Выбрать главу

Яна ўрэшце перайшла цераз вуліцу, яе элегантны крок загубіўся паміж кустамі скверыка, у напрамку новага квартала. У яе, напэўна, служанка, жыве ў другім канцы горада і даходзіць да працы ў дамоўленую гадзіну. Яна не пабаялася прыняць маладую і прыгожую служанку.

На вуліцы Сянкевіча — Валя. Спяшае, фігура нясвежая. Валін нос высах. Ёй трыццаць год, не выйшла замуж. Пры яе характары яна іначай ішла б, калі б вышла замуж, калі б мела мужа і дзіця, а, мабыць, многа дзяцей.

Астатні раз бачыў яе на заканчэнне навучальнага года ў сёмым класе. Адразу пазнаў яе і яна пазнала.

— Чэсць! — сказала хлопцаўскаю манераю.

— Чэсць! — адказаў і адразу падаў ёй руку. Яе рука цераз меру запацелая. Валя, напэўна, не выйшла замуж.

— Як жывеш? — Юрка глядзеў на Валю. Наўкола людская беганіна.

— Як гарох пры дарозе, — сказала. Так адказваюць дзяўчыны, якіх ўжо немагчыма нічым здзівіць.

Непрыемна гаварыць з такою.

— Дзе працуеш? — гэта другое найбольш зручнае пытанне. Далей невядома, аб чым гаварыць і пра што пытаць?

Яна сказала, дзе працуе.

— Дзе працуеш? — цяпер пытала яна.

Сказаў, дзе працуе.

— Прыгожы дзень, — сказаў.

— Люблю Белаеток, — сказала яна.

Яна любіць Беласток.

— Дзе жывеш? — запытаў яе.

Пачырванеў. Паціху лаяў сябе, не ўмееш гаварыць і ўвогуле нашто завёў усю гэту размову.

— Далёка, — адказала яна. — Шукаю кватэры бліжэй цэнтра.

— Цяжка з кватэрамі ў цэнтры.

— Бацькі збіраюцца перавозіць хату з вёскі ў Беласток.

Безнадзейная справа. Яна разумела, што такія планы бацькоў канчаюцца на планах. Нікуды яны не паедуць ад гаспадаркі.

— Мае таксама збіраліся, — падтакнуў ёй. —-Нават вышукаў пляц на Дзесяцінах, за чыгункаю.

Загаварылі аб другім.

— Кіроўнік даваў мне аванс, але я не захацела.

— Чаму не захацела?

— Прызвычаілася да сваёй работы, працую восем год.

— Ну, і што з таго?

— Не захацела, там больш работы, а аванс мала большы ад цяперашняй платы.

Так кажы адразу, дзеўка, падумаў аб ёй. Яна стаяла неспакойная, яе ногі ў танных туфлях вытанцоўвалі нейкі збаранелы рытм. Ногі любяць танцаваць, а вочы разглядацца невядома куды і чаго. Яна пайшла.

Сказала:

— Ну, то чэсць.

— Чэсць.

— Трымайся, — сказала.

Ёй трыццаць год, а гаворыць, як бы ішла на выпускны экзамен — на матуру. Так ёй хочацца. Што ёй больш засталося, нічога ёй больш не засталося.

У гандлёвы дом зайшоў Федзька, яго фізіяномія, як у матацыкліста, які не можа дастаць патрэбнай запасовай часткі. На вуліцы Весялоўскага Ніна ў цёмных акулярах. Ніне хтосьці адабраў прыгажосць. Што яна робіць у Беластоку? Чаму не ў Катавіцах, дзе, здаецца, вучылася ў інжынерскай школе. Не выглядае на праезджую, у руцэ сетка, у сетцы нешта ў паперы, нешта круглае. Капуста, купіла галоўку капусты на абед, мо на некалькі абедаў.

На рондзе, насупраць «Асторыі», затарахцеў міліцыйны матацыкл з прычэпаю, на прычэпе белыя літары «МО», за літарамі сядзіць Вадзім. Капрал Вадзім, капрал міліцыі. У вялікіх акулярах. З Вадзімам сядзеў на адной лаўцы. Ён заўсёды моцна ўдараў мячом падчас гульні «ў два агні», і ўсім вельмі спадабалася гэтакая назва гульні, якую прынёс аднекуль Вадзім.

Зноў прамаячыў уздоўж вуліцы Юзік. У яго сёння шмат часу, ён відаць, хварэе і пасылаюць яго ад спецыяліста да спецыяліста. Вось зноў вельмі прыгожая і вельмі элегантная жанчына. Дзіўна, але вельмі прыгожыя і вельмі элегантныя — вельмі падобныя. Нават з твару. Мо такая раса? Глупствы пляту. Чым магла б быць брыдчэйшая, скажам, Ніна або Валя? Інакш пакіравала імі жыццё.

Прышла думка аб старасці. За пятнаццаць, а мо дзесяць год ужо старасць. Старасць. У скверыку стары чалавек, грэецца на сонцы і не разглядаецца. Ад яго пацягнула непатрэбшчынаю. А дзень ясны, сонечны.

Паглядзеў на гэтага старога і больш не пайшоў шпацыраваць на сярэдзіну Рынку Касцюшкі, дзе музей і шмат пустога месца.