Выбрать главу

Зоркі, што свецяць на небе, відаць на азёрнай вадзе тады, калі блізка падысці да берага. Свецяць яны вельмі глыбока.

Пляснула хвастом рыба, яна старалася каўкнуць зорку, але гэта ёй не ўдалося. Зорка блішчыць і блішчыць. Ад сярэдзіны возера вада цёмная, купаюцца там сосны са Змеевай паляны. Усю ноч купаецца лес, каб мець сілу ўдзень сцерагчы Зэльву ад спякоты.

— Саша! — зашаптала Кіра. — Глядзі! Штосьці ў Зялёнай бухце?

Ад яе слоў павеяла холадам. У канцы возера, у Зялёную бухту, пасунулася нешта белае. Гэта не магла быць ніякая птушка. З такой далечыні не відаць нават лебедзя. Таемную з'яву бачылі штовечар, заўсёды каля дзесятай гадзіны.

З доміка данёсся ціхі голас маці:

— Дзеці, пара спаць.

Назаўтра паплылі лодкаю ў Зялёную бухту. Нізкія берагі, зарослыя непраходным гушчаром ляшчын і бярозак, былі недаступ-нымі. Плыткая вада, уся натканая зеллем, цяжка расступалася пад лодкаю. Прабіваліся цераз чарот і, калі апынуліся цалкам блізка да першай бярозкі, вылецела вялікая птушка і знікла за зелянінаю.

— Гэта лясны арол, — сказаў Саша. — Недаплывем да берага па гэтым зелішчы. Давай назад.

— Я памагу табе, — сказала Кіра. Неміласэрна пякло сонца.

— Я сам, — Саша ўхапіўся за вясло. — Гэта не на твае сілы.

Саша з усіх сіл загроб вёсламі, аднак лодка не рушылася.

— Мы застраглі!

Саша зняў з крука вясло і спрабаваў ім адштурхнуць лодку з плыткаводдзя. Вясло загразла ў балоце без дна.

— Вось і папаліся, — жартаваў ён, абціраючы ўспацелы ад натугі і страху лоб.

Замаўчалі. Навокал усё зялёнае: і вада, і неба, і паветра, і цішыня. Кіра прыгледзелася да чароту і сказала:

— Саша, паглядзі, пень!

Блізка лодкі тырчэў даволі высокі пень, аброслы мохам і зеллем. Пачалі памалу ўпірацца вяслом у пень, ён быў спарахнелы, але не разваліўся дарэшты. Лодка кранулася з месца. Доўга выбіраліся з зарасцяў.

Выплываючы з Зялёнай бухты ўбачылі, што на возеры падымаецца бура. З-за соснаў на Змеевай паляне выпаўзалі чорныя хмары і вельмі хутка мацнеў вецер. Было ўжо запозна ніукаць даступнага берага і сховішча ад дажджу пад нахіленымі дрэвамі. Грывістыя хвалі ўдаралі ў бок лодкі, кідаючы ёю быццам карабком ад запалкаў.

— Лодка вывернецца! — закрычала Кіра. — Вяслуй проста на хвалі, на сярэдзіну!

Саша і без яе ведаў, што іншага выйсця няма. Баяўся толькі трапіць на падводную выспу, якая знаходзілася пасярэдзіне возера.

— Сядай наперадзе! — крыкнуў да Кіры. — Я ўтрымаю кірунак.

Кіра мігам папаўзла пад лаўкамі на нос лодкі, які небяспечна задзіраўся ўгору. Ушчаперылася за барты.

— Залівае!

Саша не адказаў, па твары сёк дождж, вецер выдзіраў вочы. Кіру разпораз залівала хваля, расплываючыся пенаю ў канец лодкі.

— Толькі каб не загразці на падводнай выспе, — маячыў Саша. — Толькі каб не загразці на падводнай выспе...

Праз сіта дажджу пільна сачыў за грывамі хваляў, не мог распазнаць, у якім месцы знаходзіцца дзіўная выспа. Цэлае возера разаранае вялізнымі скібамі з белапеннымі разорамі.

Першая летняя бура.

Саша не мог зразумець, як гэта сталася, што выплываючы так далёка не забралі з сабою коркаў!? Без коркаў, у выпадку чаго, немагчыма доўга ўтрымацца на бурлівых водах...

— Перастань думаць аб гэтым, — зганіў уголас сам сябе. — Што сталася, то сталася...

Кіра не чула яго, вецер здуваў словы назад.

Пад кашуляю па спіне цякла вада, з валасоў цякла вада, з рук цякла вада, а Сашу рабілася штораз гарачэй.

Калі даплылі ўрэшце да Чортавай затокі ў лодцы было столькі вады, што барты выставалі над паверхняй возера не болей, як на пядзю. Убачыўшы гэта Саша пахаладзеў.

Кіра дрыжэла, не могучы выціснуць з сябе нават паўслова. Дождж перастаў падаць яшчэ далёка ад берага, але дзьмуў пранізлівы вецер.

— Гартуецеся, — смяяўся бацька, але відаць было, што злосны на іх.

— Куды вас панясло! — не сцярпела маці. — Замест адпачываць, будзеце хварэць.

Хутка пераадзеліся ў сухую вопратку і ляглі ў пасцель. Пілі адвар з малін і адчувалі, як прыемна расплываецца па целе цяплыня ды перастаюць дрыжэць рукі. Прынялі па таблетцы аспірыну і паснулі, як пшаніцу прадаўшы. Спалі шаснаццаць гадзін: пакладавіліся каля дванаццатай гадзіны дня, паўставалі назаўтра ў палавіне пятай гадзіны раніцы. За акном сосны пад сінім небам, іх голле блішчыць кроплямі радасці ў вясёлых праменнях. А такі спакой, што аж самога сябе не чуеш!