Выбрать главу

Жан Маяр не настойваў. Яны доўга iшлi моўчкi. Падыходзячы да вяршынi, яны заўважылi таго, хто нарабiў iм столькi клопату. Чужынец сядзеў на скале, непадалёк ад некалькiх буданоў апошняга перад вяршыняй паселiшча.

Нiводнага пракажонага не было вiдаць, але яны адчувалi позiркi, што пiльна сачылi за iмi з-за складзеных з галля сцен. Пракажоныя тут часцей за ўсё не пакiдалi сваiх вартых жалю логваў, нiбы саромеючыся паказацца на белы свет.

Здавалася, што чужынец спаў, апусцiўшы галаву. Ён заўважыў iх толькi, калi яны падышлi зусiм блiзка. Тады ён ускочыў i павярнуўся да iх зняможаным тварам. Лекар вельмi мякка сказаў:

- Ты зусiм знясiлены цi, прынамсi, выглядаеш так. Твая смеласць i твая заўзятасць здзiўляюць нас, але няма сэнсу дзеля мiласэрнасцi губiць самога сябе, i ты зробiш лепш, калi будзеш ашчаджаць свае сiлы. Наш абат i сам святы чалавек, але ён скажа табе, што калi ты хочаш доўга аддаваць сябе iншым, дык трэба берагчы здароўе. А ты, я бачу, вось-вось знепрытомнееш.

- Гэта спёка, - прашаптаў святы.

Ён па-ранейшаму гаварыў праз упарта сцiснутыя зубы, ад чаго губы выцягвалiся ў дзiўную грымасу; але голас яго быў ужо не такi глыбокi. Ён быў ледзь мацнейшы за шэпт.

- Брат мой, - сказаў абат, - мэтр Жан Маяр даў мудрыя парады. Я казаў табе: у тым, што датычыць нашага фiзiчнага здароўя, няма чалавека больш дасведчанага за яго. Таму, калi ты згодны, то зменшы свой запал. Вярнiся з намi ў манастыр, дзе ты адпачнеш. А заўтра з новымi сiламi прадоўжыш сваю мiсiю.

- Твае рукi дрыжаць, - дадаў лекар, - я ўпэўнены, што ў цябе гарачка.

Ён памкнуўся ўзяць яго за руку. Чужынец ускочыў i адступiўся на некалькi крокаў. У яго змрочных вачах успыхнуў шалёны агонь.

- Мне яшчэ трэба ўбачыць тых, хто жыве тут, - сказаў ён тым самым прыдушаным голасам.

Ён перасiлiў знямогу, цвёрдымi крокамi накiраваўся да блiжэйшага будана i ўвайшоў у яго. Лекар, хiтаючы галавой, рушыў за iм, бо ў яго былi там справы. Брат Роз з медыкаментамi пайшоў следам. Абат не мог прымусiць сябе наблiзiцца да клаакi, з якой несла агiдным смуродам. Ён сеў на зямлю непадалёку i пачаў чакаць.

Жан Маяр выйшаў, змянiўшыся з твару. Ён загаварыў сур'ёзным, нязвыклым для яго тонам.

- Абат, - сказаў ён, - я каюся за мае насмешкi i падазрэннi. Сапраўды, у iм ёсць нешта звышнатуральнае. Тое, што ён зрабiў пры мне, пераходзiць межы ўсякага гераiзму, бо кажу вам, тых, хто тут жыве, можна параўнаць з гнiлымi трупамi. Я, лекар, пракажоны, здатны толькi кранацца iх кончыкамi пальцаў, адвярнуўшы твар. Ён жа нават не здрыгануўся.

- I ён iх аб...

- Так, ён iх моцна абняў i прыцiснуў да сябе гэтак жа палка, як i iншых.

Нейкi час Тама д'Арфёй маўчаў. Яму было непамысна. Ён не мог знайсцi адпаведных слоў, каб ухвалiць гэты незвычайны ўчынак. Урэшце ён выцiснуў з сябе:

- Бог надзяляе сваiх абранцаў такой смеласцю, якая мяне бянтэжыць. Я адчуваю сябе непаўнацэнным.

- Я таксама, - прызнаўся лекар.

- Хiба ўсе людзi не браты? - пачулi яны шэпт ззаду.

Яны здрыганулiся. Гэты невыразны i разам з тым пагардлiвы голас цяпер выклiкаў у iх iнстынктыўную агiду.

Святы абышоў усе халупы i цяпер пакiдаў паселiшча. Ён сеў непадалёку ад iх, прыклаў руку да грудзей i не варушыўся.

