Кенска куды-небудзь выбірацца старому ды яшчэ неграмацею на зямлі спрацаванаму, згорбленаму...
ХЦІВАСЦЬ
Маю я за Радэлявым беразняком кавалак луга харошага з травою буйнаю. Ад таго часу, калі памёр мой Толік і адна засталася ўдавою, занядбала ўсё, не ў галаве мне было за гнаямі ўсялякімі старацца і да «спулдзельні» ездзіць ды зямлю даглядаць. Зрэшты, знаюся я на гаспадарцы ўсё роўна, бы тая курыца на перцы... Марнее лужок з году ў год, штораз менш вазоў сена прывожу ў гумно, але кароўцы якасьці хапае яго на цэлую зіму аж да сярэдзіны посту вялі-кага.
Летась папрасіла да касьбы Аляксандравага Ваську, што да Міркі ходзіць, і ён, хлопец працавіты, абяцаў за два дні ўправіцца з работаю. Ранкам заходзіць у хату Васька і цвердзіць, талкуе мне, што сусед Міхась задалёка косіць і ў мой лужок укасіўся на якіх тры крокаў. Бо сасніна такая пакірачаная, якая на бугры завялася, дык расла якраз на нашай граніцы, — гэта праўда. А цяпер апынулася яна раптам далёка на Міхасёвай пляцоўцы? Дрэвы не ходзяць, значыць, крыецца тут хітрасць людская. Пайіпла я сама глядзець граніцы прыдзеленыя і, як на тое, Міхася напаткала непадалёку. Кажу яму, каб не крыўдзіў мяне і па добрай волі ўступіў не сваё, вядома, чалавек не святы, памыліцца можа. А ён, дзе там, закрычаў, каб уцякала вон, бо касою лыдкі парэжа і да смерці прагнію ў ложку валяючыся. Ну, думаю, недачаканне тваё! I пабегла яшчэ раз мехіы мераць. Няма чаго па-пустому языком малоць, несправядлівасць ды хцівасць адразу ў вочы кінулася. Як не круці, справа пэўная! Надзелы лугоў жа ж былі роўныя шырынёю і ў адным, і ў другім канцах, а мой лужок спачатку шырэйшым аказаўся чымсьці ў нізку, дзе ўжо лес пачынаецца. Ні з таго, ні з сяго раптам на клін падобным зрабіўся!
З мужчынам упартым не наваюю; бачу, мусова ўрадніка прыперці з павета, значыць мярнічага завясці сюды трэба і паказаць яму ўсенька, як чаўпуць людзі блізкія! Няхай награзіць Міхасіку гэтаму за камбінацыі нахабныя, нябось, да асобы такой не палезе з касою біцца, бо зараз жа суд засудзіць на пару месяцаў.
Так і зрабіла. Калі толькі мярнічы пачаў спраўджаць, у планы свае прыглядацца, якія з сабою прывёз, тут-як-тут і Міхась аднекуль паявіўся засопшыся, хаця нікому не казала пра бяду набалелую. У вёсцы нічога ўтаіць немагчыма, умомант разнясуць па хатах навіну кожную. Стаю я ля лазняку і трымаю за канец ленты, а мярнічы прайшоў на другі бок шырыню мераць. Тым часам Міхась дзыгам наўпрасткі да пана гарадскога прыбіўся ды пачаў штосьці мармытаць перад ім, але той усяго рукамі замахаў. Міхась надабрыдлівы не адступаецца, круціцца, як сабака на ўвязі, разглядаецца, чакае нецярпліва.
Мо з гадзіну прайшло, аж паклікаў мярнічы мяне і да Міхася крыкнуў, каб ён падышоў бліжэй. Тады сказаў голасам такім, што сэрца павесялела. Вось, прыказаў Міхасю не выкошваць далей, чым да сасны пакручанай, бо іначай кару шпарне ажно міла будзе!
Здавалася, кончылася ўрэшце валакіта дурная ды праз тыдзень ачуняў Міхась ад страху і давай са сваркамі перапыняць на дарозе. Абазваў мяне скнэраю-самаедкаю, якая нат мужа роднага ў магілу загнала, шкадуючы мяса ў жніво... Чулі?! Гаспадарку дашчэнту прапушчу, хабялёў начамі поячы гарэлкаю... Каб ён аслёп, калі хоць разок бачыў мяне з мужчынам якім?! Нібы за адзінюсенькі пракос луга засудзіць хацела суседа невінаватага, бо хс лішні пракос чужы кожнаму можа здарыцца. Бачыш яго, ён не ведаў аб тым, што ўкасіўся не ў сваё! I так, кажа, луг змарную, сама не скарыстаю і каму не даю! Сволач, гэты Міхась, а не сусед дабразычлівы! Замест дапамагчы яшчэ кабеціне адзінокай дык, чуеш, што ён ляпеча! Бессаромнік і хцівец ненасытны.
Проста, плакаць хочацца...
«СЛЯПАЯ»
...Яшчэ хачу Табе, Нюрка, пра адну справу напісаць. Хіба памятаеш Зінку такую, у акулярах заўсёды ходзіць? Што праўда, яна малая была тады, калі Ты ад нас выязджала, але, мабыць, на вуліцы дзе-лень бачыла яе?
Няшчаснае, ведаеш, дзіцё гэтая Зінка. За свае вочы слабыя ўсё цярпець мусіць безупынку. Сем класаў правучылася ў школе, пільнай вучаніцай з'яўлялася, ды дзеці другія ступіць нагою нат' кроку не давалі ёй. Штурхалі, вішчалі, бы апантаныя, абзываючы дзяўчынку ціхую ўсяляк ад сляпой або акулярніцы, а бацькі нашы вясковыя толькі зубы скалілі і ўсміхаліся дурна, як бы тут уцеха якая з чужога гора ёсць.
Як кажуць людзі, кожнай маці сваё дзіцё найпрыгажэйшае. Зінчына маці ці бацька стары глядзелі бязрадна на збыткі ўсенькія над дочкай любаю, бо што яны могуць зрабіць добрага? Уся сям'я іхняя акуляры носіць ад маленства дык яшчэ горай начэпяцца з абсмешкамі выдумлёнымі. Так яно ў нас павялося.