У перапынках між танцамі яна стаяла з Грышкам, і таму Юрка не тое што збаяўся паказвацца перад імі. Яму было звычайна вельмі непрыемна ад таго, ад тае здагадкі, што Грышун, гэты Грышуніска, мог бы западозрыць яго ў пачуццях да яе і потым не сціхаць з насмешкамі.
* * *
Крыўда застаецца. Няма, бадай, болей трывалых пачуццяў за тыя, якія спараджаюць у душы горкае суцішша. У кожнага яно іншае, бы воблік, бы пальцы, бы ўсмешка і позірк, смех, праява ласкі, чуласці, дотык...
Крыўда стварае нам бязвыйсці. Яна настолькі ўладная над намі, што толькі нешматлікія сярод нас гэта заўважаюць ды разумеюць.
Ці каханне ёсць формаю крыўды?..
Юрка, будучы ўжо ў глыбокай сталасці, усё здзіўляўся тымі хвалямі жалю, што ахоплівалі яго на, ўспамін паўзабытае, нават паўлегендарнае яму тады Тані, так і не пабачанай ім пасля таго, калі яна выехала вучыцца ў сярэдняй, затым, пэўна, і ў вышэйшай школе (даходзіў да яго почут пра яе замужжа).
Х
Самым надакучлівым Юрку прадметам стаўся тэхнічны рысунак. Гарбаты выкладчык выклікаў агульны перапалох.
Уваходзячы ў клас, ён не гаварыў вучням «добры дзень», сядаў у сваё крэсла заўсёды з нейкаю злосцю.
— Сёння мы будзем займацца простымі элемэнтамі. — сказаў аднойчы, устаўшы і пагойдваючыся на пальчыках.
Вучні зашасталі прыладамі для рысавання, пільна ўглядаючыся ў тое, што выкладчык пісаў на чорнай дошцы. Ён штораз адыходзіўся назад, спраўджаў, ці не зрабіў якое памылкі, і зноўку выводзіў крэйдаю лічбіны. Над ягонай сярдзітай і гэтак жа віхрастай галавою ўпарта лётала муха.
Часам быў ён у даволі неблагім настроі і тады любіў пажартаваць, як заўсёды, досыць груба. I гэты раз не абышлося без такога вось жарціку. Вучніскі ажно бляялі ад рогату, але ўсё-такі чуйна, каб у выпадку чаго ўмомант сцяць свае сківіцы.
Юрка ўявіў сабе ганарлівую грымасу Тані і — з надзвычайнай дакладнасцю — ейную хату, якую тут жа, са сканцэнтраванасцю вулічнага маляра пад беластоцкім касцёлам святога Роха, намаляваў. I яшчэ засяродзіўся над партрэтам самое Тані, увесь, у дрыготкім натхненні, калі аглушыў яго крык гэтага настаўніка:
— Зараз жа пакажы мне, што ты чаўпеш там! — ён забаўляўся тым, што захапіў Юрку знянацку. — Што гэта, пытаюся ў цябе?! — тыцнуў валасатым пальцам у намаляванае. — Хочаш быць тэхнікам ці цесляром? А мо жаніцца здумаў ды ўжо хату сабе плануеш? Ты, мабыць, ахвотнік смачна пажыць без навукі... Чаго плачаш? Лепш за задачу бярыся.
Юрка не плакаў, гэта не былі слёзы адчаю. Выкладчык, відаць, таксама сцяміў тое і пры ўсякай нагодзе ставіў хлопцу потым двойкі.
Аднаго лета Юрка з бацькамі жаў на сваім палетку. Смаліла. сонца, і маці папрасіла прынесці вады з крыніцы ў Жаўручыным лужку. Ад пожні дыхцела гарачынёю, быццам з хлебнае печы. Бацька выціраў шапкаю пот і вытрасаў з кішэні размоклы ад таго пачак Папяросаў. Стаяла спякота, якое старыя людзі не памяталі. Юрка перажыў тое жніво, бы сонечны ўдар, таму што Таня тады дала яму адчуць, як зусім не жадае яна сустрэцца з ім. Ля тае крыніцы, што ў выжатым полі, тоўпіліся жнеі і жнеяры, і для Тані Юрка мог сысці хаця б за звычайнага ёй хлопца, які ўсяго прыйшоў набраць вады. аднак яна, згледзеўшы яго, борзда павярнула назад амаль з канца сцежкі. Не, яе не клікалі. Да яе неўзабаўку падышоў Грышка, яны аб нечым пагаварылі, ён ўзяў конаўку, якую падала яму Таніна маці, прынёс вады ім, колькі хвілінаў пасядзеў там, — яго, здаецца, пачаставалі полуднем, падалі яму белы кубак, напэўна, кампоту з чырвоных парэчкаў, што ў іхным садку, і лучавінкаю — а як жа! — сушанае каўбасы.
Юрка прытаіўся за Адолевымі дзесяткамі, са снапоў перасохлага калосся якіх высыпалася зерне.
* * *
Юрку, як і сам ён лавіў сябе на тым, неяк дарэчы было з пачуццём крыўды. З ім як бы лепей бачыў ён людзей або, можа, так яму толькі здавалася?
Ён успрымаў як нешта дэбільнае нечыя тырады наконт мараў чалавецтва пра вечнае шчасце. «Ну добра, — разважаў, натыкаючыся на радасных дурняў, — а ці ж магчыма ўсё глыбей думаць, будучы бесперапынна шчаслівым?»
XI
Тое лета было даўгое. У хаце Лапаціхі ізноў ладзілі кавалеры музыкі, начамі ўсё ярчэлі зоркі над Доўгім выганам і па-над дрэвамі за Антыфонавым падворышчам, а духата не прападала, хоць было бліжэй да восені. Усенька жывое змарылася чаканнем прохаладзі; куры і тыя перасталі купацца ў ямках на пясчанай вуліцы, залазілі ў лапухоўе, дзе, абяссіленыя, драмалі, паразяўляў-шы дзюбы.