Выбрать главу

- Так наш лiтасцiвы кароль зарабляў сабе вечнае жыццё, - сказаў лекар.

Абат пацiснуў плячыма i працягваў:

- I гэты прыклад меў свой плён. Тады людзi былi больш лiтасцiвыя да няшчасных. Прыклад караля натхняў штодня святыя душы, якiя не баялiся наблiжацца да пракажоных.

- Але, - ухвальна азваўся Жан Маяр, скрывiўшы сваю вялiзную сатыраву губу ў адмысловую грымасу. - Можна нават сказаць, што тады каралеўства кiшэла святымi, як мора рыбай. Не было рыцара, абата, манаха, набожнага буржуа, якi б не iмкнуўся знайсцi досыць страшнага пракажонага, каб, пацалаваўшы яго, адным махам здабыць вечнае збавенне i пры гэтым вызначыцца ў вачах караля. Нiколi, абат, ногi жабракоў не абмывалi лепей, чым тады. Нiколi пракажоных так не шкадавалi i не песцiлi. Я пытаюся ў сябе, цi цанiлi поўнай мерай адны i другiя гэтую дабрачыннасць i, што асаблiва важна, цi адчувалi яны належны гонар ад таго, што накiроўвалi гэтулькi душ у царства божае.

- Смейцеся, пане фiлосаф, - сказаў абат, - але мне страшэнна бракуе мiласэрнасцi, i праз гэта церпiць усё насельнiцтва лепразорыя. Што зробiш! У нашага караля Фiлiпа менш за ўсё балiць галава за пракажоных. Ён займаецца толькi вайною...

- I робiць гэта вельмi кепска, - перабiў лекар, - а яго васалы ваююць яшчэ горш i думаюць толькi, як набiць каўбух. Мяхi з вiном, акаваныя жалезам, няздатныя пабiць ангельцаў нават двое на аднаго... А што да нашых пракажоных, абат, то я лiчу, што яны добра прыстасавалiся да сваёй iзаляцыi.

Абат уздыхнуў:

- Гэта яшчэ горш. Яны прайшлi праз пакуты. Эгаiзм i злосць хваробы больш заразныя, чым праказа. Iхнiя сэрцы зачарсцвелi, i яны капiруюць паводзiны жыхароў далiны. Нi ў кога няма нiякага жалю да свайго брата. Вiдушчы пракажоны пагарджае сляпым. Бязносы пракажоны абыходзiць пракажонага, пакрытага язвамi...

- I ўсе ўцякаюць ад пракажонага мурына. Ваша праўда, але, я вам не раз казаў, пры нашай iзаляцыi павiнен быў узнiкнуць нейкi грамадскi парадак.

- Мне не патрэбны вашы абгрунтаваннi, - гнеўна крыкнуў абат. - Я ўсяго толькi бедны пастыр i лiчу, што гэтыя норавы агiдныя, але, што яшчэ горш...

Ён замаўчаў i прыгубiў чарку. Гэта быў спектакль. Ён нязграбна прытуляў сваю адвiслую, як у каня, нiжнюю губу да чаркi, амаль цалкам абхоплiваючы яе, i адначасова хлябтаў языком, як гэта робяць жывёлы. Лекар, употай назiраючы за iм, думаў, што яго сябар рабiўся ўсё больш i больш падобны да льва, але сёння гэта быў сумны леў, i гэта яму пасавала.

- Яшчэ горш, - працягваў абат, паставiўшы чарку, - я з жахам заўважаю, што i сам паддаюся гэтаму эгаiзму, якi мяне засмучае. Мне ўсё цяжэй быць мiласэрным да маiх пракажоных братоў. Кажу вам, нам патрэбен свежы струмень. Бываюць вечары, калi ад усёй гары тхне праказай. Ад гэтага паху знiкаюць усе хрысцiянскiя дабрачыннасцi.

- Што ж, я згодны, ад яе тхне праказай, - сказаў лекар. - Пах непрыемны, але цярпець можна, да яго можна прызвычаiцца, калi ты трошачкi фiлосаф. Да таго ж ён адганяе лiхiх людзей i вашых цяперашнiх баязлiвых хрысцiян, не забывайцеся пра гэта.

Ён збiраўся дадаць яшчэ нешта мудрае, калi з двара пачулiся крыкi брата Роза.

4

- Святы, брат абат! Бог нам паслаў святога! Ён прыйшоў, ён тут!

Абат здрыгануўся. Яго пляскаты нос зморшчыўся, як морда ўстрывожанага льва. Гэтая навiна, якая так цудоўна супала з ягонымi цяперашнiмi турботамi, здалася яму пасланнем нябёсаў. Ён ускочыў з крывога зэдлiка i падышоў да акна. Са свайго пакоя на другiм паверсе кляштара ён бачыў усю невялiчкую плошчу, на якую выходзiла цэнтральная вулiца лепразорыя. З наблiжэннем ночы над гэтым месцам звычайна апускалася панурая цiша, але ў гэты вечар лямант брата Роза выклiкаў дзiўнае рэха.

