Выбрать главу

Як добра ляхсаць у пасцелі, адчуваць цяпло коўдры, сухой і мяккай, засынаць моцным сном, які магчымы толькі ў халодную ды дахсджлівую пагоду.

УВЕЧАРЫ НА САКОЛЬСКАЙ

Быў у мяне вечар вясёлы, вечар імглісты, калі пад стрэхамі загуменняў Сакольскай вуліцы лавіў сонных вераб'ёў. Ад поля нядобра глядзеў смутак, сябры не заўважалі ягоных вялікіх вачэй. Ім не было страшна і мне пры іх.

Вераб'ёў укідалі цераз фортку ў майстэрню шаўца Франка — Глянцпаперчыка, старога карцёжніка і яго шайкі. Узнімалася сумятня, ён прытвараўся разазлаваным і спрытна мяняў невыгодную карту.

Болей неразумнага жарту мы не прыдумалі.

ГАРЛАЧ

Пеўня празвалі Гарлачом. Ён спакойны, калі пахмурна або дождж. Тады Гарлач дрэмле на дровах пад страхою альбо грабецца ў горбе гною.

Сягоння сонца. Ужо выкацілася яно па-над вербамі ля старога млына і наганяе на скроні пот. Далёка, па гасцінцах, пастухі пагналі кароў. Пахне расою.

Гарлач спявае і дзюбае сонных курэй-жонак, круціць моцным хвастом і разглядаецца. Прыпыніўся ён насупраць буды сабакі Пудліка і, упёршыся кіпцюрамі ў пясок, сіпла заенчыў, куры пацверазелі. Пудлік настабурчыў вушы і, высадзіўшы на ўсякі выпадак адну лапу, мірна пазяхнуў. Гарлач па-буслінаму ўтаропіўся ў яго мызу, падазраючы сабаку ў нядобрых намерах. Пастаяўшы так у няпэўнасці, кінуўся да міскі Пудліка, аблепленай засохлымі рэшткамі.

I давай склікаць курэй.

Пудлік, гледзячы як Гарлач ушчаперыўся ў яго міску, не сцярпеў, выскаліў зубы і брахнуў. Гарлач вырачыўся на яго і дзюбануў яго ў нос. Пудлік запеніўся і рвануўся да бойкі. Гарлач пусціў пер'е і дзёр сабаку па вачах. Курыную шайку агарнула паніка.

Напала паніка і на Гарлача. Ён шмыгануў на плот, потым на свіран, а са свірна на хлеў. Унізе, у лапухах, рагаталі куры-жонкі. Гарлач стаяў на шчыце і прытвараўся, што нічога не чуе. Пудлік высалапіў язык у насмешку.

Гарлач са злосцю зляцеў у чужую бульбу. Ён пакінуў сваю сям'ю на цэлы дзень.

ДЗЯГА

На бацькоўскім сходзе ў шостым класе настаўнік прачытаў уголас сем двоек сына: матэматыка, гісторыя, фізіка, геаграфія, польская мова, руская мова, беларуская мова.

Толькі біялогію ведаў ён на пяцёрку.

— Быў першым вучнем... — сказаў сумны настаўнік.

Бацька анямеў.

У той вечар ён доўга шукаў сына — заглядаў пад стол у кухні, асвятляў запалкамі куты пад ложкамі, палез па лесвіцы на гару, хадзіў у хлеў і да гумна. Абышоў сад і задворкі. Лістападаўская завіруха скакала да вачэй.

Заспявалі першыя пеўні, а сына няма. Маці мацней заплакала, бацька абмяк. Вышаў дагледзець карову, якая выкруціла ў плоце нагу.

— Абжора ліхая, чорт носіць яе па платах, — бацьку аж свярбела нашпарыць карову віламі па скабах.

У шопцы, за хлявом, дзе начавалі куры, выбухнуў лопат крылаў і несамавіта засакатаў певень. «Тхор!» — ладумаў бацька і падкруціў кнот ліхтара, на бягу шукаючы каменя ў балоце.

— Сем двоек... — прахрыпеў бацька; дрыжачаю рукою паставіў ліхтар і паволі расперазаў дзягу.

— Тата... татачку!... больш не буду!!... папраўлюся!!!

Певень шмыгануў першым, забрахалі сабакі, За сцяною ляніва рохкаў кормнік — як бы штосьці лічыў.

Прышоў начны стораж.

Было ўжо па ўсім. Бацька падкідаў ботам іржавыя гаршчкі з зямлёю, у якіх расла рунь. Сын заікліва прызнаваўся, што прычынаю яго двоек была кніжка аб гадоўлі курэй, якую чытаў. Вычытаў, што куры нясуцца і зімою, калі даваць ім рунь, жарству, тоўчаныя лупіны яек, сечаныя буракі... куратнік цёпла абкласці снапамі саломы...

— Здурэў, зусім здурэў!! — затросся бацька, заўважыўшы стоража.

— Дзіця маё, чаму не вучышся, глупствамі займаешся!? — галасіла маці.

— Больш не буду... — усхліпнуў сын, хаваючыся за матчыну спіну.

На дровах пад страхою праспяваў певень, падкурчыў нагу і рыбіным вокам утаропіўся на ліхтар.

Стораж пашоў.

Вёска надоўга мела ўцеху. Чыстая смехата: сын мацае курэй!

На весну настаўнік арганізаваў гурток юных гадоўцаў. Сын не запісаўся ў гурток. Яму часта снілася, як бацька распярэзвае дзягу...

САЛЮТ

Калі апавешчана безагаворачную капітуляцыю фашыстоўскай Нямеччыны, мы цэлай шайкай пабеглі на луг, расклалі вогнішча, укацілі ў вогнішча снарад і з радасцю «урр-рр-аа!» пахаваліся ў абваленых акопах.