Выбрать главу

Марыся і Андрэй пакахаліся неспадзявана, калі восень у кустах счырванела. Шлюб адбыўся 13 лістапада, у гэты дзень першы раз ён пацалаваў Марысю і то пры сведках. Марыся заплакала ад сораму. Шлюб адбыўся на трэцім тыдні іх знаёмства, бо Андрэй меў незвычайную магчымасць адразу атрымаць двухпакаёвую кватэру. Але гэта была яго выдумка, махлярства. Яму вельмі моцна залежыла на Марысі. Кватэру атрымалі цераз паўтара года. Пасля шлюбу сус-тракаліся на скрыжаванні вуліц Электрычнай і Міцкевіча, ішлі ў парк, заходзілі далёка. Цалаваліся пад голымі дрэвамі. Падаў рэдкі снег з дажджом. Дзень у дзень Андрэй хадзіў крокам шалёнага па цэлым Беластоку, ніхто не хацеў наймаць пакой для маладой пары: дзеці будуць, пане, балаган! Аж махлярства яго выдалася, Марыся нічога не сказала, больш не з'явілася на скрыжаванні. Пайшоў да яе, бацька выціснуў мужчынскі жарт, выпілі паўлітра, прыйшла маці. Сказала: — Жыві, Андрэйка, у нас пакуль што...

Кватэра малая, меншы пакой бы засек, там маці з бацькам, і брат Марысі; у большым — дзве сёстры, якія прытвараюцца, што спяць, а на сафе, ля процілеглай сцяны, Марыся з Андрэем. Яна плача — зразу думаў, што смяецца.

Потым доўга паліла Андрэя думка, чаму найбольш агідныя жарты і найбольш жудасныя праклёны датычаць самага прыгожага ў жыцці, кахання, адносін паміж мужчынам і жанчынай?

РАНІЦА

Валодзька працуе да паўночы. Такая ў яго праца: і доўга спіць маладым сном. Рэдка бывае ў яго бяссонніца — тады ўстае ён рана-ранюсенька, і ходзіць па кватэры без прычыны. У бяссонныя ночы жонка стараецца, як толькі можа, каб Валодзьку агарнуў моцны сон і, калі гэта не ўдаецца ёй, і ён не засынае аж да світання, і маўчыць, яна ведае, што ён яшчэ не кахае яе. Але ён добры чалавек, і ёй добра з ім.

Валодзька не таіў, што адзінай дзяўчынаю, якую ён кахаў, была Кіра і, што Кіра не кахала яго, яна выйшла замуж у Шчэцін, два гады таму назад.

Учора Валодзька даведаўся, што яна ўжо нарадзіла.

Сёння ён устаў вельмі рана і адразу пайшоў мыцца, устаў ён у чатыры гадзіны. Прыснілася яму, што Кіра ўтапілася на яго вачах.

Валодзька, асвяжыўшыся халоднаю вадою ва ўмывальніку, прайшоў да ложка, сеў на тумбачку і глядзеў, як устае сонца. Жонка спала, смачна расхіліўшы ружовыя губы, ён нахіліўся і пацалаваў яе ў верхнюю губу, яна спалохалася і схапілася з пасцелі, ёй таксама штосьці снілася. Калі яна апрытомнела, ён засмяяўся і яна за-смяялася. Засмяялася, бо ён засмяяўся.

Абняў яе.

ШЧАСЛІВАСЦЬ

Мой сын!

Нясу на руках праз алеі жаўталістыя, і цяплынь мацярынскага позірку ў вачах жонкі. Лістапад наступіў, шахаціць пад нагамі ліствою, а побач — сын усміхаецца зоркам вячэрнім.

Вялікі сын.

Шчаслівасць у вачах жонкі.

Скажы, колькі ж ужо часу прайшло, калі шаптала ты мне:

— Кахаю, моцна, моцна кахаю цябе... Успомні: хадзілі мы па лугах квяцістых, росных, ранішняй парою. Часамі сцяжынаю лясною, у цішы збіралі грыбы чырвонагаловыя. Спалі ў водыры буйнага маю, ля акна вішнёвага... Раніцою прамяністаю беглі на плёс паслухаць вясны шумналістай... Пацалункі першыя, нясмелыя, дарыла ты мне.

Глядзі, наш сын ужо ходзіць!

ЗЛАДЗЕІ I ХЛОПЧЫК

«Шкода» з галавастаю шафёркаю гудзела, бы вялізны чмель. Ехалі ёю беластоцкія зладзеі красці лес.

Марусіў дождж, прасторныя шыбы абселі кропелькі. Сірацелі дзічкі на межах. Зладзеі хвалілі пагоду.

— Чуюся, як у Бога за плячыма, — прабубніў адзін з іх і выскаліў зубы.

Гэта не спадабалася старому.

— Ы-ы, — замармытаў стары. I мацней атуліўся плашчом, як бы збіраючыся думаць аб нікчэмнасцях. Шафёр узяў зашмальцаваную анучку і праціраў шыбы — цяклі брудныя рагі. У нос забіваў цёплы чад ад матора.

— Закурым, — азваўся мужчына, што сядзеў за плячыма шафёра. Ён выняў дарагі партсігар. Частаваў усіх. Усіх было трох, не лічачы шафёра. Шафёр пусціў на момант кіраўніцу і прыкурыў сваімі запалкамі.

Мужчына, што частаваў папяросамі, загаварыў голасна, каб пачулі:

— Іванюка выпусцілі.

— Не можа быць!? — рохкнуў мужчьгаа, што сядзеў на парэднім сядзенні. — Іванюка засудзілі на «дажывоце», пане кіроўнік... пане кіроўнік, кажаце: выпусцілі яго... як жа так удалося яму, пане кіроўнік? — лапатаў ён і стаўбунеў.

— Выпусцілі, — паўтарыў той жа.

Шафёр перастаў хмурнець, хацеў штосьці сказаць, але мужчына спераду здзіўляўся, перабіваў гутарку.

Умяшаўся стары.

— Пане, цяпер турмы нястрашныя.

— Я сядзеў тры месяцы ў следчым арышце, — уставіў сваё шафёр. — Сядзеў з дырэктарам. Павялі яго на суд, жарнулі яму пятнаццаць год. Дырэктар здзецінеў і крычаў: жонка мая харошая змарнуецца! А я тлумачу яму: пане, слухайся пан стражнікаў і хвалі іх, а пасядзіш не больш, чым пяток.