Дабрадзейны манах, спынiўшыся перад акном, не супакойваўся:

- Ён прыйшоў аднекуль вельмi здалёк, брат абат. Гэта вiдаць па яго запыленым адзеннi. Ён падышоў да мяне. Ён глянуў мне ў твар i не ўцёк. Ён абняў мяне. Ад ягонага дыхання пахне ладанам i мiртам.

Жан Маяр нецярплiва забурчаў.

- Гэты манах з'ехаў з глузду, i праз яго ў нас будуць непрыемнасцi з жыхарамi далiны. Нейкi падарожнiк, пэўна ж, не ведаючы, што мае справу з пракажоным... Ты не крыкнуў, каб адагнаць яго? Ты не папярэдзiў, што ты хворы? - гаварыў ён, звяртаючыся да манаха. - Так патрабуе закон, ты добра гэта ведаеш.

- Я так i зрабiў, пан лекар, а ён адказаў, што прыйшоў да пракажоных па добрай волi. Я так i зрабiў, кажу вам, i тады ён пяшчотна мяне пацалаваў.

- Пацалаваць пракажонага, - прашаптаў Жан Маяр з пагардай.

Абат не рашаўся аддацца пачуццю, якое пачынала ахоплiваць яго. Брат Роз быў такi збянтэжаны, што ён баяўся, цi манах не трызнiць.

- Дзе ён?

Манах павярнуўся i паказаў рукой. Са свайго акна абат угледзеў, як высокая постаць у рудой хламiдзе мiнула браму i накiравалася да кляштара. У гэтым нечаканым з'яўленнi было нешта таямнiчае, i гэта ап'янiла манаха i пераканала, што неба пачула яго малiтвы.

Незнаёмы напачатку, пакуль быў адзiн, крочыў даволi шпарка. Потым, зразумеўшы, што за iм сочаць цiкаўныя, якiя тоўпiлiся ў вузкiх завулках, што выходзiлi на галоўную вулiцу, пайшоў павальней, азiраючыся па баках.

Незвычайная ўзрушанасць брата Роза была з энтузiязмам сустрэта пракажонымi. Пры вонкавай абыякавасцi i бяздушнай пакоры яны, аднак, падзялялi тугу абата, бо ўсе хавалi ў сэрцах надзею, што ў iхнiм свеце зноў з'явяцца любоў, лiтасць i мiласэрнасць. Колiсь Тама д'Арфёй часта распавядаў iм з вышынi сваёй казальнiцы пра лiтасцiвага караля Луi i iншых святых, якiя iшлi ўслед за манархам. Цяпер ён больш не закранаў гэтай тэмы, бо баяўся, што гэта будзе жывiць у iх марную надзею. Аднак старэйшыя не забылiся тых гiсторый i пераказвалi iх малодшым.

Усе ўжо ўбачылi, што прыйшоў адзiн з тых легендарных персанажаў, пра сустрэчу з якiм яны ўпотай марылi. Крык "Святы" раптоўна раздзьмуў агонь, i ў iх адразу ўзнiкла прадчуванне цуду; незнаёмы быў Месiя, якога Ўсявышнi паслаў да iх, каб ператварыць iх пекла ў царства любовi. Аднак яны не наважвалiся наблiзiцца да яго. Здавалася, што незнаёмы выклiкаў у iх страх цi, можа, боязь расчаравання. Калi ён запаволiў хаду, нейкая старая з адвiслымi шчокамi, смялейшая за iншых, падышла крыху блiжай да дарогi i апынулася зусiм блiзка ад яго. Чужынец спынiўся, падышоў да яе i, пакуль астатнiя стаiўшы дыханне сачылi за iм, абняў i пацалаваў яе. Пасля гэтага ён пайшоў далей, а навокал пачуўся збянтэжаны гоман, у якiм адчувалася ўзрушанасць, што ахапiла лепразорый.

- Бачылi? - усклiкнуў надзвычай здзiўлены абат.

- Бачу. Здаецца, умельства здабываць месца ў царстве нябесным яшчэ не згiнула.

Пракажоныя рабiлiся ўсё смялейшыя, i незнаёмы iшоў па жывым калiдоры, а энтузiязм няшчасных гатовы быў абярнуцца фанатычным захапленнем. Калi ён падышоў да акна, сотнi знявечаных вуснаў паўтаралi крык брата Роза: "Святы, святы!" - i з усiх бакоў да яго цягнулiся рукi.

- Мiр табе, чужынец, - сказаў абат. - Мы ўсе, ты бачыш гэта, вельмi ўзрушаныя тымi знакамi тваёй прыязнасцi да нас, што ты выказваў, але цi добра ты разумееш, якой жахлiвай небяспецы сябе аддаеш?

- Я не баюся праказы.

Прыцiхлы натоўп быў, як i брат Роз, уражаны гэтым нiзкiм глухiм голасам, якi гучаў так дзiўна, бясспрэчна, таму, што чужынец гаварыў сцяўшы зубы. Збянтэжаны гэтым голасам i ўзрушаны высакароднасцю адказу, абат збег па драўляных сходах, рэзка адчынiў дзверы i апынуўся перад незнаёмым. Той упаў перад iм нiц, потым схапiў ягоныя рукi i асыпаў iх пацалункамi.