Выбрать главу

У сям’і Багдановічаў было даволі своеасаблівае становішча: сям’я залежала ад вёскі і ў той час як бы і не залежала, яе эканамічныя, маральныя сувязі з вёскай вызначаліся даволі высокай рухомасцю, што асабліва важна, калі мець на ўвазе далейшы лёс Адама Ягоравіча. Гаспадаром яму наўрад ці можна было стаць: усё паказвала на тое, каб шукаць нейкай іншай дарогі ў жыццё, нейкай спецыяльнасці, а гэта, у сваю чаргу, магло здзейсніцца праз тую ці іншую навуку.

З другога боку (адзначым і гэта), менавіта тут, у вёсцы, і менавіта з выпадку асаблівага становішча сям’і Адам Ягоравіч меў больш чым дастаткова ўражанняў і нагляданняў таго парадку, які пазней склаўся ў сістэму своеасабліва асэнсаваных адносін да народнага вясковага жыцця. Тут, у вёсцы, адбылося, па сутнасці, нараджэнне Багдановіча-этнографа.

Значыцца, так: Адам Ягоравіч ідзе ў навуку. Праз многа год, аглядаючыся ў думках на той дзень, калі ён упершыню пераступіў школьны парог, Адам Ягоравіч напіша: «Гэта быў год маёй асуджанасці на цяжкую працу, працу нястомную і бясконцую, з недасяжнай мэтай — абняць неабдымнае, і прытым з непрыдатнымі сродкамі». Адчуваеце вы ў гэтых словах і шкадаванне, і крыўду, і горкае пасміханне з самога сябе? Адчуваеце? Тады слухайце далей: «…I каб я ведаў, чым гэта пахне і да якіх павядзе мяне вынікаў, то, бадай, не бег бы, падскакваючы, калі мяне вёў бацька ў школу, і не трапятаў бы ад радасці і страху, звычайных перад рызыкоўнай барацьбой, у якой можна і перамагчы, але і пацярпець жорсткае паражэнне». Якая сумная, трагічная выснова! I гэта гаворыць чалавек, для якога навука праз усё жыццё была ўсім, якой ён быў абавязаны не толькі кавалкам хлеба, не толькі месцам у грамадстве, але, самае галоўнае, магчымасцю і здольнасцю адчуваць сябе чалавекам, здольнасцю пазнання і магчымасцю задавальнення ад яго. Якой жа дарагой цаной куплена было Адамам Ягоравічам гэтае пазнанне, колькі, трэба думаць, расчараванняў прынесла яно яму, калі з-пад ягонага пяра выходзяць такія балючыя, амаль знішчальныя словы!

Ёсць нейкая трагічная заканамернасць у лёсе Адама Ягоравіча. Як назваць, як растлумачыць яе? Чэхаву належаць словы пра тое, што дваране бралі дармова ад прыроды тое, што разначынцы купляюць цаной маладосці. Дзед Чэхава быў прыгонны, Адам Ягоравіч нарадзіўся праз нейкі год пасля таго, як яго бацька перастаў быць прыгонным. Чэхаў пісаў пра чалавека, які цаной неймаверных намаганняў змушаны быў «выціскаць з сябе па кроплі раба». Адчуць сябе чалавекам можна толькі праз навуку, веды. З незвычайнай прагаю цягнецца Адам Ягоравіч да ведаў. Душа і розум яго кіпяць і рвуцца насустрач жыццю. Ён нават як бы ашаломлены тою безліччу магчымасцей, якія адкрывае перад ім навука і наогул любое ўмельства ў жыцці. Ён падобны на чалавека, які нечакана апынуўся перад грудаю золата, срэбра, каштоўнага камення і які не ведае, што ў першую чаргу ўзяць і колькі ўзяць. Вось ён вучыцца ў школе, вось ён уладкоўваецца вучнем у чыгуначныя майстэрні — не, не тое, вось ён навучаецца кандытарскай справе — зноў расчараванне, вось ён паступае да слесара, а праз колькі часу ён ужо стаіць за буфетам, потым — зноў вяртаецца да слясарнай справы. I разам з усім гэтым, над усім гэтым — кніга. Нарэшце рашэнне выспела: ноччу, крадком, ён пакідае гаспадара — наперадзе Нясвіжская семінарыя. Адам Ягоравіч прыстае да жаданага берага. Навука! Магчымасць чытаць, спрачацца, быць прылучаным да сапраўднага жыцця. Не будзем пералічваць, што чытаў, чым цікавіўся ў семінарыі Адам Ягоравіч, але несумненна, што тая шырыня інтарэсаў — навуковых і грамадскіх, — якая будзе спадарожнічаць яму праз усё жыццё, бярэ пачатак адсюль, са шчаслівай пары навучання ў семінарыі. Тут, дарэчы, Адам Ягоравіч пазнаёміўся з перадавымі тэорыямі часу, з гісторыяй рэвалюцыйнай думкі. У год сканчэння семінарыі ён наладжвае сувязь з прадстаўнікамі народніцтва: з гэтага часу Адам Ягоравіч пачынае дзяліць сваё жыццё паміж службай, навуковымі заняткамі і грамадскай ці рэвалюцыйнай работай. I так будзе заўсёды. Адам Ягоравіч не ашчаджаў, ды і не ўмеў ашчаджаць свае сілы. Ён, здаецца, не жыў, а высільваўся. Пазней Адам Ягоравіч пашкадуе пра гэта, прынамсі, як вучоны. Але інакш, мусіць, ён не мог. Магчыма, ён жыў бы інакш, каб мог трохі больш узяць «дармова ад прыроды». А ён жа быў, як ні кажыце, усё ж самавук: афіцыйная навука, ды яшчэ семінарская, як бы добра ні была пастаўлена яна, не магла яму даць і дзесятай долі таго, што ён уведаў, што узяў ад кнігі, адно дзякуючы сваёй незвычайнай цікаўлівасці і, магчыма, яшчэ самалюбству. Што самалюбства ў Адама Ягоравіча было вялікае, няцяжка здагадацца. Пра гэта, праўда мімаходзь, піша ён і сам, расказваючы пра гады навучання яшчэ ў пачатковай школе. Піша пра крыўду, пра пакуты самалюбства, якія цярпеў праз тое, што нейкі час быў не першым вучнем. Крыўда не толькі для яго, але і для бацькі — «асабліва пры самалюбстве майго бацькі і маім, праўда, меншым, але ўсё ж дастатковым».