— Просты замок, — сказаў брат. Пабег да матацыкла і прынёс штосьці, чым адамкнуў замок. Дзверы самі расчыніліся, прадуваў цуг.
Увайшлі. На іх нясмачна паглядзелі іконы. Пахла пылам і цішынёю, і чамусьці сушанай канюшынаю. Па вітражах сёк дождж.
Хрыстос, Сцяпанаў Андрэй, радасны ў радасці, нешчаслівы ў няшчасці, сумны ў адзіноцтве, бяссільны на лёс. Бяссільны, бяссільны, бяссільны! Дзіва, ён у царкве — месцы надзеі, будынку надзеі, храме надзеі... Глядзець у ікону і слухаць спеву жаваранка, і мець у вачах слёзы вечнага, сонечнага, чыстага, шчырага, як жаданні дзіцяці. Гэта не да Бога малітва, гэта да надзеі малітва, да дум сваіх— да чалавека! Маўчанне. Маўчанне, а ў ім — то ўсмешка дзяцінства, то мары мала-досці, то трывогі жыцця, то мудрасць смерці.
— Хрыстос сапраўды быў?
Пытаў у Юркі. Адказаў яму не адразу: усё ў вачах вёскі, лес, лугі, дождж, начэплівы вецер. Адказаў брату:
— Мне Бога няма, другому Бог ёсць, — пачуўся раздражненым.
Выйшлі з царквы, пасталі пад дахам — на ўсходах. Закурылі. Глядзелі ў даліну, на вёску ў дажджы, на разбоі буры ў ваколіцы. У гуляй-полі скавытаў хутар.
Дождж перастаў падаць у дванаццаць гадзін. Прамоклы вецер туліўся да кучмаў дрэў. Над лесам разагравалася сонца. Ад'ехалі памалу, матацыкл рабіў каляіны на шырокай сцежцы.
— Рака Нарва там? — брат кіўнуў убок зялёнай смугі.
— Там.
— Першы раз выкупаюся ў гэтым годзе... Пакупаемся. Пасля дажджу вада цёплая.
— Трэба паесці.
Гутарылі без спеху. Вецер не здуваў слоў у расуючае жыта. Прамоклы, разлёгся на стрэхах хат і сушыўся, гэты задзіра з саламяным запалам.
— Спачатку пакупаемся. Добра перад ядою паплываць, — брату вельмі нецярплівілася.
— У Нарве надзвычай быстрая вада.
Дзве малюсенькія вёсачкі, за гумнамі другой вёсачкі блішчэла Нарва. Ад гумнаў пайшлі пехатою ўніз, дзе спутаны конь. Прамоклы конь. Павярнулі налева, пакрай жыта дайшлі да кустоў. Ачмураны матацыкл увялі ў свежы лазняк і пачалі распранацца. Вакол нікога больш.
Стромкі і аброслы бераг, па вадзе плывуць жмуты кошанай травы. Распрануліся дагала, адзенне павесілі на галлі куста, страсянулі з яго ваду, каб не замачыць дарэшты адзення.
Вада аказалася не так ужо і цёплай, але было вельмі прыемна. На дне найбольш халодная вада, яе плынь месцамі збівала з ног, выпалосквала пясок з-пад ног.
Недалёка, дзе нізкі бераг і зусім плыткі брод, паявілася маладая жанчына, і доўга мыла яна цынкавае вядро.
Купаліся вельмі доўга.
— Думаў, што акалею, — сказаў брат.
На яго целе крупіністая гусіная скурка. Апрануліся і паляжалі ў зацішшы высокай травы, разаслаўшы пад сябе плед. Потым елі, Юрка скалечыў палец, адчыняючы банку кансерваў.
У дзесяці кіламетрах адсюль беляцела вадакачка чыгуначнай станцыі ў Семяноўцы. За ёю, па самы небасхіл, лясы Белавежскай пушчы. Юрка калісьці прайшоў гэту аколіцу пехатою і ведаў, што па дарозе да белай вадакачкі ёсць вёскі, яны гнездзяцца ў далінах, іх не відаць. Юрка ведаў, што да вадакачкі дзесяць кіламетраў. Брат не ўмеў ацэньваць адлегласці, яму вадакачка выдавалася шахматнай фігуркай, якую можна ўзяць у далоню — добра закасаўшы рукі. Не ведаў зманлівай блізкасці далёкага.
— Пасядзім, — сказаў брат.
— Хутка вечар, час ехаць.
— Паспеем. Не пехатою ісці нам.
— Да самай Белавежы шмат дарогі, — сказаў Юрка.
Пачыналася чыстая прыгажосць вечара пасля дажджу.
— Там заначуем? — спытаў брат.
— Так.
У Белавежы чакаў Юркаў знаёмы, і брат ўстаў. Назаўтра, рана, павінны паплысці лодкамі па Нараўцы ў глыб пушчы.
— Мо не паспеў яшчэ прыехаць, — сказаў брат пра знаёмага. Пайшоў па матацыкл, Юрка згарнуў плед.
Язда надакучыла. Трэба было надта зважаць, каб не наехаць на камень або вывалены корч.
На сцяжыны і пясчаныя гасцінцы сыпаўся змрок. У гурбах змроку хаваліся ёлкі, цяпло прасочвалася ў зямлю. Даліны кладавіліся спаць, нацягваючы на сябе белыя пярыны туманаў.
Калі праехалі цераз Гайнаўку і выехалі на шашу ў Белавежу, стала зусім цёмна. Ад лясных прасек налятаюць хмары машкары, у брата заслязіліся вочы, ён не купіў акуляраў. У Белавежу заехалі ў дзесяць гадзін вечара. Турыстычная гасцініца знаходзілася ў парку, паблізу шырокай завадзі Нараўкі. Прабіраў холад, над дзвярыма ў гасцініцу гарэла лямпачка, вакол лямпачкі хмурынка камароў. Увайшлі ў малы калідор, дзе рэцэпцыя гасцініцы. У калідоры поўна нямецкіх турыстаў, яны толькі што прыехалі і запаўнялі фармуляры. Вялі галаслівую размову.
Юрка даведаўся, у якім пакоі знаходзіцца знаёмы.
— Кажуць, калісьці была гэта царская стайня, — сказаў Юрка да брата.