— Я не баюся, Саша, — сказала Кіра проста ў вочы.
Саша пераконваў яе ў сваёй слушнасці:
— Трэба б хоць даведацца, хто круціцца ўночы ля валуна: дзеці ці дарослыя людзі? Калі дарослыя, тады зусім другая справа...
— Падкрадземся туды?
— Вядома.
ЦЕНІ
Увечары, калі маці, накрыўшы ногі пледам, сядзела ў ляжаку перад домікам, а бацька рыхтаваў вуды да ранішняй лоўлі рыб, Кіра і Саша зышлі да возера пашпацыраваць перад сном.
Маці прыпыніла Кіру:
—Чаму ты без світэра?
— Мне цяпло, маманька.
— Накладзі світэр, — сказала маці. Кіра вярнулася па світэр.
Змрок снаваў сваё начэплівае чорнае павуцінне, абплятаючы зямлю, кусты, дрэвы, неба. Ад Чортавай затокі падкрадаўся туман. Па-над Залатым Рогам пашыбавала чапля, выпучыўшы пражорлівае воле. Вада рабаціць ад машкары і дзівосных мух, за якімі бегае водны павук, і сям-там плюскае, як дзіцячыя пацалункі, рыба, паядаючы бесклапотных насякомых. Гэта шлоткі пачалі працавітае паляванне. З глыбокай вады за чаротам выпырснула банда маленькіх акунёў, уцякаючых перад шчупаком. У месцы, дзе шчупак завярнуўся, утварыўся вірок не большы, чым дзесяцізлотавая манета. У возеры невядома чаго тырчэла крачка, замест даўно адплысці спаць у зялёным ціхаводдзі.
Кіра і Саша, дайшоўшы да крыніцы, накіраваліся ўглыб лесу, выбіраючы напрамкі паміж ядлоўцамі. Непрасветныя ядлаўцовыя зараснікі дасканала скрываюць людскую постаць і глушаць ход. Высока, на сасне, застагнала чайка-кнігаўка, залапатала крыламі і зляцела да блізкага берага. Жабы кумкалі аднастайнім хорам, апавяшчаючы добрую пагоду.
Кіра ішла наперадзе, яна ляпей арыентавалася пасля таго, як разам з лесніком і бацькам шукалі плачучага дзіцяці. Кіра прадчувала, што бацька ўстрывожаны ўчарашняй прыгодай. Сёння раніцай ён не паплыў на лоўлю, хадзіў кудысці — няйначай, як па тое, каб пераканацца, ці напраўду не здарылася няшчасце ўночы? Прышоў стомлены, але не зусім спакойны.
Ззаду трэснула сухая галінка. Кіра прыпынілася і пачакала на Сашу, які адстаў.
— Асцеражней ідзі, — зашаптала яму ў вуха, калі падышоў да яе.
— Гэта не я, — прашаптаў Саша. — Можа хто ходзіць па лесе?
Затаілі дыханне. Лес маўчаў, як бы хацеў сказаць: «Чаго стаіце, ідзіце, не бойцеся, я вас схаваю».
— Пайшлі.
У ялінавым лесе заблудзілі.
— Чаму не ўзяла ліхтарыка?! — папракнуў Кіру Саша.
— Каб усё змарнаваць, — зашыпела Кіра. — Бляск здрадзіў бы нас.
Выходзілі з ялінавага лесу і траплялі ў нейкую балаціну. Зноў вярталіся. Дрыжэлі ногі ад безупыннай натугі, каб не паваліцца на нейкім пні або на коўзкіх карэннях. Саша ўспомніў, што кара на старых дрэвах, на ўзлессі, мацней абрастае мохам ад паўночнага боку, куды не даходзяць сонечныя праменні, не высушваюць вільгаці.
Перасталі блудзіць і неўзабаве выйшлі ля самюткага падножжа гары ў сасновым лесе.
— А я ўжо хацела падсадзіць цябе на яліну, каб пабачыў, дзе Вялікая Мядзведзіца, — жартавала Кіра. Саша чуць не засмяяўся.
Сасновы лес рэдкі, кусты нізкія. Не маглі ісці разам; калі Кіра прытойвалася за дрэвам, Саша нячутна ішоў і хаваўся за другім дрэвам, стараючыся ступаць па траве. Памалу дайшлі на гару і далей, у яе канец, дзе на ўскраіне малой паляны заляглі ў купіне высокага ядлоўцу, што рос вянком па берагах квадратовай ямы, відаць, выкапанай у вайну для размяшчэння батарэі. Адсюль ваколіца бы на далоні. А насупраць, метраў пяцьдзесят уніз да Зялёнай бухты, цямнее камень-валун. Па-над бухтаю туман.
Праляжалі ўсяго некалькі хвілін, калі за імі, у лесе, зноў трэснула галінка і мацней ступіла чыясьці нага, быццам падаючая ў траву спелая антонаўка.
— Саша, глядзі на лес, а я на камень...
Ад крайняй сасны адляпіўся цень дарослага чалавека і ў імгненне вока прапаў. Саша падумаў, што яму ўявілася, але чым пільней углядаўся ў цемень, тым вастрэй адчуваў, што там нехта ёсць!?
Па скроні сцякла першая кропля поту, клейкага і халоднага. Кіра штурхнула Сашу ў нагу і яму здалося, што ён гікнуў ад перапалоху. Кіра нямым кіўком рукі паказала, каб адвярнуўся да яе.
Убачыў, як да валуна падышоў цень высокай дзяўчыны з кошыкам, і пахіліўся перад каменем. Кошык знік бы пад зямлю праваліўся. Цень сказаў да кагосьці аглушаныя словы, і паменшаў. Дзяўчына села адпачываць. Пад валуном выразна заскрыгатала рыдлёўка, пасыпаўся пясок; там хтосьці капаў!
Дзяўчына ўкленчыла і прыняла ў рукі цяжкі кошык, за ім яшчэ адзін, які паволі адставіла ўбок і схілілася па трэці кошык. Па яе твары мільганула зялёнае святло. З-пад валуна выпаўз цень і, калі ўстаў на ногі, было відаць, што гэта хлопец. Ён зазёваны.