Выбрать главу

Узбрыдзіўся прыгожымі мужчынамі, іх — або ветлівасцю ідыётаў, або красамоўствам ашуканцаў, або жыццём бяссэнсавым, страшэнна бяссэнсавым.

У імкненні да прыгожага людзі робяць памылку, атоесамлі-ваючы прыгожае з яго выглядам, формай, забываючыся пра сэнс таго, змест таго; памылку, якой не заўважаюць, бо адвечная і вечная. Таму і імкненне да праўды.

А думаючы аб прыгожых жаняынах — думаў аб годнасці. Бо, годнасць мае цяпер у яго адну-адзінюсенькую назву: жанчына. Жанчына дае жыццё, яна — маці свету! (Мо аж так не думае, але адчувае якраз так). Чым болып зганьбаваных жанчын, тым больш зганьбаваны свет...

Знаходзіць гэтыя свае думкі, бы даўнія пісьмы да другой жонкі, што валяюцца ў камодзе з бялізнаю; думкі — ужо макулятура, думкі — ужо выкінутыя газеты, думкі — ужо высахлая трава, думкі — ужо яму смецце. Людзі ж вераць толькі самі сабе.

I забаліць сэрца.

А мо так яно павінна быць?

КАХАННЕ БЕЗ УЗАЕМНАСЦІ

Ён схаваў яе імя, закопваў яго штораз глыбей. Часамі адкопваў, каб паглядзець для пэўнасці, быццам скнэрлівы багацей. Сцярог імя, наглядаў за ім, як шчаслівы ўласнік скарбу.

ПРА НАЙВАЖНЕЙШАЕ

Хворым не шукаць праўды. Таму лекары ашукоўваюць іх з чыстым сумленнем. Праўда можа забіць. Найважнейшае: жыць, жыць, жыць, колькі ўдасца!

Пытанне толькі: як? Як жыць? Якой цаною?

Вечнае пытанне.

ТЫМ, ШТО ЛАЮЦЦА

Ёсць спосаб, каб не лаяцца на вуліцы, дома, пры чужых. Трэба выйсці ў поле далёкае і выкрыкваць страшныя праклёны, і доўга: гадзіну, дзве гадзіны. I не сціхаючы. Найляпей у нядзелю, калі ніхто не працуе ў полі. Несумненна, у гэтым нешта падобнае да жаніцьбы, асабліва, калі жаніху трыццаць пяць год, і ён ужо схільны астыць.

Вядома, было б абсурдам раіць кожнаму гэты спосаб, але некаторым, яшчэ не загарэлым у лаянцы, магчыма, аказаўся б ён дабратворным.

СВЯТА Ў 1945-ЫМ

Далёка Берлін, выпіхаў у неба сваё чорнае сумленне, спавядаўся і спавядаўся...

Дзевятага мая 1945 года я аддаў конаўку трафейнага спірту сімпатычнаму лётчыку за тое, што павазіў мяне на самалёце. Пакруціліся над палявым аэрадромам, адляцелі далей, зямля зялёная, светлая і вечная, і, гледзячы на яе, мелася пачуццё радасці, толькі радасці.

З вышыні сто метраў відаць, як скачуць вавёркі па лесе, бы жабкі па дрыгве. А ў лесе святочны адпачынак, ляжаць мужчыны, на спіне, на жываце, бязладна раскрыжаваныя; ляжаць жанчыны, то там, то сям, матылі з бессаромна аголеным целам.

Гэта трупы.

— Трымайся! — лётчык выскаліў зубы, тузануў да сябе рычаг. I паімчалі па сонца.

У АБАРОНЕ ФАНТАЗІІ

Чалавек часамі думае вельмі дзіўна, але як не дзіўна думае, усё праўдзівае, бо так магло быць або было так, таму, што час ад часу людзі маюць магчымасць рабіць усё, як думаюць, як захочуць, як жадаюць.

ВЕРШ ПРОЗАЮ

Ля бобікавай буды, на панадворку майго дзяцінства, вырасла атамная фабрыка. Яе дырэктарам з'яўляецца бацька; рэактарам кіруе маці, а брат адкрыў штосьці вельмі новае і вельмі важнае...

Гляджу на іх.

Бацька скруціў самасею і закурыў. Маці прашаптала «Божа»!. А брат паглядзеў на мяне і здзівіўся!?

— А ты яшчэ чарнарабочым!?

Ад сораму за самога сябе я прачнуўся. За акном, на вуліцы, звінелі званкі трамваяў...

ВІЗІТАЦЫЯ НАЧАЛЬНІКА

Ён першы раз выклікаў службовую легкавую машыну і паехаў на далёкую будову, яна галаслівіла на ўскраіне Беластока, за пасекаю каляровых гмахаў. Гледзяяы на забудаваны Беласток, ён адчуў штосьці такое, што называецца дастойнасцю, гордасцю, справядлівай ганарлівасцю. Было гэта здзіўленне чалавека, які ўбачыў высокія горы, хаця і ведаў, што яны ёсць на свеце.

Калі ён апынуўся ў сваім ціхім кабінеце і разгарнуў рулоны планаў, яму выдалася смешным яго пачуццё, і ён быў задаволены, што нікому не расказаў аб ім.

Паглыбіўся ў працы.

ГАНДЛЯРУ СУМЛЕННЕМ

Хочаш родную песню сваю захаборыць усмешкаю тлустаю, каб штурхануць яе ў бездарожжа гасцінцаў вясковых! Як матку непатрэбную.

Але песня вяртаецца птушкаю пад парогі твае ўтульныя, каб прабачыць звыроднае адрачэнне сыноўскае. Як голуб кахання.

Ды ты прамяняў ужо каханне на ўтульнасць.