— Будзе абарот і пераабарот. Так, так.
Бачу, жонка дае знакі мне леваю далонню, каб я адступіўся, а праваю бярэ руку начальніка і тлумачыць яму, і тлумачыць.
— Будзе, ну, будзе.
Начальнік паглядзеў у яе харошае вока, вольнаю рукою пачухаўся па лысіне. I раздабрэў.
I я быў вельмі здаволены: дастаў дазвол адкрыць краму.
Без хабару дастаў.
ЯК Я СТАЎ ЛЫСЫМ
У хаце, у кухні, ганю самагонку. Пад акном плача мая баба, у замарожанай шыбе моршчыцца месяц — даносчык.
А тут літар поўны пад корак, пяршак пацёк на падлогу. Перапалох, як рукою адняло.
— Мый літры ад малака! — сыкаю да жонкі.
Хутчэй падстаўляю кубак, чысцюсенькі струменьчык цыркае на дно. Цёплы, пахучы. Каштую раз, і яшчэ раз. Потым яшчэ раз... Галава стала спраўнейшай і забегалі па ёй хітрыя думкі.
Не бяда, на выпадак чаго, расплачуся. Апраўдаюся, скажу: за Коляды выдуў увесь запас, а гарэлка падаражэла, больш не купляў. Камендант зразумее. Так, так, — зразумее, пашкадуе...
«А, што калі не!?» — асмаліў мяне чыйсьці голас, зашаптаў у вуха. Я пахаладзеў.
Чуваць, добра чуваць, як трашчаць на марозе платы, а ў канцы вёскі зараўло вяселле — «Равела бура, дождж шумеў»... Гэта жэніцца малады камендант Іван з маладзенькаю Ёзікаваю Галяй. Паўпастарунку гуляе.
— Не прыдуць! — усміхаюся, смяюся, рагачу, задыхаюся, даўлюся ад уцехі. Развяселены, падкладаю паленцы ў агонь, смела і многа, без ніякага страху.
Раптоўны свіст над кадушкаю быў да таго раптоўным, што я адно падумаў: «...рве брага!...» ...і заплюшчыў вочы.
Гарачае-гарачае пляснула мне на патыліцу, пацякло за каўнер. Я нацягнуў летнік на галаву, кінуўся ўбок, але па спіне так засмаліла гарачынёю, што пярэкідам шмыгануў пад ложак. — Лопае, клёпкі выгінаюцца! — падумаў ці сказаў я...
А пад ложкам няма ратунку, брага шляпае са столі, свішча па сценах, забіваецца пад пасцель. Бачу — жонка на панадворку скідае з сябе акно, чэша шкло з валасоў і моргае залётна:
— Прыдзі-хадзі, мой любы.
Каб дабрацца да яе, на снег і мароз, от аджыў бы я! Адвага ўцякаць з-пад ложка прыйшла хутка. Перад носам паказалася кіпучая калюжына брагі, я кашэчым скокам ламянуў з-пад ложка да жонкі, на двор, далей ад хаты!
Нарэшце магу прахаладзіцца, адкідаю з галавы летнік. Ды, што за ліха? Чамусьці вее па патыліцы? Мацаю, мацаю і пальцам сваім не веру: чыста вылезлі валасы пад брагаю, якою набрыняў летнік! О ля! Я лысы, толькі чуб спераду застаўся, бы той пеўнеў хвост...
СПРАВЯДЛІВЫ КУМ
Задумаў я ўгнаіць гаспадарку, каб ураджаі добрыя мець. Задумаў. і пабег да складу штучных угнаенняў, дзе шэфам Рыгор, мой кум.
Рыгор уцешыўся:
— О ля, кумок завітаў! Хадзі, залаценькі; хадзі, даражэнькі.
Іду да яго, як на крылах. Ён сядзіць пасярэдзіне складу, перад ім паўмяшка солі патасовай, добрае ўгнаенне!
Рыгор кажа:
— Гноіку патрабуеш, бедненькі?
— Прыдалося б, — кажу, — пасыпаць гэтым парашком, каб рунь буйнейшая была.
— Няма, золатка, гнаёў. Няма ніякіх.
Кум нічога новага не сказаў, бо відаць, што склад пусты-пусцюсенькі. Але мне кум пастараецца!
Кажу:
— Так, так... Цяжка быць добрым гаспадаром... Гляджу, нікога больш: толькі я і кум.
Кажу:
— Рыгор, куме мой, патрэбна мне паўтоны.
— Не верыш, што няма? — скрывіўся Рыгор. Я яшчэ раз разгледзеўся па складзе.
Рыгор спытаў:
— Шныпрыш? Ныраеш?
I разбушаваўся:
—Я табе не Манька ў краме, што цукар хавае пад прылаўкам!
I схапіў мяне за карак, і тыц мяне ў мяшок з патасовай соллю, што стаяў перад ім. I крычыць:
— Еш! Нажарыся!
— Адурэў ты!?
— А што? Смачнае?
— Пусці!!! — завішчаў я на ўвесь мяшок.
I так папярхнуўся соллю патасоваю, што аж мяшок лопнуў ад майго чыхання. Фэ, які палын!
— Другі раз паверыш куму!
— Паверу... — выкашляў я ды як жарнуў нагою ў дыхавіну Рыгору, і давай уцякаць з мяшка.
Дагопаў я да хаты, паўвядра вады выпіў, смаліла смага. Ой, смаліла! Узяў я поўнае вядро, пайшоў я з гэтым вядром за клуню, на загон, і там прасядзеў ноч да ранку.
На гэтым загоне добры ўраджай вырас.
ЭКСКУРСIЯ
Брат прыехаў у пяць гадзін раніцы.
— Ну, — сказаў Юрка. — У брата добры матацыкл «Юнак».
— Паснедаем у дарозе, — сказаў брат. У яго вачах узыходзіла сонца.
Тыдзень таму назад дамовіліся на экскурсію.
Выехалі з Беластока на Заблудаўскую шашу, мінаючы аўтобусы прыгародняй камунікацыі. Аўтобусы, якія не выспаліся. Юрка ўсё ж выпіў сырых яек і адчуваў сябе добра.