Кіра запытала пра тое, пра што даўно хацеў запытаць лесніка Саша. Запытала:
— Чаму той чалавек называўся вігранцам?
— Добра не ведаю, чаму тамтых людзей завуць вігранцамі, — гаварыў Мацюкевіч. — Мой дзед калісьці чытаў старую кніжку і талкаваў так: даўным-даўно ў гэтыя лясы прыбыў на паляванне вялікі князь літоўскі Ягайла, які аб'яднаў Літву з Польшчаю і стаў каралём. Ягайла паляваў аднойчы каля глыбачэзнага возера Вігры, што каля цяперашніх Сувалкаў. На парослай пушчаю выспе на Віграх князеўская служба адкрыла паселішча людзей, якія з'яўляліся патомкамі яцвягаў, вельмі ваяўнічага народа, пражываючага тут у старыне, і знішчанага крыжаносцамі. Змілаваўся Ягайла над беднымі недабіткамі слаўнага народа і абдзяліў кожнага яцвяга зямлёю. Так і пабудавалася тады ў нашай ваколіцы вёска Вігранцы званая, што за Зэльваю, над малым возерам Куніс. Яцвягі гаварылі моваю блізкаю літоўскай, таму і дагаварыліся яны з князевай службай. А «куніс» па-літоўску абазначае конь, а «зэльва» абазначае зялёнае.
— Скажыце нам што-лень па-літоўску, — папрасіў Саша.
— Па-літоўску я не ўмею, ведаю ўсяго некалькі назваў азёраў і рэк, — адказаў Мацюкевіч. — Наш род паходзіць з-пад Гродна, з беларускай зямлі. Дзед мой служыў у цяперашнім Гіжыцку, у Прусах. Але яго адтуль выгналі за штосьці і ён пасяліўся тут, стаў асочнікам у вялікага беларускага пана Валовіча, да якога належылі ўсенькія нашы лясы і азёры аж па Вігры. Мой бацька яшчэ ўмеў гладка гаварыць па-беларуску...
— А хто такія асочнікі? — пытала Кіра.
— Асочнікі, дачушка, — ляснік пачаў гаварыць паволі, каб добра зразумелі яго. — Асочнікі, гэта былі такія людзі на панскай службе, якія пільнавалі лясоў, каб ніхто не паляваў у іх і не выбіраў мёд з борці, не маючы на тое дазволу.
Вось з тых часоў і павялася назва Чортавай затокі. А было гэта так: пан Валовіч загадаў патапіць зладзеяў і, калі вялі іх да берагу, дык у балаціне, што ля затокі, падняўся страшэнны грукат і віск, якога свет не чуў. Усе пападалі на зямлю. Зладзеі тым часам скарысталі з таго замяшання і паўцякалі. Людзі гаварылі, што зла-дзеям сам чорт памог. Аднак, адзін стары асочнік, які не баяўся смерці, пашоў паглядзець, ці праўда гэта, што страшаць чэрці?! Убачыў у балаціне шайку дзікаў, якія заўзята грызліся паміж сабою. Але нікому не сказаў аб тым, што бачыў, баючыся гневу пана Валовіча, а яшчэ больш забаяўся насмешак. Расказаў аб гэтым асочнікам тады, калі памёр пан Валовіч. I засталася гэта таямніца толькі між імі, — закончыў расказ Мацюкевіч і дадаў: — Ну, час падаіць кароўку.
— А чаму тая, вунь, паляна называецца Змеевай? Там няма змеяў, — пацікавілася Кіра. Саша непрыхільна скрывіўся, даючы зразумець, што замнога пытае.
— Ого, — ляснік дастаў люльку і напіхаючы яе махоркаю расказаў дзіўную гісторыю. — На гэтай паляне ўсюды рос буйны маліннік, у якім вяліся змеі. Змеі любяць маліннікі. Пан Валовіч загадаў, каб не забіваць змеяў, прысылаў сюды нарочных людзей аж з Ваўкавыска, якія лавілі самыя тоўстыя змеі і сушылі іх у печах. I малолі іх на восыпку панскім коням. Ад такой восыпкі конь стаецца гарачым, быстрым, і добра на такіх конях ваяваць. Апрача таго, змяіны тлушч памагае на хваробы...
Ляснік расказваў і расказваў, але Кіра ўжо не чула яго слоў. Яна думала аб тым малінніку і сцежцы, на якой знайшла манету, угледзела сляды, што завялі яе да каменя-валуна. Наважылася расказаць пра ўсё гэта лесніку Мацюкевічу, ды штосьці паўстрымоўвала яе.
Ляснік выдаіў кароўку, Саша і Кіра памаглі працадзіць малако ў бляшаную банку.
— Ну, піце на здароўе, — сказаў Мацюкевіч. Калі выходзілі ад яго, Саша штурхнуў локцем Кіру і паказаў галавою на куст шчыльнага ядлаўцу за плотам, за якім пачынаўся лес. За кустом хістаўся цень чалавека.
— Патрымай малако, — сказаў да Кіры, падаючы ёй банку.
— Ты з аднаго боку, а я з другога... — Кіра не паспела даказаць свой план.
Цень знік. Саша забег за куст, дзе хтосьці доўга стаяў, падслухваючы расказ лесніка і размову з ім. Трава за кустом цвёрда ўтаптана. Саша пабег далей.
— Саша! — крыкнула Кіра і ён вярнуўся. Кіра мела рацыю: пагоня без сэнсу, тым больш, што невядома, у якім напрамку ўцёк чалавек, цень якога Саша заўважыў, дзякуючы ранняму сонцу, што сыпала серабром паміж верхавінамі прыазёрнага сасонніку.
— Саша!
— Чаго, Кіра?
— Не баішся?
— Чаго баяцца!
— Аднак, трэба ўсё расказаць для таты.
Саша не адразу адказаў:
— Што з таго, калі раскажам. Мы ж нічагусенькі не ведаем, хто круціцца... Няма чаго расказваць, — Сашу вельмі хацелася адкрыць.