Яны збiралiся падысцi да яго, калi раптоўны пошуг ветру адцягнуў iх увагу. Яны мiжволi павярнулiся, падстаўляючы спацелыя твары ягонай адноснай прахалодзе, i заўважылi перамены, што адбылiся з краявiдам: покрыва пылу, што засцiлала далiну, дзе-нiдзе прарвалася i праз гэтыя дзiркi сталi вiдаць асобныя яе мясцiны. У той самы момант сонца, прабiўшы хмары, высвецiла шматлiкiя дэталi. Як яны i меркавалi, на дарогах панавала небывалае ажыўленне. Брат Роз, якi меў востры зрок, апiсваў iм вазы, конных i пешых. Ён казаў, што ўсе iдуць у адным кiрунку - з горада.

- Гэта падобна на ўцёкi, - сказаў Жан Маяр, - несумненна, вайна, але...

Ён не скончыў фразы i задумаўся. Пошугi ветру зрабiлiся больш працяглымi. Раптам абат, якi ўцягваў паветра на поўныя грудзi, здрыгануўся i паглядзеў на сябра. Той, як i ён сам, са збянтэжаным выглядам уцягваў паветра вялiзнымi ноздрамi.

- Вы адчулi?

Жан Маяр кiўнуў галавой на згоду i зноў стаў прынюхвацца.

- Цi не мярцвячынай пахне? Нехта з нашых небаракаў...

- Гэта не можа быць з гары. Мы стаiм спiнай да паселiшча, а гэты смурод прыносiць вецер. I потым, iхняя падла заўжды смярдзiць праказай, а гэта праказай не пахне, я ў гэтым гатовы прысягнуць.

Нейкi час яны ў нерашучасцi маўчалi. Вецер сцiх, i смурод прапаў. Яны зноў былi павярнулiся да чужынца, якi нерухома ляжаў на зямлi, калi iхнюю ўвагу зноў адцягнулi прарэзлiвыя гукi, падобныя да ляскоткi. Яны даносiлiся з самага верху гары i, як здавалася, наблiжалiся.

10

Жах i панiка адразу ахапiлi Гару Хворых, нiбы гэтыя гукi былi знакам трывогi. З буданоў пачулася невыразнае ўстрывожанае мармытанне, дзверы рэзка парасчынялiся. Абатаў слуга, скiнуўшы свой груз, кiнуўся наўцёкi ўнiз па схiле. Брат Роз замармытаў нешта поўным жаху голасам.

- Мурын, мурын!

Дабрачынны манах з поўнай абыякавасцю прайшоў усе кругi мясцовага пекла, уваходзiў услед за лекарам у страшныя буданы, дапамагаў перавязваць агiдную плоць, але з наблiжэннем чорнага пракажонага страцiў усю сваю смеласць. Калi ён суправаджаў Жана Маяра ў абходах верхняга лепразорыя, то нiколi не падымаўся на самы верх. Лекар iшоў туды адзiн. Ды i сам ён мусiў звяртацца да свайго прафесiйнага сумлення i ўсёй сваёй фiласофii, каб наблiзiцца да абiсiнца.

Тым часам гукi наблiжалiся, i ён паспрабаваў пажартаваць, аднак у яго голасе бракавала ўпэўненасцi:

- А вось i сатана, якi жыве на вяршынi. Усё, як у месiра Дантэ, выходзiць, у нашым пекле ёсць усё.

Абат трымцеў i адчуваў, што ў яго падгiнаюцца ногi. Ён не мог вымавiць нi слова. На павароце сцежкi, якая спускалася да iх, з'явiлася жудасная постаць. У гэты момант чужынец, здаецца, ачомаўся i ўзняў галаву. Ён устаў. Яго вяло ўбок, але непахiсная воля, здавалася, i на гэты раз перамагла стому. Мурын спынiўся непадалёк ад яго, здзiўлены тым, што ён не ўцякае. На iм быў поўны ўбор пракажонага: шэрая вопратка з выразна бачным чырвоным сэрцам на грудзях. Чорны вэлюм хаваў яго твар.

Чужынец раскiнуў рукi i зрабiў крок яму насустрач. Абат iнстынктыўна здрыгануўся i не змог стрымацца, каб не крыкнуць:

- Не, брат мой! Не! Толькi не яго, не гэтага! Бог гэтага не патрабуе! Бог не можа патрабаваць такога!

Брат Роз, нягледзячы на бязмежную павагу да святога, не мог вытрымаць гэтага вiдовiшча. Ён лёг на зямлю i закрыў галаву рукамi.

- Хiба ўсе людзi не браты? - прашаптаў святы.

- Не замiнайце яму, - прамармытаў Жан Маяр, - магу вас запэўнiць, што праказа знявечыла яго менш за iншых.