Выбрать главу

* * *

Мы наглядаем, відаць, наступную заканамернасць: першае каханне, як самае бурлівае, ёсць супраціўнае шлюбнаму жыццю, сутнасць якога, гэта грамадска-гаспадарчае аб'яднанне пары людзей, што натуральным чынам пярэчыць усяму таму ўзвышанаму. Гэта праўда, што чалавек бярэцца з пачуццяў, але жыве ён, аднак, розумам, даказваючы тым самым усявечную бяссільнасць сваю ў дачыненні да самога сябе і перамогу над ім звычайнага існавання, якое нязменна пакідае ў нас саміх смак упаду. Ці не таму мы ствараем багоў?

У вылускным класе Юрка ездзіў на экскурсію. У Варшаўскім музеі ён глядзеў на скульптуру Венеры і, вачам веры не даючы, пазнаваў у ёй Таню.

VIII

Вяртанне на Смольную было яму поўным пакуты, чакання нечага.

Ах, пакінуў бы тэхнікум, махнуў бы рукою на Беласток, які расчароўвае, ды лепш падаўся б у майстэрню слесара Жулкоўскага ў Крынках, дзе, прынамсі, напэўна выйшаў бы ў людзі! Ды не, нельга так. Чамусьці цалкам нельга. Каб не той вясковы смех, каб не тая злосць бацькоў, плач маці, каб, урэшце, і не сябры, якіх цяпер не пазнаць ад іхняй ганарыстасці... Каб — не Таня!

Настаўнікі ставілі Юрку неблагія адзнакі, якімі не было яму перад кім пахваліцца. Ён, праўда, трохі апусціўся пасля Калядаў.

У паездку дамоў Юрка наведаўся быў да Грышы, хоць з ім не надта і дружыў. А меў ён наўвеце вось што: з Грышкавай хаты добра бачылася Таніну.

Віхурыла мяцеліца, заносячы снягоццем платы і па-вар'яцку рагочучы, усё роўна што ўзлезшы на таполю; у кагосьці ляскала дзвярыма. У гэтай яе разбуяненасці нешта як у маладое ўдавы, якой пашанцавала хутка пайсці замуж... Імчала выючая весялосць, са стрымгалоўем і ў поле. Тады мяцеліцу ашукаў мароз і пасунуліся хмары, бы сумленне, і ўжо кожны зноўку мог зразумець тое, што на свеце няма нічога болей сумнага ад адлігі ўночы.

Юрка ўкладваўся спаць позна.

Ён вырашыў стаць усё-такі інжынерам і вынайсці штосьці нікім не адкрытае: каб Зямля не аддалялася ад Сонца, каб круглы год квітнелі сады і каласілася збожжа, каб спявалі жаваранкі і купаліся ў рэчцы дзеці. Каб усенька жывое дзякавала яму, а ён змог сказаць: «Гэта не мая заслуга, гэта — Тані!» А яна здзівілася б: «Мая?» А Юрка ёй: «Так, Танечка!» Яна: «Як гэта мая?» Ен: «Ты — як вясна! Ты — багавіца вясны!»

Юрка заходзіў у кнігарню па вуліцы Кілінскага, у хвасце колішняе Базарнай, і вышукваў кнігі з навукаю аб метэаралогіі, будаўніцтве паркаў, меліярацыі; грубыя тамы, у якіх рабаціла зрок ад матэматычных узораў, рысункаў геаметрычнага аналізу, тэхнічных дадзеных. Юрка зубрыў матэрыял, запамінаў цэлыя старонкі ды раздзелы, бы паэму аб Грузіі, зразумелую пакуль нязвычнай сонечнасцю ў ёй.

Ен, з маленства ненавідзячы лічбінаў, стаў лепшым матэматыкам у класе. Але высцерагаўся прагаварыцца наконт Тані.

* * *

У нашых адносінах да кахання натыкаемся на супярэчнасць: несумненная веліч перажыванняў і нешанаванне іх. Падобнае на тое, што кожны з нас не прызнае адсутнасці высокіх пачуццяў у самога сябе, прагнем іх, як хлеба, як жняя вады ў спякоту!..

Гэтак у нас ад зморанасці паслейшым жыццём?

IX

На Вялікдзень паехаў Юрка на вяселле дваюраднага брата. Маці дала яму тады аж пятнаццаць злоты на цукеркі дружцы. За сталом дзяўчына касілася на той пакет прысмакаў у ягоных руках; хлопец крадком паглядваў на дружбантаў і рабіў так, як яны.

Пакет ён паклаў ёй у прыпол.

— Што гэта? — запытала яна. — Дзякую! Я люблю цукеркі.

— Гэ-эй! — крычаў сват. — Гэ-э-эй! Дакуль будзем сядзець?! Хадзем танцаваць вальс. Чапляйся!

Бухнуў кароткі рогат, і ўрэзалі музыкі. У Юркі мурашкі бегалі па спіне, саромеўся проста глядзець на сваю дружку. Але асмеліўся, сказаў ён:

— Станцуем?

— Ага, — згадзілася яна. Ды тут жа недзе прапала.

— Дай, Юрка, цукерак! — з'явіўся, бы з-пад зямлі, Грышка. — Дай, дай, не шкадуй, — смяяўся ён не на жарт. — Прыгожая яна? Пакажы, ну, якая, — і разглядаўся з ганка на вясельнікаў, што ішлі вытанцавацца ў нанятай дзеля таго хаце.

— Малы ты, ці што?

— Бач ты яго: вырас!

Юрка недалюбліваў Грышку. Балючай стрэмкаю засела ў ягонай памяці Грышкава зняважлівасць да ўласнае маці. Аб чым жа гаварыць з такім чалавекам, як ён?

Пыліла гулянка. Маладая танцавала са сватам, малады — са старшаю дружкай. Уражвалі вочы — гарачыя не ад уцехі, але ад паспешлівасці, ад таго, каб як мага больш павесяліцца, а не нудзіцца пад сцяною ды глядзець на нечыю радасць, быць усяго сведкай чужой удачы. Круціў польку і Грышка: з віхрастым чубам, з прыглядкаю да дарослых.

Юрка неяк не адразу даглядзеў тое, што ён вытанцоўваў сваё менавіта з Таняю. Так у яго сталася ад непраўдападобнасці здарэння, ад вялікае неспадзяванасці пабачыць яе на музыках. Таню, пакуль не дзяўчыну, не расцвілую кветку, не акрыленую яшчэ, усяго з першымі ледзь прыкметнымі побліскамі ў паглядзе, усё роўна што выпадковы такт музычнае фразы ў гарманіста, які акурат рассядаецца граць, пачырванелую, напэўна, ад гарачыні, ад духоцця, рассмяяную фактычна па-дзіцячаму...