— Ведаеш што, — пачала гаварыць таемным голасам Кіра, калі Саша паклаў свае рэчы на месца і выгодна рассеўся ў крэсле. — Мама гаварыла, што ў ліпені паедзем над азёры. Тата ўжо заказаў домік...
Саша здагадаўся, што хоча сказаць сястра.
У мінулым годзе, каля возера Зэльва, на поўнач ад яго высокага берага, у старым лесе знайшла Кіра манету. Ляжала на вузенькай сцежцы ў малінніку, па якой толькі што хтосьці прайшоў; сляды былі зусім свежыя, завялі яны да вялікага каменя, аброслага мохам. Далей, за каменем, слядоў не было.
Сталася гэта ў апошні дзень канікулаў і трэба было вяртацца дамоў, у Беласток. Тата сказаў тады, што гэта вельмі старая манета, але не хацеў верыць, што Кіра знайшла яе на сцежцы. У школе настаўнік доўга прыглядаўся да манеты пакуль удалося яму прачытаць невыразны, вылінелы надпіс: была гэта манета Вялікага Літоўскага Княства, выпушчаная ў XVI стагоддзі.
Хто згубіў гэту манету ды адкуль узяў яе? Чаму сляды канчаліся каля вялікага каменя? Так вялікага, што каб улезці на яго, Кіра станавілася Сашы на плечы...
Кіра і Саша сядзелі, думаючы аб усім тым, што здарылася мінулым летам.
У кухні маці рыхтавала абед.
— Кірачка, — сказала маці. — Хадзі, паможаш мне памыць пасуду.
— Іду, маманька, — Кіра ўстала, паглядзела на Сашу і сказала: — Саша, прыбяры наш пакой. Пагаворым потым.
Праз чатыры дні пасля гэтай размовы, калі ўвесь клас ужо рыхтаваўся да ўрачыстага заканчэння навучальнага года, пісьманосец прынёс у школу пісьмо да Кіры. Хлопцы і дзяўчаты жартавалі, што да Кіры піша нарачоны. Яна схавала неспадзяванае пісьмо, прачытала яго ў ў парку, каб Саша не ўбачыў.
Хтосьці напісаў:
«Паслухай добрай парады, вучаніца Кіра! Калі паедзеш на канікулы, цешся сонцам і вадою, але не сунь носа ў не свае справы, бо можа стацца няшчасце вялікае з табою і тваім братам. I будуць плакаць маці з бацькам!
Добры Дзядзька».
Кіра прачытала пісьмо яшчэ раз і моцна спалохалася. У той дзень нікому нічога не сказала.
— Чаму не хочаш есці? — дапытвалася маці. — Мо хворая ты?
— Можа двойку дастала! — сказаў Саша і пачырванеў ад сораму: сам па сабе не спадзяваўся, што пяройдзе яму праз горла такая зласлівасць!
Бацька нядобра паглядзеў на Сашу.
— Я буду есці, — сказала Кіра, намагаючыся, каб ніхто не прыкмеціў, што яна нешта тоіць. Ёй зрабілася цяжка ад таго, што не можа быць шчырай. Баялася паказаць страшнае пісьмо і не ведала, што рабіць? Хацелася ехаць у тыя аколіцы, туды, дзе возера Зэльва і вялізны камень у старым лесе.
Познім вечарам, калі ўсе паснулі, Кіра ціха ўстала з пасцелі, выйшла ў калідор, асцярожна зачыніла недамкнёныя дзверы ў пакой бацькоў. Вярнулася і запаліла начную лямпачку, абажур апусціла нізка, бляск падаў толькі на кавалак стала. Каля акна, на софе, спаў, раскрыжаваўшыся, Саша, ён мармытаў праз сон. Разбудзіла яго і паказала яму пісьмо. Саша спачатку нічога не зразумеў.
— Ціха ты, — прыцішыла Кіра яго хлапцоўскі голас. — Зачыні акно, а то машкара ляціць на бляск, і заслані фіранкаю.
— Так, — Саша перастаў пазяхаць, вытрашчыў вочы і думаў. — Дзіўнае пісьмо, дзіўнае... Яснае яно толькі нам. Мы ж нікому чужому не гаварылі, дзе знайшлі тую манету...
— Ага, — пацвердзіла Кіра, набіраючыся яшчэ больш страху.
— Ці ты заўважыла, што гэтае пісьмо выслана з Варшавы? — запытаў Кіру.
— Праўда, — Кіра паглядзела на канверт, на якім выразна чарнеў штамп варшаўскай пошты.
— Але пісьмо з Варшавы можа кожны выслаць, — сказала яна ўжо не спалоханым голасам. Не магла сабе дараваць, што адразу не звярнула ўвагі на штамп.
— Праўда і няпраўда, — адрэзаў Саша, які зноў штось заўважыў і не хацеў, каб Кіра папярэдзіла яго. — Паглядзі, як наклеена паштовая марка?
— Нічога незвычайнага не бачу...
— Тэ-тэ-тэ, — перабіў ёй Саша. — Ці людзі з горада так наклейваюць маркі? У горадзе часта пішуць пісьмы і не бавяцца ў прыгожае наклейванне марак.
Сапраўды, маркі на канверце наклеены вельмі дакладна і акуратна.
— Так робяць найчасцей тыя, якія рэдка пішуць пісьмы, — падхапіла думку брата Кіра. — Бач, рогі канверта сцёртыя, як бы хто доўга насіў гэтае пісьмо ў кішэні.
— Ну так, — згадзіўся Саша. — Хтосьці мог прывязці пісьмо ў Варшаву і там укінуць у паштовую скрынку. Мог зрабіць гэта пры аказіі або нат спецыяльна па тое прыехаць у Варшаву...
— Э там, гаворыш як малы, — Кіра выказала сваю рацыю. — Думаю, зроблена гэта пры аказіі, едучы да радні або ў службовых справах. Спецыяльна ехаць толькі па тое, замнога каштавала б кагосьці. Мог жа ўкінуць пісьмо ў Аўгустове або ў Беластоку, гэта бліжэй, чым Варшава.