Брат устаў.
З парка трапілі на звычайную вясковую вуліцу, вельмі доўгую. Царква, даволі хілыя хаты, у адным месцы чарнела мураванка: гэта слынная Белавежа.
Ад моста на Нараўцы павярнулі зноў налева, так сказаў ім хлапчук, якога спыталі пра лодкавую станцыю. Воддаль ад рэчкі калужына, некалі купальны басейн, пабудаваны фашыстамі, яўрэямі пад іх наглядам. Ля станцыі трох ці чатырох хлапчын.
Лодкі выдаў малады, але вельмі сімпатычны белавежац.
Знаёмы купіў танных кансерваў. Цярпліва слухалі яго, ведаючы, што канчае гаварыць.
Плылі пакрай парку, а на шырокай завадзі, якую Юрка з братам бачылі ўчора, рушылі наперагонкі. Знаёмы аслаб, найдзяльней трымаўся брат, Юрка даганяў яго. Брат абліў Юрку халоднаю вадою.
— Кінчыба ты, — вылаяў Юрка брата, ужываючы праклён свайго дыялекту. Знаёмы не зразумеў, брат мацней націснуў на вёслы.
Нараўка, як усе малыя рэкі, страшэнна пятляе і часамі маецца ўражанне, што плывеш па колу, без канца і пачатку. У ёй мала незарослай вады, таму робіцца несамавіта, калі спрабуеш паставіць нагу на дно — да цела цягнуцца гідкія языкі водарасляў. Іх так многа, што рабаціць у вачах. Асаблівая неахвота ўлазіць у такую ваду, калі заўважыш на беразе вужа, што выграваецца на сонцы.
У меру таго, як плывеш штораз далей і заціхае чалавечае жыццё, і трохкат матацыклаў на шашы ў Белавежу, непрыемнае ўражанне знікае. Так заўсёды, калі чалавек ашаломлены прыродаю, якая зусім не патрабуе яго.
Знаёмы застаўся ззаду. Ён спяваў, потым заціх.
Юрка з братам уплылі на затонне пакрай пушчанскай рэзервацыі. Лагодна разышліся кругі вады, ля трыснягу трымцелі матылі.
Брат не ўтрымаўся, каб не пакупацца. Ён ныраў з лодкі, лодку адганяла пад сцяну трысцягу. Брат падплываў да лодкі і выцягваў яе на сярэдзіну затоння. Месца глыбокае, гэта яма, але віроў не было. Нараўка працякала ўбаку, рэчка з затоннем сфастрыгавана рэдкім чаротам.
— Люблю! — порхкаў брат. — Ой, добра! I плясь зноў.
— Не перакінь лодкі, — папярэджваў яго Юрка. Яму таксама хацелася купацца.
Белае неба і цудоўна радасна наўкола. Прыемная гарачыня, над вадою прыемная гарачыня. Брат вырабляе ў вадзе.
Недзе далёка зноў заспяваў знаёмы, у яго набрыняўшы голас. Юрка адчуў штосьці, што ўжо было: касілі жыта — знізу, ад мястэчка, часамі прыходзіла музыка, пустынная і нетутэйшая, сумная, то праз меру сонечная. Не хацелася касіць жыта. Наогул, не хацелася працаваць, гэта была мука. Выехаў у Беласток вучыцца. У Беластоку хацелася есці; хацелася быць у Беластоку, але каб есці тады, калі хочацца, а не тады, калі трэба. Цяпло і бесклапотна. Адно есці хочацца моцна, да таго моцна, што ў канцы думаеш толькі аб бульбе і хлебе. Пахне хлебам і... пожняю.
— Гэй! — крыкнуў знаёмы голас.
За рэдкім чаротам паказалася яго лодка
— Будзем есці, — знаёмы голас просіцца. Брат улез у лодку.
Распаролі кансервы, разарвалі хлеб. I елі.
На белым небе ластаўкі, у сонцы матылі над вадою. Пад верх падплыла плотка, бліснула срэбрам і патанула ўглыб. Падплыло дзве плоткі, адна малая. У трыснёг нырнуў цень вялікай рыбы. Стрункі трыснёг напіваецца вады, блішчыць зялёным вастрыём. Па-над трыснягом верхавіны пушчанскай рэзервацыі.
— Смакуе на свежым паветры, каня з'еў бы, — гаварыў брат. У яго поўны рот.
— Гм, — Юрка палічыў патрэбным азвацца. Ад неба цішыня і спакой. Мацней зелянеюць верхавіны пушчанскай рэзервацыі, мацней бліш-чыць трыснёг, плоткі спакойныя, матылі даверлівыя.
— Цудоўны дзень.
Гэта сказаў знаёмы. I Юрка паверыў яго голасу.
Потым паплылі далей, заплылі за рэзервацыю баброў. Было гэта вельмі далёка. Сонца пахілілася на захад, рашылі вяртацца. Да лодкавай станцыі даплылі на змярканні, знаёмы пайшоў шукаць сімпатычнага белавежца. Знайшоў яго на забаве ў клубе.
Здалі лодкі і пайшлі ў гасцініцу.
Снілася ім штосьці моцна высокае, ціхае, і радаснае. Калі прачнуліся, была раніца і сіняе неба, высокае сіняе неба.
ДЗІЎНАЕ ПІСЬМО
Кіра і Саша прыйшлі са школы. Кіра прыйшла першай.
— Саша! — засмяялася Кіра, калі ўбачыла ў дзвярах брата. — За тыдзень канікулы!
— Ну і добра, — адказаў Саша. Ён быў злосны на яе за тое, што яна хваліцца пяцёркамі.
Кіра з'яўляецца выдатнай вучаніцай, у яе адны пяцёркі. Раз мела чацвёрку і то плакала.
— Не цешышся, што хутка канікулы? — здзівілася Кіра. Яна не здагадвалася, што Саша зайздросціць ёй пяцёрак. Ён ні разу не сказаў ёй гэта, шанаваў сваю сястру і не дапускаўся да таго, каб зрабіць ёй прыкрасць. Ведаў, што яго зайздрасць беспадстаўная, мог бы быць такім жа добрым вучнем, але не хапала яму цярплівасці добра адрабляць хатнія заданні.