам Ягоравіч. Іронію, праўда, ён адчуў і выказаў гэта так: «Якая неадпаведнасць у тым, што не ён пра мяне, а я пра яго павінен пісаць успаміны». Толькі справа тут не толькі ў тым, што бацька перажыў сына, хоць Адам Ягоравіч піша як быццам пра гэта.
Не, сапраўды: якая трагічная неадпаведнасць! Проста вучоны, непрызнаны вучоны А. Я. Багдановіч павінен пісаць успаміны пра свайго сына, найвыдатнейшага беларускага паэта, якому, калі ён памёр, не было нават 27 год. Проста вучоны, непрызнаны вучоны А. Я. Багдановіч пазней піша ўспаміны пра вялікага рускага пісьменніка Горкага, успаміны, якія праз многа год упершыню будуць выдадзены ў Беларусі, на яго і на сынавай радзіме.