Звярнулі на гасцінец у напрамку Малынкі. Матацыкл заграз у пяску.
— Колькі ты важыш? — спытаў брат. Гэта не было пытанне.
На пагорку маяк, ён выразна нездаволены таварыствам нязграбнай ліпы.
— Хочаш піць?
— Не.
У брата мокрая кашуля, яна хутка высыхала і рабілася нясвежай. Пайшлі да маяка, ён пачарнелы і абыякавы. Калі ўзыйшлі па лесвіцы на ніжнюю пляцоўку — засмяяліся невядома чаго.
— Стары, — сказаў брат. Маяк сапраўды стары.
— Нічога, што... — пачаў Юрка. Заўважыў, як маяк моцна хістаецца загледзеўшыся безнадзейна ў неба.
Пад правай нагою заламалася дошка і Юрка упаў на падлогу. Дошка трэснула, але не пераламалася.
— Што там? — гэта голас брата. Сказаў, як бы хацеў пасмяяцца.
Яшчэ штосьці сказаў. Потым:
— Чаго ляжыш?
Юрка ляжаў, удыхаючы пах нагрэтага дрэва. Так пахнуць крыжы на могілках. Зноў брат:
— Чаго ляжыш?
Юрка бачыць яго, у брата цікавасць пеўня да ката пасля таго, як узляцеў ён са страху перад ім. Засмяяўся з яго. Смяяўся з брата, а брат таксама смяяўся, яго вочы бы кнопкі.
— Хадзі сюды! — Юрка клікаў і смяяўся.
— Злажу я, — сказаў брат.
Наўкола далячыня цудоўна-цудоўная... Ад вёскі ішоў чалавек.
Юрка хутка злез з маяка.
Праехалі цераз Патоку, за варотамі стаяла баба, больш нікога. Яшчэ, калі даязджалі да Гараймова, сонца пачало дапякаць у патыліцу і запахла лесам.
Ехалі, ехалі. Ехалі ўжо мо гадзіну... Як вокам кінуць рыжыя кучмы сасновых кустоў, на пакінутых палосках. Дзікія кучмы. Пахла лесам і ад таго хацелася піць. I яшчэ ад таго, што выпілі запас вады.
— Мы блудзім, — сказаў Юрка.
На растайніх дарогах залез ён на вялікую крушню каменняў, палохаючы тлустую яшчарку.
— Давай паблудзім, — гэтак брат. — Не давялося мне блудзіць, — яму наўрад ці хацелася піць. — Цікава, куды выедзем...
— А-ну цябе!...
Сонца адкацілася і за верхавінамі лесу паказаліся хмары, за імі бізун бліскавіцы. Хмары клубавалі ўсляпую, пакідалі дождж на нядобрую ўцеху вятроў.
Мы праехалі ўбок ад Новай Волі, — Юрка дастаў з торбы турыстычную карту. На поўдзень ад Новай Волі не ўбачыў ніякіх дарог. Падумаў: куды не паедзем, выедзем да нейкай вёскі. — Паедзем на ўсход.
— Шкада, што не маем палаткі, — сказаў брат.
Паехалі хутка.
— Шкада, што не маем палаткі, — выкрыкваў сваё брат. — Перачакалі б буру ў лесе... Глянь, які прыгожы лес...
Вецер скочыў да вачэй.
Паміж дрэў убачылі купал царквы. Купал прасунуўся за сцяну старога хвойніку. Наперадзе захроп конь, з-за павароту дарогі выпаўзла фура сена, збоку мужчына і жанчына. Была гэта дзяўчына, яна забегла за фуру, у яе вельмі брудныя ногі. Бацька паганяў каня, конь не меў часу палохацца матацыкла. У запененую шыю ля хамута ўпіваліся блішчастыя сляпнякі. Конь махаў мордаю і цягнуў.
За лесам мосцік і рачулка, унізе лугі і капіцы сена, налева — вёсачка, чарада фурманак з сенам, мужчыны і жанчыны, жанчыны бягуць за мужчынамі, жанчын абганяюць дзеці. Дзеці пішчаць і штурхаюцца. На далёкім пагорку царква, а ўбок — другая вёска, блішчаць шыбы ў вокнах, там сонца.
— Дожджык, дожджык, крапяні, дзяцей у хату зажані, — брат здзяцінеў і зусім натуральнае тое, што зараз закіпеў ад дзіцячай заядласці: — Дождж не дагоніць нас!
Матацыкл панёсся нядотыкам. Злева мільганулі людзі, фуры, вёсачка.
— Не так прэндко! — закрычаў хтосьці няпольскім голасам.
Юрка азірнуўся: сцяна дажджу гарадзіла лес.
— Варочай у вёску! — крыкнуў брату.
— Эй!
— Дождж за намі!
— Гэй!!
Брат не чуў Юркі, альбо прытвараўся, што не чуе. Царква на пагорку большала, яе званіца як бы асядала. Блізка ўдарыў пярун, сцебануў дождж па шыі, па плячах. Моцны, густы дождж, першая хваля дажджу. Яго буйныя кроплі апякалі, сутыкненне холаду з гарачынёю — халодных кропель з гарачым целам.
Затрымаліся ля царквы.
— Пакінь матацыкл! — крыкнуў Юрка і пабег да царквы. — Пакінь, чуеш!?
Стоячы пад дахам на ўсходах царквы, глядзеў, як брат пхне перад сабою матацыкл і мокне зусім.
— Вада залье матор! — крычаў брат. Ён крычаў многа, яго займала злосць.
Юрка выбег на дождж і памог паставіць матацыкл пад сухою сцяною, куды не даходзіў касяк дажджу.
— Казаў табе не ехаць пад дажджом... —- гэта была лішняя сварка.
Стаялі пад дахам.
Брат ляпнуў Юрку па плячы. Той псыкнуў ад болю, кашуля мокрая і прыліпаючая.
— Цяплей? — брат зазірнуў яму ў вочы. Юрка хацеў зазлаваць, але раздумаў.
— Пойдзем у царкву, тут вецер. —Хіба зачыненая...
Брат паціснуў клямку, дзверы зачыненыя.