— Пхі, — брату выдалася ўсё панурым і няўтульным.
— Тут ён, — Юрка паглядзеў на чорную лічбу на дзвярах.
Пастукаў
— Проша, — сказалі за дзвярыма.
Знаёмы ляжаў у адзенні на пасцелі. Ён курыў і попел ад папяросы страсаў на падлогу.
— З'явіліся! — выкрыкнуў звычайным голасам.
— Мой брат, — Юрка сказаў імя брата.
Знаёмы сеў на пасцелі, падаў руку.
— Елі? — спытаў звычайны голас.
— Даўно.
— Будзе лёгкі сон, — знаёмы нікому не хацеў дапячы. — Маем чатыры ложкі, выбірайце, — І ўсміхнуўся нецярпліваю ўсмешкаю. — Заначуем, як паны!
— Чаму, — гэта не было пытанне. Брат не адзываўся.
— Выпісалі фармуляры?
— Не. Там поўна немцаў.
— Пакуль вы прыехалі, я хадзіў пабачыць зуброў.
— Кладавемася спаць.
— Пачакай. Выспішся, — звычайнаму хацелася гаварыць.
— Трэба рана ўстаць.
— Устанем.
— Устанем, ракам пастанем, — перакрывіў яго Юрка.
Брат задаволены.
Знаёмы не адразу згас, аблізаў губы — пераставаў гаварыць.
Юрка з братам распрануліся і, доўга не чакаючы, пакладавіліся ў пасцель. Знаёмы выйшаў з накоя, ён да поўначы прагаварыў з паненкаю, што дзяжурыла ў рэцэпцыі.
За бабаю пабег, — неразумна засмяяўся брат.
— Спі, — абцішыў яго Юрка. Ён моцна заснуў і захроп.
Ранкам у пакоі свяціла сонца і было холадна. За акном, на ялінавай галінцы, круцілася малая птушка. Рыкалі каровы, і хтосьці прайшоў па жзіраванай сцежцы.
Разбудзілі знаёмага.
— Паголімся, — сказаў ён звычайным голасам і зноў паваліўся ў пасцель.
Устаў тады, калі Юрка наліў яму ў пасцель вады.
— Ты свіння, а я думаў, што ты Юрка.
З зялёнай нары алеі выйшлі мужчына і жанчына, ён крыху спераду, яна крыху ззаду, крок паспешлівы і ў кірунку да гасцініцы. У ранішнім бляску твар жанчыны цудна-харошы, чарнявы, але ласкавы. Мужчына падстрыжаны вельмі коратка, падобны на баксёра. У жанчыны і мужчыны відаць з-пад плашчоў штосьці белае, ён трымае ў правай руцэ дзіўную сумку. Калі падыйшлі яны да дзвярэй гасцініцы, брат пачуў, як ён сказаў да яе:
— Скажыце, што я не мог адразу. На Заставе радзіла кабета.
Гэта быў лекар і медсястра. У гасцініцы хтосьці захварэў.
Брат мыўся ва ўмывальні, вада настолькі халодная, што немагчыма добра пачысціць зубы. Затое чарадзейна адганяе соннасць. У дзвярах умывальні глядзіць на яго дзіця, бела-рыжы хлопчык, яго тварык таксама бела-рыжы. Так, як бы хто абліў яго параным, але выстуджаным тлустым малаком з ранішняга надою. Брат знарок доўга паглядзеў яму ў вочы, хлопчык усміхнуўся вяла, потым яго вочы спалохаліся і ён знік. Ён мякка патупаў па пустым калідоры. Аднекуль наскочыў на яго голас маці:
— Ты чаго ўстаў!? Марш спаць! Голас забубніў па пустым калідоры.
Брат вярнуўся ў пакой. Знаёмы пацягваўся, апусціўшы ногі на сырую падлогу.
— У старыя часы людзі не мыліся, а жылі па сто год, — гаварыў, бачачы, як дрыжаць лыдкі брата.
Юрка быў ужо ў дзвярах, ручнік закінуў на плячо, мыла трымаў у левай руцэ, шчотачку да зубоў і пасту — у правай.
— Я пахаджу трохі, — сказаў брат.
— Пахадзі, — Юрка раптам не ў гуморы. Брат углыбіўся ў сцюдзёную алею, густа абсаджаную клёнападобнымі дрэвамі. Яму хацелася пабегаць у такую рань, саромеўся зрабіць гэта на зручнай жвіраванай пляцоўцы перад вокнамі гасцініцы.
Наперадзе краявід з вясковай макаткі: ярка-зялёная паляна, за палянаю ярка-сіняя істужка, як бы ручайка, але гэта цвілі нейкія кветкі. Далей буйна падстрыжаныя дрэвы, ліпы, а ўбок ад ліпаў старая вежа і буслінае гняздо на вежы. Бусел клякоча.
— Гэй, пан! — брат адхіліўся ад зямлі, яго клічуць.
Ад буйна-падстрыжаных дрэў ішоў зялёны чалавек у службовай шапцы, на шапцы арліная плямка, твар уланскі. Ішоў ляснік.
— Не можна нічога рваць, — сказаў ляснік, не гледзячы на рукі.
— Я нічога не рву.
— Не можна, — паўтарыў ляснік. Ён пайшоў.
Брат намерыўся пахадзіць на руках уніз галавою і адсюль цэлае непаразуменне. Ляснік пайшоў.
Брат чуўся свежа і непрыемна было ўваходзіць у гасцініцу, дзе дзерла горла ад напаставанай падлогі, ад груба памаляваных дзвярэй і ад пылу на ўсім.
У пакоі стаялі Юрка і знаёмы.
— Бррр, які холад! — горбіўся знаёмы. Ён зачыніў акно, стала душна.
Паснедалі першымі — у рэстаране было пуста ў такую рань. Дасталі па шклянцы чаю, скрыгельчыку хлеба, да хлеба яйкі, вараныя на густа. Яйкі халодныя, звараныя ўчора.
— Хачу хлеба. Дайце хлеба! — дзіваваў знаёмы.
Кельнерка нясмачна зірнула на знаёмага, на ўсіх.
Змарнавалі гадзіну часу.
— Хай яго халера! — загневаўся Юрка на знаёмага. — Хадзем.