На памосце ўжо чакаў Сашу бацька.
— Укралі нам лодку, — сказаў.
Саша апусціў галаву, душыў яго сорам, злосць на самога сябе: быць на памосце і не звярнуць увагі на тое, што ля слупка замест лодкі, пустое месца!
— Даганю яе, тата!
— Ідзі спаць. Я сам, — бацька быў ужо раздзеты і масаваў лыдкі, мускулы. — Хоча затапіць лодку, — сказаў бацька. Сеў на памосце, ссунуўся ў ваду і бясшумна паплыў.
Саша, калечачы на шышках голыя ступені, імчаў да доміка па гумовы матрац, напампаваны паветрам.
— Ты куды!? — спрабавала перапыніць яго маці. Саша вырваў з-пад Кіры матрац. Кіра не паспела нічога сказаць.
Саша залез па пахі ў ваду каля памосця, дзе дно ачышчанае ад гнілога галля, лёг на матрац і паплыў услед за бацькам, працуючы абедзвюма рукамі — вятракамі.
Ля процілеглага берага стукат падобны да таго, калі біць каменем па кадушцы. Дзіравіць лодку, нядобрая дзяўчына! Саша замахаў рукамі, апускаючы іх у ваду аж па локці. Неўзабаве параўняўся з бацькам, які пачаў плысці краулем.
— Гэй! — крыкнуў Саша, а рэха голасу кінулася з імпэтам на лясную сцяну, вырастаючую ў зорнае неба з кожным метрам пераплытай адлегласці. Стукат абціх.
Лодка, асірацелая і напалову затопленая, ужо павярнулася носам на глыбіню, папхнутая нядобрай рукою. У лесе чуваць уцякаючага чалавека.
Бацька адштурхнуў лодку да цёмнага берага, Саша спрабаваў зрабіць тое самае і зваліўся з лёгкага матраца. Лодку ўратавалі — патанула ў прыбярэжнай мялізне, задраўшы нос; намучыліся да сёмых потаў вывалакаючы на плыцізну ў меру таго, як выцякала з яе лішняя вада.
Невялікую на шчасце дзіру туга заткнулі купальнымі трусамі і адплылі. Бацька вяславаў без аглядкі, Саша выбіраў жменямі ваду, што сачылася праз матэрыял.
ШАХТА
Хлопец расказаў, што ў мінулым годзе, збіраючы ягады з сястрою і маці, прыселі каля каменя-валуна адпачыць і паесці. Пры такіх аказіях хлопец любіў улазіць на валун і любавацца прыгажосцю сваёй ваколіцы. Але тады, першы раз, прыкмеціў выкаваны ў камені след босай нагі, зарослы мохам, а ніжэй, збоку, крыж літоўска-беларускай Пагоні.
Маці насварылася, каб болей не лазіў на. гэты камень, які выдаваўся помнікам, пастаўленым на магіле нейкага князя!
Пасля гэтага здарэння маці забараніла адпачываць тут і, пераходзячы каля валуна, пабожна хрысцілася.
Хлопец, аднак, не стрымаў сваёй цікавасці і пастанавіў яшчэ раз агледзець знакі на валуне. Баяўся ісці адзін і нагаварыў сястру. Пайшлі ўдваіх, калі маці не было ў хаце. З-пад каменя вышмыгнула яшчарка, сястра завішчала. Каб паказаць ёй, што няма чаго баяцца яшчарак, хлопец спрабаваў усадзіць у нару сваю руку і неспадзявана намацаў бляшкі. Былі гэта дзве дзіўныя сярэбраныя манеты. Разгроб норку глыбей, але больш не знайшоў.
Пачулі ў лесе галасы людзей і кінуліся ўцякаць наўпрасткі, цераз маліннікі. Тады сястра згубіла сваю манету, якую знайшла Кіра.
Сястра марыла вывучыцца на лекара, гаварыла, што не баіцца магілаў. Яна была пераканана, што пад валуном ляжыць скарб, пакла-дзены ў багатай князеўскай магіле. Так некалі хавалі валадароў. Ёй надта хацелася вучыцца далей ды не было за што паслаць яе ў горад, на навуку. На такіх размовах прайшла восень і зіма.
Брат увесну, нарэшце, згадзіўся капаць. Сястра сказала, што стаўшы лекарам возьме яго да сябе, у горад, і вывучыць на інжынера. Калі адкрылі студню было ясна, што гэта не магіла, і страх прапаў. Гэта глыбока схаваны скарб! Гэта ніякая студня! Гэта добра забяспечаны скарб! Сястра нецярплівілася.
Яна загадзя паслала ўсе патрэбныя паперы ў школу, у Беласток. У чэрвені паехала на экзамены і тады, будучы ў Беластоку, выслала пісьмо да Кіры, каб у гэтае лета ніхто чужы не паявіўся ў ваколіцы. Пісьмо ўкінула ў скрынку паштовага вагона варшаўскага поезда на станцыі Беласток «Цэнтральны».
— Сястра здала экзамены на пяцёркі, — закончыў доўгі расказ хлопец. Ён пачырванеў.
— Ну, а што здарылася ўчора? — бацька не пытаў адразу пра гэта, каб не нерваваць непатрэбна хлопца. Маці, Кіра, Саша маўчалі.
— Капанне адбывалася даволі лёгка, — пасмялеў хлопец. — Нідзе ні каменьчыка, адзін пясок, аж раптам натрапіў я на камень, уціснуты паміж бярвеннямі. Падумаў, трэба яго выдраць, а то ўпадзе на галаву, калі дакапаюся ўглыб. Толькі я чапіў лапатаю той камень — як жа ж пачала хлястаць адтуль вада!...
Хлопец пабялеў, зрабілася яму нядобра. Пасядзеўшы моўчкі, дадаў:
— А вашых галасоў я не чуў, сталася гэта хіба перад самым вашым прыходам...
*
Студня аказалася глыбачэзнай шахтай.