Выбрать главу

Юрка пайшоў у бляску неонаў. Над горадам наіўна-зялёнае: «Застрахуем цябе і тваю маёмасць».

Дайшоў да сабора святога Мікалая, прачытаў жалобную абвестку аб смерці некага, пастаяў пад мокрым снегам. На тратуары — мужчыны і жанчыны, хлопцы з дзяўчатамі, дзеці. Па вуліцы едуць легкавыя машыны, а ў іх, тыя, якім няма патрэбы выдурньвацца пешай хадою. Усё гэта выглядала крыху так, бы ў жніво пачарнела хмара над Доўгім выганам, і тады багатыя пасядалі на вазы, пачалі ўцякаць сярэдзінаю дарогі. А Юрка з маці схавалі серп у раскірачаную дванастку аўса ды пабеглі дадому ўскраем каляінаў, сцежкаю. З вазоў тых крычалі ім, каб яны хутчэй беглі, бо памокнуць... Гэта была насмешка.

Тыя, у легкавых машынах, былі нечым падобныя да тых, што сядзелі на вазах; на шыбіны расклейваюць яны сваю іронію, на ўсю шырыню іх гладкатварасці.

Макротны снег.

Юрка пакруціўся быў яшчэ з гадзіну і накіраваўся ў Парадную алею, пад гару, на якой бялее палац. Насупраць жа таго палаца перайшоў на другі бок вуліцы. Вецер заплёўваў вочы цяжкімі сняжынамі.

Нехта сказаў яму:

— Добры вечар.

Ён паглядзеў услед: спіна, закончаная настаўленым каўняром, аддалялася.

* * *

Аб Грышцы памятаў і ягоныя словы да Тані. I яшчэ нешта намёклівае, каб не сказаць — грубае.

Не спалася Юрку ў месячную ясноту. I бачыў ён у сваёй памяці, як моладзь выходзіць з вячоркаў, хлопцы лепяць снежкі на дзяўчат, а недзе ўедліва брэша сабачук, і нехта заўзіраўся ў зорнае неба, ціхнучы ад таго, ўсё роўна што над чыставоднаю безданню. Вялікая Мядзведзіца па-над Доўгім выганам, што за агародамі і садкамі Плянтанскае вуліцы. I здаецца яму, што вось стаіць ён так, як некалі па-пад вішняю, на падворышчы за калодзежам, перад поўначчу на Спаса, і за яго спіною цямнеча, з якое халадок навейвае густыя пахі кропу ды разбуялага зелля, таксама пераспелых папяровак.

Думаючы пра каханне, мы абавязкова маем на ўвазе вясну, калі ўсенька наўкола цвіце і бушуе жыццём, такім буйна-зялёным.

XIV

Першы снег выпаў позна. Да Новага года дзьмуў марозны вецер. Бацька, занепакоены гэтым, гаварыў: «Вымерзнуць жыты...»

Вёску электрыфікавалі, і нават гарэлі ўжо лямпачкі на вулічных слупах, адна ля Юркавай хаты. Яркае святло прыдавала незвычайнасць добраму настрою.

Юрка лазіў быў на гарышча па цыбулю і ў куце на крокве ножыкам выразаў: «Таня».

Да Каляд заставалася трохі посту, таму ніхто не ладзіў танцаў, не было і збораў, спатканняў закаханых, вечарынак. Таня прыехала пазаўчора. Яе сустракалі на аўтобусным прыпынку маці з бацькам, прыстойна, без звыклай у такіх выпадках усцешанасці. Юрка затрывожыўся...

Увечары яна нікуды не выходзіла. Ні да студні, ні ў краму. Быццам баялася надысці на Юрку.

А мо сыходзілася Таня патаемна з Грышкам? I магла ж быць між імі гэткая размова:

— Таня, ты не бачыла Юркі?

— Не-а.

— Я заходзіў да яго, але ён, некуды знікае вечарамі...

— Навошта ён табе?

— От, хацеў пагаварыць з ім.

— З гэтым дзіваком?!

— Чаму так кажаш?

— Бо ён якісьці прыдурак!

— Прыдурак?

— Кінь ты ўсё пра Юрку... Лепш скажы, што цікавага ў цябе?..

Вядома, што Тані значыць сказаць такое пра Юрку, калі яна не адпісала яму лімта, хаця б колькі слоў, ну хоць паштоўку за дробны грош: «Найлепшыя пажаданні...» Ды дзе там! Па грудзях распаўзалася яму пякотка. Яшчэ і маці з бацькам заявіліся па яе на прыпынак, быццам тут у яе няма адбою ад хлопцаў! Крыўдна, як ні кажы. I нікуды ты не падзенешся, сам грызіся, зашыўшыся ў нейкае закуцце. Дзяўчына не хоча цябе — І кропка. Гэта так. Але каб яна хоць сказала: адчапіся.

«Я павінен дамагчыся ад яе адказу, інакш не вытрываю! Мне трэба сустрэцца з ёю — хоць на хвілю, але сам-насам...»

— Прынясі, Юрачка, вады, — папрасіла маці і як бы са здогадам паглядзела на сына. Бацька паехаў у млын, і ёй, відаць, хацелася, каб дзень прамінуў без панурае тупаніны па гаспадарцы. Стары сказаў бы: «Табе, маці, панскія думкі ў галаве, бачу я!»

Юрка ўзяў вядро, пачарнелае ад старасці, з занітаванай дзіркаю ў дне, і лёгкімі нагамі выйшаў на вуліцу, белую ды ціхую. Наўпрасткі цераз агароды, у кірунку Доўгага выгана, бегла, брыкаючыся, нечае жарабя. Каля студні з уледзянелым гарбом нікога не было; нехта заядла сек дровы, пэўна, тонкае галлё, але за наінелымі дрэвамі стук чуўся глухі і недакладны. Юрка зачэрпаў вады і ўзяўся быў цягнуць вядрыска наверх, усё часцей дыхаючы ад знячэйнага яму якогасьці страху, такога знясільваючага, бы вось загарэліся недзе гумны або нечы свіран, і, перад тым як закрычаць, трэба рынуцца гасіць... Раптам схапіўся ён рукою за ліпкі ад марозу зруб, усё роўна што заглядаючы, ці акуратна апусцілася туды вядро, адступіўся, назграбна і хістка, пачаў падаць і ўсё шырэй расстаўляць ногі. Ён крыху павярнуўся быў, намагаючыся выпрастацца, але паваліўся як падкошаны. Яго кідала вобземлю, невідочная сіла прыдушвала, знявольвала рукі, хапала за горла, з якога вылятаў жахлівы хрып...