Выбрать главу

Прыехала брыгада геолагаў і вось ужо трэці год працуюць спецыялісты, ужываючы ўсялякіх спосабаў, але шахта заўзята бароніць сваёй таямніцы. Калі залаталі шчыліну, выпампавалі ваду і пракапаліся на пятнаццаць метраў глыбей, зноў усё заліла вада. Тым разам з другой шчыліны. Залаталі і гэту шчыліну, пракапаліся яшчэ не болей, як на дзесяць метраў, калі прарвалася вада з неспадзяванай трэцяй шчыліны, размываючы дзве першыя. Заўважана, што вада не б'е бы з крыніцы, як бывае гэта пры капанні студняў, але падымаецца толькі да пэўнага ўзроўню, які адпавядае ўзроўню вады ў возеры.

Налілі ў шахту чырвонай фарбы і праз некалькі дзён паявілася чырвоная вада спачатку ў Зялёнай бухце, да якой найбліжэй; потым — у Чортавай затоцы і ўрэшце ў малым возеры Куніс, каля вёскі Вігранцы. Значыць, да шахты праведзена пад горамі і лясамі каналы.

Запушчана геалагічны свярдзёл, які на глыбіні сто пяцьдзесят метраў прабіў нейкую жалезную пакладзіну і вынес на верх не кавалкі золата або дыяментаў, але дробінкі пергаменту, на якім чарнеюць літары: «ли, «ру», «ол», «чти».

Шахта, празваная Чортавай дзірою, сцеражэ скарбы каштоўнейшыя, чым золата і дыяменты, сцеражэ вельмі важныя дакументы, якія расказалі б нам пра невядомыя падзеі ў гісторыі нашага народа.

Тыя дакументы, відаць, так важныя, што хтосьці ў XVI стагоддзі не завагаўся забяспечыць ім несамавітую таямніцу. А той хтосьці быў напэўна вялікім інжынерам, калі патрапіў прыдумаць і пабудаваць штосьці такое, што немагчыма зрабіць нават пры цяперашняй тэхні-цы. А мо той хтосьці быў самым вялікім вучоным, які калі-кольвек нарадзіўся на нашай планеце, і мо зрабіў такія адкрыцці, у параўнан-ні да якіх сучасная нуклеарная тэхніка выдалася б усяго дзіцячаю цацкаю!? I схаваў ён гэтыя адкрыцці да лепшых часоў, калі ўсе людзі на нашай Зямлі, як адзін чалавек стануць сябрамі навечна.

Скарбы ў Яцвяжскай пушчы недаступныя ў наш нядобры век, усёроўна, бы хтосьці пастараўся аб тое, каб памятаць пра лёс яцвягаў, пра народ, які загінуў назаўсёды.

Беласток, 21—26 сакавгка 1968 г.

ТАНЯ

І

Вясна, як толькі памятаў Юрка, прыходзіла з-за Лапіцкіх пагоркаў. Так і тады — ужо колькі дзён дзьмуў у даліну цёплы вецер і нізка кудлаціліся хмары. Час-часом высвечвала сонца, і ад таго ралля мацней чарнела і бліскала ў вочы беллю снегу ў разорах. А на Глінішчы снег быў як бы некрануты; ён ляжыць там заўсёды доўга, нарэшце ўтвараючы маленечкае блакітнае паазер'е з незасыпаных старых ямаў на бульбу, якое высыхала недзе ў першае сенаванне, пакідаючы пасля густую махавіну макрыцы. Далей, за могілкамі і пад Разбойнікам, глеба не вызвалялася — ці мо здавалася гэтак ад далечыні, — вясна заходзіла туды, відаць, потым.

На Доўгім выгане снег, бы развэдзганая смятана, плямамі, усярэдзіне якіх цямнела западзінамі вада, яшчэ добра трымаўся на дарозе, паміж уледзянелымі каляінамі. Там нехта ехаў санямі; конь, быццам разумнае стварэнне, марудна цягнуў, апусціўшы галаву. Чалавек ішоў побач, растапырваючыся на коўзкім.

Вёска не тое што ўперлася ў Лапіцкія пагоркі, але як бы і выходзіла на іх, усё роўна бы баючыся таго глыбокага рову, гуллівага ў веснаходдзе, над якім трываў масток, асабліва самотны ўвечары, у сакавіцкае беспрасвецце.

Юрка, засынаючы, чуў праз вячорную мітусню бацькоў вадаспадзісты шум, які ўдзень, калі стаяць на тым мастку з ненадзейнымі парэнчамі, слухаеш як песню вясны, што ўяўляецца квяцістым анёлам па-над палямі. У другім класе, памятае, намаляваў гэтую паню — ва ўквечанай сукні, з жаўрукамі... Сніліся карабельчыкі. Яны плылі выганскай муццю ў Свіслач, далей — глыбачэзным Нёманам у мора, да сонечнае Францыі, на берагах якой сумны Напалеон нецярпліва чагосьці чакае. Некаторыя з іх гінулі ў бурах ля горскае Грузіі з арліным замкам царыцы Тамары, па-нябеснаму прыгожай, не бабы і, нават, не дзяўчыны, і якую назваць цудоўна прываблівай было б усё яшчэ зневажэннем яе.

Упоранкі спяваў шпак на бярозе, заінелай, у самюткім закутку падворышча, за калодамі з грубай карою, з якое ніяк не ўдаваліся Юрку падводныя лодкі. Тут, у шчыліну, зарослую крапівою, упаў яму добры шаўцоўскі нож, якога адразу не мог, ведама, дастаць назад і з часам забыўся аб ім. У гэтае прадвесне Юрка, шныпарачы па гарышчы, угледзеў у матчыным куфры кніжку са скурападобнымі вокладкамі, якая выдалася яму кавалкам нечага смачнога. З малюнкамі непраўдападобных гораў, высокіх руінаў у жывых туманах, жанчынаў у іконным адзенні і са святымі тварамі. Напісаў яе Лермантаў, панская фатаграфія якога была напачатку, — вусаты, у мундзіры, прапахлым бабулінымі яблыкамі-папяроўкамі, спасаўкамі; вершьі, не вельмі зразумелыя, запамяталіся Юрку сваім незямным настроем. Страшнавата было чытаць іх.