Выбрать главу

Гаспадар спадзяваўся купцоў — нават хлопцу падаў руку.

— Панове, вельгахны дом, — гаварыў па-мазурску гаспадар, стараючыся адгадаць, хто тут праўдзівы купец, а хто ягоны дарадчык?

— Тэго, дом нямалы. Праўда, — сказаў купец у кажушку. Ён засунуў рукі ў кішэні і замаўчаў, як бы здзіўлены сам сабою, што загаварыў не па-польску.

Другі купец, падобны на гандляра з забеластоцкіх мястэчак, перабіў гутарку гаспадара:

— Давайце цану.

— Дзвесце!

— Э-э-э-э, мо і паўмільёна прыснілася вам, — зажартаваў той жа, што так дабіваўся цаны. I пачаў смяяцца лісліва, каб залагодзіць гэты жарт не на месцы, ад якога гаспадар аж засоп.

— Панове, дзвесце — цана дарэмная.

— Сто пяцьдзесят.

— Панове, не!

— Шчыты, як руіна.

— Панове, найважнейшыя сцены. Век стаяць ім, смала ядыная!

— Сто пяцьдзесят.

— Пане, ходзьце пан, памацайце сцены. Ходзьце, ходзьце...

— Відаць і так.

— Дзвесце і баста!

— Ой, але ж пан і Твардоўскі.

— Панове, я не з леткіх. Маё слова, як лянца ўланская.

— Пан служыў ва ўланах? — азваўся купец у кажушку — У якім палку?

— У 9-тым, у Гродне, потым у Сувалках.

— I я ў Сувалках.

— Разам!? — здзівіўся гаспадар. — Помніць пан капрала Равэцкага?

— Ну, і чорт быў!

— Панове, на польска-нямецкім фронце пад Чэнстаховаю яму жывот разваліла. Лямантаваў: «Дабійце мяне, няхай швабы не збыткуюць»...

— А нас пабралі ў няволю, і завезлі ў Саксонію.

— Каштавала вайна здароўе...

— Так, так...

— Я стары, жонка памерла. Крыся мае кавалера далёка. Выязджаем, дом збываем, купім там...

На ганак выйшла дзяўчына, дачка гаспадара, Крыся. Яна вынесла плашч бацьку, каб не прастыў на холадзе. Сказала ўсім «дзень добры», але яе вочы слізганулі толькі па стройным адзенні хлопца, прыпыніліся па-над бялістым каўняром кашулі. Вышэй сігануць яны не адважыліся. I павярнулі назад.

Старыя таргаваліся.

— За такі грош купіш пан дом мураваны, яшчэ нямецкі. Як цацка.

— Дзіцяці і ўнукам, — дабавіў купец у кажусе.

— Але не за сто пяцьдзесят, — разгарачыўся гаспадар. — Мне, старому, і на месцы аж за добры дом, але лёс Крысі патрабуе...

— Ну, пане, сто шэсцьдзесят і згода!

— Дзвесце, панове, дзвесце.

— Не будзь пан Твардоўскім...

Купец у кажусе нахіліўся да хлопца і сказаў:

— Ваня, а ты як думаеш? Хлопец паціснуў плячыма.

Хто яго ведае, тату...

— Я ж табе гэту хату купіў бы, — зашаптаў стары ад раптоўнай злосці, бо ўразіла яго абыякавасць сына.

Хлопец даўно глядзеў на ганак, дзе стаяла Крыся. Быў гэта той беластоцка-беларускі тып дзяўчыны, выраслай са скрыжавання крыві: адданыя вочы, пакладзістыя грудзі, гатоўныя рукі. Губы набрыняўшыя і гарачыя. Глядзела на хлопца і хлопец ведаў, што толькі ад яго залежыць, каб яна загаварыла. Ён не адрываў вачэй ад яе губ і адчуваў, як моцным быў бы ціск яе рук на яго шыі — у ціхім пакоі гэтай хаты...

Сонца свяціла і свяціла, чапляючыся да дзяўчыны, да яе пераспелых грудзей у павуцінні дарагой блузкі. Каленні дзяўчыны чырванелі, а хлопец маўчаў і маўчаў.

Торг адклалі да другой нядзелі.

ВЯСЕЛЛЕ

Ліля выходзіць замуж.

За сталамі наліваюць чаркі. Вочы ўсіх, як у паважных людзей, якія ведаюць, што будуць спітымі. Пазычаны адаптар зайграў «Я люблю тебя жизнь»...

Лільчына вяселле.

У фальбанах фіранак шалее вецер. Ад спеваў, крыку, піску гаснуць зоркі ў квадратовым акне.

— Гоооркааа вооодкааа!!!

Твары наліваюцца крывёю. Рука Васіля папаўзла каштаваць каленняў пані магістр, якая ўскочыла на крэсла і, замятаючы сукняю крэм на торце, разгаласіла:

— Ліля, твой муж пацан, сароміцца пацалаваць цябе!

Гэта памагло. Малады салодзіць «горкую водку», цалуючы Лілю ў верхнюю губу. Пані магістр ляпнула Васіля па плячы і закамандвала:

— Рассунуць сталы! Будзем танцаваць, як у Варшаве!

Учынілася звалка. Мела гэта той добры бок, што былі выяўлены слабакі, якія пападалі мордаю на падлогу.

— Гэй, твіста!

Блізка ляснуў пярун і ўгары загалгаталі майскія грымоты. Цёты перахрысціліся, дзядзькі кінуліся зачыняць вокны. Пані магістр меле першую рунду твіставай спіралі, а Васіль дрыгае вакол яе вёрткага зада.

У бакоўцы плача Васілёва нарачоная.

ШЛЮБНАЯ НОЧ

Андрэй, як усе нармальныя людзі, дапускаецца таго, што звычайна называецца свінствам. Тады Андрэй не глядзіць у вочы жонцы Марысі.

— Маеш непрыемнасці на рабоце? — пытаецца жонка, яна не ведае праўды. — Адпачынь, ты перамучаны.